Лінкі ўнівэрсальнага доступу

• Якія магчымасьці навучаньня і працаўладкаваньня для інвалідаў?


Іна Студзінская, Менск Тэма грамадзкага рэдактара тыдня Дар’і Ліс Як інваліду атрымаць адукацыю, калі не заўсёды ёсьць магчымасьць фізычна наведваць заняткі, нават прыяжджаць на залікі і іспыты? Наколькі разьвітая ў Беларусі сыстэма дыстанцыйнага навучаньня? Як потым уладкавацца на працу?

Паводле заканадаўства, інваліды маюць ільготы пры паступленьні ў ВНУ: па-за конкурсам (акрамя спэцыяльнасцяў "міжнародныя адносіны", "правазнаўства", "мэдыка-фармацэўтычны", а таксама дзе конкурс больш за 5 чалавек) пры 6 балах ў атэстаце па прадметах уступных іспытаў залічваюцца інваліды I і II групы, дзеці-інваліды. У сярэдніх спэцыяльных навучальных установах летась навучалася 1200 інвалідаў, у вышэйшых – каля 2000. Вышэйшую адукацыю маюць каля 10% інвалідаў.

У прынцыпе, калі чалавек вельмі хоча атрымаць адукацыю, зрабіць гэта ён можа. Магчыма, не зусім тыповы прыклад – Данута Лебедзева, якой шанцавала на добрых людзей.

Нарадзілася ў вёсцы Пятрылавічы Стоўбцаўскага раёну. У раньнім дзяцінстве дзяўчыне паставілі дыягназ остэагенэз, недахоп кальцыю, ад гэтага – частыя пераломы ног. А бліжэйшая школа была ў суседняй вёсцы, у пяці кілямэтрах. Бацькі вырашылі адправіць Дануту ў Івянецкую спэцшколу-інтэрнат:

“Безумоўна, вельмі хацелася быць дома, але я вельмі ўдзячная лёсу, што прайшлі тыя гады менавіта там. Бо там мы праходзілі сапраўдныя “жыцьцёвыя ўнівэрсытэты”, там мы вучыліся жыць, і там былі вельмі сур’ёзныя патрабаваньні да вучняў”.

У 1989 Данута паступіла на філялягічны факультэт пэдунівэрсытэту, на завочнае аддзяленьне. На трэцім курсе выйшла замуж, нарадзіла сына. Пайшла ў акадэмічны адпачынак. Але пасьпяхова скончыла ўнівэрсытэт. Зразумела, што пры ўсёй любові да дзетак і ведах выкладаць у школе ня зможа. Хацела набраць гурток дзяўчынак і вучыць іх вязаць на прутках, кручком. Прыйшла ў аддзел адукацыі Ленінскага раёна з такой прапановай. Але тагачасная загадчыца райАНА Марыя Ўладзімераўна Сарока параіла тэрмінова атрымаць другую спэцыяльнасьць: ім патрэбны псыхоляг на тэлефон даверу. На факультэце перападрыхтоўкі была толькі вочная форма навучаньня.

“Вучыліся мы ў другую зьмену, і мяне спачатку муж вазіў на вазку на заняткі. Потым брат на машыне вазіў. Урэшце я атрымала дыплём псыхоляга, пачала працаваць на тэлефоне даверу ў сябе на даму. Паралельна арганізавала гурток “Празь церні да зорак”, дзе мне хацелася паказаць дзеткам-інвалідам, што ўсё магчыма ў гэтым жыцьці, ня трэба адчайвацца, трэба прыняць тое, што ты маеш, разглядзецца, што ты можаш, паціху ўздымацца па прыступачках крыху далей. Сёньня ты здолела закончыць курсы, заўтра заканчвай другія, толькі не рабі гэтага застою ў сваёй душы”.

Другі прыклад – Сяргей Гайковіч, які працуе спартовым аглядальнікам “Рэгіянальнай газэты” у Маладэчне. Нарадзіўся ў пасёлку Чысьць. Настаўнікі вучылі яго дома, прычым, вельмі сур’ёзна да гэтага ставіліся, за што Сяргей ім вельмі ўдзячны. Паступіў на мэхмат БДУ:

“Выбіралі ВНУ па прынцыпу, каб было забясьпечана безбар’ернае асяродзьдзе. Выбралі БДУ, менавіта там у мяне праблем не ўзьнікла, я мог дабірацца на любы паверх, заяжджаць у любую аўдыторыю. На першым курсе на машыне ў Менск мяне вазіў тата на машыне на ўсе лекцыі (браў адпачынак на працы), потым езьдзілі толькі на залікі і экзамэны”.

Вышэйшая адукацыя дае перш за ўсё кругагляд, сыстэматызуе веды, лічыць Сяргей. Ён знайшоў сябе ў спартовай журналістыцы. Дапамагаюць тэлефон і кампутар. Сяргей дае такія парады іншым людзям з абмежаванымі магчымасьцямі:

“Калі я вучыўся яшчэ ў школе, мяне не шкадавалі ў пляне вучобы. Трэба вельмі сур’ёзна ставіцца да людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, гэтак жа сур’ёзна, як і да здаровых людзей. І патрабаваць, каб да цябе сур’ёзна ставіліся. Калі ў цябе фізычныя магчымасьці абмежаваныя, трэба выбіраць разумовую працу. І самае галоўнае – рабіць тое, што ты любіш. Я люблю спорт. Я знайшоў сябе ў спорце як журналіст”.

І Сяргею Гайковічу, і Дануце Лебедзевай пашанцавала – дапамаглі блізкія людзі. Што рабіць тым, каму застаецца спадзявацца толькі на сябе? Выйсьце – дыстанцыйная адукацыя. Але для гэтага патрэбны кампутар. Да таго ж, распрацаваныя праграмы, якіх пакуль не хапае. Данута Лебедзева лічыць, што тут самі інваліды, якія атрымалі вышэйшую адукацыю і нават навуковую ступень, могуць дапамагчы:

“Пры цяперашніх тэхналёгіях вельмі прашу Міністэрства адукацыі: навучыце мяне, іншых ствараць дыстанцыйныя курсы навучаньня праз кампутар. Мы зможам атрымаць адукацыю. Мне здаецца, гэта магчыма”.

Камэнтар грамадзкага рэдактара тыдня Дар’і Ліс:

“Вельмі важна (і для здаровага чалавека, і для хворага) атрымаць добрую адукацыю і рэалізавацца ў жыцьці як прафэсіянал. Калі ты рухаесься на вазку, усё ўскладняецца: школа на даму, вышэйшая адукацыя пад пытаньнем. Чаму? Таму што нашыя ўнівэрсытэты – гэта бясконцыя прыступкі і адсутнасць ліфтаў у патрэбным месцы. Студэнту і ягоным бацькам, хочаш ня хочаш, а даводзіцца быць героямі. Магчыма, ёсьць прыемныя выключэньні, але я не сустракала.

Выйсьцем хіба дыстанцыйнае навучаньне. У Беларусі гэтая зьява толькі-толькі распачынаецца. Пакуль можна казаць адно пра завочную адукацыю з элемэнтамі дыстанцыйнасьці.

Праўда, варта нагадаць пра магчымасьць атрымліваць дыстанцыйнае навучаньне ў ЭДУ – пэрспэктыўны накірунак. Аднак пасьля яго (“апазыцыйнага”!) паспрабуй дзе затым уладкавацца… Тым больш людзям з абмежаванымі фізычнымі магчымасьцямі.

Зразумела, ня кожны здольны навучацца дыстанцыйна, без асабістых (рэальных) кантактаў з выкладчыкамі і аднакурсьнікамі. Сябе адношу да менавіта такой катэгорыі.

У любым выпадку, інваліду-калясачніку (і яго сям’і) варта вельмі сур’ёзна паставіцца да выбару будучай прафесіі і магчымасьці прымяніць у жыцці атрыманыя веды”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG