Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 16 лістапада


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

Інтэрнэт-дзёньнік Фотаграфаманства беларускага фатографа Ксеніі Авімавай прызнаны найлепшым на міжнародным конкурсе The Best of Blogs, арганізаваным “Нямецкай хваляй”. Па выніках галасаваньня журы зь перавагай у адзін голас беларускі блог абышоў амэрыканскі TechPresident, прысьвечаны будучым прэзыдэнцкім выбарам у ЗША. Вось што апавяла “Свабодзе” сама пераможца конкурсу:

Авімава: “Для мяне гэта сапраўды было вельмі вялікай нечаканасьцю, вельмі прыемнай, бо я ня думала, што мог блог абяруць у якасьці найлепшага блогу паводле вэрсіі “Нямецкай хвалі”. На сайце конкурсу зладзілі галасаваньне для карыстальнікаў. Я ведаю, што за мяне галасавалі ня дужа актыўна, пагатоў, я ўжо ня думала, што журы, якое складаецца зь вядомых блогераў і журналістаў, гэтак высока ацэніць мой блог”.

На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць выказваньні Аляксандра Лукашэнкі, які лічыць, што (цытую) “иждивенческие настроения” ў грамадзтве трэба спыніць. Сёньня на нарадзе, прысьвечанай пытаньням дзяржаўнай падтрымкі насельніцтва, ён заявіў, што дзяржава ня будзе траціць грошы на неабгрунтаваныя льготы і прывілеі. Меркаваньні ўдзельнікаў форумаў:

“...падтрымліваючы аднаго, забіраем гэтыя грошы ў іншага грамадзяніна...” Выдатна! Дык што, значыцца, зьнізім падаткі? Было б лягічна, але ўлада лёгіцы не паддаецца”.

“Тут трэба вызначыцца. Альбо мы сацыяльна арыентаваная дзяржава, альбо адмяняем льготы. Калі мы выбралі другое, то ня трэба штодня трубіць пра “нягледзячы ні на што, краіна будзе прытрымлівацца сацыяльнага курсу”.

“Палова сярэдняй стыпэндыі незабытай студэнцкай моладзі пойдзе на праязны”.

“Я заўсёды шчыра і адкрыта кажу пра тое, што ня будзе разбазарваньня грашовых сродкаў на неабгрунтаваныя льготы і прывілеі”. Дык можна спадзявацца, што ты болей ня будзем укладваць грошы ў дэгенератыўную сельскую гаспадарку? Ці не?”

Аляксандар Брэчак у сваім блогу разважае пра эфэктыўнасьць санкцыяў ЗША ў дачыненьні да прадпрыемстваў беларускага канцэрну “Белнафтахім”. На думку блогера, заблякаваныя ў ЗША рахункі гэтых прадпрыемстваў ня зробяць беларускі рэжым больш дэмакратычным: “Так было з Кубай, з Паўночнай Карэяй, зь Іранам, Іракам і мноствам іншых краінаў. Эфэкт заўсёды быў адзін і той самы – як толькі Вашынгтон у аднабаковым парадку спрабуе “пакараць” нейкую “вінаватую” краіну, дык адразу рэжым у гэтай краіне робіцца яшчэ больш рэпрэсыўным, а на “амэрыканскі бізун” з аднаго боку зьяўляецца нечы “пернік” зь іншага. І выглядаць гэты “пернік” можа зусім не кандытарскім вырабам фірмы “ЕММА”, а суровым апэратыўна-мактычным ракетным комплексам “Іскандэр”... Нешта падобнае і адбываецца цяпер ва ўзаемаадносінах паміж ЗША і Рэспублікай Беларусь”.

Блогерка _katusha_ піша ў сваім сеткавым дзёньніку: “Гісторыю з закрыцьцём duty-free shops усе памятаюць, слушна? З намёкамі ўсё ж зноў адчыніць іх хаця б на тэрыторыі аэрапорту? На тэрыторыі Нацыянальнага Аэрапорту “Менск” адчынілася крама Гандлёвага Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Дыпмаркет”. У ім прадаюцца беларуская гарэлка, беларускае піва, беларускі шакаляд і беларускія сувэніры. Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG