Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Давыдзька засумняваўся ў бел-чырвона-белым сьцягу?


Уладзімер Глод, Менск Сёньня Палата прадстаўнікоў унесла зьмены ў шэраг законаў, якія тычацца правядзеньня масавых мерапрыемстваў і супрацьдзеяньня экстрэмізму. Гэта ініцыятывы Міністэрства ўнутраных справаў і КДБ.

Масавыя мерапрыемствы цяпер заканадаўча забаронена арганізоўваць “арганізацыям, дзейнасьць якіх прыпыненая адпаведна заканадаўству”.

Сярод палітычнай апазыцыі пад гэтую забарону ўжо трапляе Партыя камуністаў беларуская, дзейнасьць якой Міністэрства юстыцыі прыпыніла на шэсьць месяцаў.

Сакратар ЦК ПКБ Валер Ухналёў гаворыць, што апошнім часам ад імя партыі ніякіх афіцыйных акцыяў не праводзіцца:

“Мы заяўлялі Сацыяльны марш ад фізычных асобаў. Я, прынамсі, быў адным з заяўнікаў. Але партыйнай сымболікі на марш мы не выносілі, карысталіся лёзунгамі. А нашы камуністы ўдзельнічалі ў акцыі як грамадзяне Рэспублікі Беларусь.

У нас ёсьць правы, якія гарантаваныя Канстытуцыяй. І гэта незалежна ад таго, у якой партыі мы знаходзімся, ці наагул беспартыйныя”.

Цікаўлюся ў суразмоўцы: ці цяжэй арганізоўваць акцыі ў статусе фізычных асобаў?

“Канечне, канечне. А для чаго ж забарона такая? Каб стварыць штучныя, і як мага больш, перашкоды для таго, каб партыі маглі працаваць”.

Ад заяўнікаў масавых акцыяў цяпер будуць абавязкова патрабаваць, каб яны пацьвердзілі, што зьяўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь і дасягнулі 18-гадовага ўзросту.

Раней, як казаў з трыбуны міністар унутраных справаў Навумаў, гэтага не рабілі, таму часам узьнікалі розныя калізіі.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч сьцьвярджае, што сябры партыі заўжды сур’ёзна ставіліся да падачы заявак:

“Шчыра кажучы, мне вельмі дзіўна, што гэта толькі прымаецца. Я быў перакананы, што заяўкі на мітынг могуць падаваць толькі паўналетнія, толькі грамадзяне Беларусі. Не было такога выпадку, каб прадстаўнікі дэмакратычных сілаў адыходзілі ад гэтага”.

Сёньня ж заканадаўства ў гэтай сфэры ўпершыню дапоўнілі артыкуламі “За падрыхтоўку, захаваньне, ужываньне і распаўсюд нацысцкай, фашысцкай і падобнай да яе сымболікі і атрыбутыкі”. Яна будзе канфіскоўвацца, а вінаватых будуць караць штрафам ад 10 да 250 базавых велічыняў.

У законе, аднак, не прапісанае вызначэньне гэтай сымболікі і атрыбутыкі, няма ўзораў.

Старшыня КДБ Юры Жадобін сказаў дэпутатам, што такую сымболіку будуць вызначаць спэцыяльныя экспэрты.

З гэтай нагоды дэпутат Генадзь Давыдзька, былы дырэктар Купалаўскага тэатру, пацікавіўся:

“А вось, прыкладам, бел-чырвона-белы сьцяг. Ён ня лічыцца экстрэмісцкай альбо нацысцкай сымболікай?”

На што старшыня КДБ адказаў:

“Мы гаворым аб фашысцкай сымболіцы і нацысцкай сымболіцы. А не пра...”

Віктар Івашкевіч лічыць, што фашызму і нацызму трэба ставіць перашкоды:

“Быццам усё гэта слушна. Але насамрэч усё залежыць ад законапрымяненьня — як заўсёды. Таму сама невыразнасьць гэтага хавае ў сабе парушэньні правоў”.

• Экстрэмізм у онлайне і офлайне, 16.08.2007 • Палата прадстаўнікоў прыняла закон “Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму”, 11.11.2006
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG