Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дзень салідарнасьці моладзь нагадае пра палітвязьняў і зьніклых


Любоў Лунёва, Менск Беларускія студэнты, якія вучацца за мяжой, у Дзень салідарнасьці насупраць будынкаў беларускай амбасады традыцыйна запальваюць сьвечкі пры партрэтах беларускіх палітвязьняў і зьніклых — Юр’я Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага. У Менску маладзёны а восьмай вечара будуць маліцца каля кляштару бэрнардынаў за гэтых людзей і за лепшы лёс народу.

Сёньня некалькі дзясяткаў сяброў розных моладзевых арганізацыяў дэмакратычнага руху а 8-й вечара правядуць сумесную малітву каля былога кляштару бэрнардынаў на вуліцы Кірыла і Мятода ў Менску.

Традыцыйна ў гэты дзень запальваюць сьвечкі каля партрэтаў палітвязьняў і зьніклых апазыцыянэраў.

Намесьнік старшыні моладзевай арганізацыі Партыі БНФ Ільля Богдан апавёў “Свабодзе”:

“Мы зь сябрамі абавязкова традыцыйна прыйдзем увечары а восьмай да кляштару бэнардынаў, куды ўжо неаднаразова прыходзілі штомесяц 16-га чысла.

Запалім сьвечкі й будзем маліцца за лёс Беларусі, за тых людзей, якія цяпер знаходзяцца за кратамі, за нашых палітвязьняў, за нашу моладзь, якая сядзіць у турме.

Будзем прыгадваць тых людзей, якія засталіся з намі назаўсёды. Калі ўлада зьменіцца, мы павінны будзем высьветліць да канца, што ж насамрэч здарылася з гэтымі людзьмі”.

Нагадаем: акцыі салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьняў адбываюцца больш за два гады — штомесяц 16-га чысла.

Прычына нізкага ўдзелу – не ў абмежаванай інфармаванасьці, а ў самім грамадзтве

У першых акцыях, калі людзей заклікалі на пятнаццаць хвілінаў выключыць сьвятло й запаліць на вокнах сьвечкі, удзельнічалі ў асноўным грамадзка актыўныя людзі, якія пільна сочаць за інфармацыяй у інтэрнэце.

Арганізатары акцыі — Ірына Халіп, Мікіта Сасім і Ірына Красоўская — спадзяваліся, што акцыя набудзе агульнанацыянальны характар.

Але два гады запар у ёй удзельнічаюць у асноўным студэнты й школьнікі з моладзевых дэмакратычных арганізацыяў.

Былы палітвязень Мікола Статкевіч лічыць, што прычына не ў абмежаванай інфармаванасьці грамадзтва, а ў самім грамадзтве.

“Беларускае грамадзтва несалідарнае. Яго можна назваць грамадзтвам напалоханых індывідуалістаў. Урэшце, гэта грамадзтва тэлегледачоў, якое пабачыла за апошнюю сотню гадоў столькі неверагоднай жорсткасьці, крывадушша, здрады, бачыла, як зьнішчалі высокіх годных людзей. Таму гэтае грамадзтва пакуль, на жаль, ня здольнае выявіць салідарнасьць”.

Пікет ля беларускай амбасады ў Маскве разагналі

Сёньня ў Маскве некалькі актывістаў моладзевай антыфашысцкай арганізацыі “Оборона” ладзілі пікет каля будынку беларускай амбасады на знак салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі.

Пікет разагналі, а ўдзельнікаў акцыі затрымалі. Некалькі сяброў арганізацыі раней адбывалі арышты ў беларускіх турмах за ўдзел у вулічных акцыях беларускай апазыцыі. Гэта быў адзіны пікет каля беларускай амбасады ў замежжы, які ўлады загадалі разагнаць.

Акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі й зь сем’ямі зьніклых Віктара Ганчара, Ю’я Захаранкі, Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага прайшлі ва Ўкраіне, Швэцыі, Бэльгіі, Канадзе, ЗША, Польшчы, Эстоніі, Латвіі і Літве.

Моладзь увечары адзначыць Дзень салідарнасьці, 16.10.2007 Чацьвёра апазыцыянэраў выйдуць на волю ў Дзень салідарнасьці, 16.10.2007 Дзень салідарнасьці ў Менску прайшоў без затрыманьняў, 17.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG