Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка льготаў ня верне


Алесь Дашчынскі, Менск Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка правёў нараду ў справе дзяржаўнай падтрымкі насельніцтва. Ён назваў правільным рашэньне адмяніць сацыяльныя льготы і надалей аказваць толькі адрасную дапамогу.

На нарадзе абмяркоўвалі праект прэзыдэнцкага ўказу аб аказаньні сацыяльнай адраснай дапамогі. Аляксандар Лукашэнка даручыў дапрацаваць яго да 1 сьнежня й падаць на подпіс:

“Адразу хачу папярэдзіць, праект указу не павінен прывесьці да вяртаньня скасаваных ільготаў. Апошнім часам зашмат сталі разважаць, што льготы будуць у поўным аб’ёме кампэнсаваныя адраснай сацыяльнай дапамогай. Гэтага ня будзе”, — сказаў А.Лукашэнка.

Кіраўнік краіны заявіў, што трэба стварыць умовы, каб грамадзянін сам забясьпечваў сабе прыстойны ўзровень жыцьця:

“Каб чалавек адчуў, што забраўшы ў яго два гэтыя няшчасныя даляры ў сярэднім, а можа нават і меней, мы далі магчымасьць чалавеку зарабіць 5—10 даляраў дадаткова”.

Паводле А.Лукашэнкі, сродкі ад скасаваньня льготаў накіруюць дзецям: “На іх бясплатнае харчаваньне, а таксама на стварэньне сучаснай базы мэдычных установаў, на ўсебаковую падтрымку шматдзетных сем’яў”.

Кіраўнік Беларусі патлумачыў, што скасаваньне льготаў ня ёсьць нейкай змушанай мерай з-за складанай эканамічнай сытуацыі.

Аднак ён прызнаў, што праблемаў шмат. “Нам трэба знайсьці 2,5—3 мільярды даляраў, нам трэба выйсьці на станоўчае сальда замежнага гандлю”, — сказаў А.Лукашэнка.

Паводле эканаміста Канстанціна Скуратовіча, забраўшы льготы, кіраўніцтва краіны спрабуе стачыць канцы з канцамі:

“Грошай насамрэч няма, каб захаваць гэтыя льготы. Набралі ж крэдытаў, і сальда адмоўнае. Вось і латаюць. І ўсё, тут няма ніякай высокай палітыкі”.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч сказаў:

“Сыстэма саўковых ільготаў непатрэбная і шкодная. І сапраўды, людзям патрэбная адрасная дапамога. І гэта праўда.

Але пытаньне ў тым, што ўлады цяпер гэта робяць ня дзеля таго, каб пераразьмеркаваць гэтыя сацыяльныя выплаты, забраўшы ў людзей, якім гэта не патрэбна й аддаўшы людзям, якім патрэбна.

А дзеля таго, каб заткнуць дзірку ў бюджэце. І мы супраць гэтага, каб за кошт людзей улады выпраўлялі свае памылкі”.

23 траўня Палата прадстаўнікоў прыняла закон “Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорыяў грамадзянаў”. Гэты закон, які скасаваў шэраг ільготаў, уступае ў сілу 17 сьнежня. Праект указу прэзыдэнта меў кампэнсаваць некаторыя льготы.


Закон аб скасаваньні льготаў пачне дзейнічаць праз паўгоду, 23.05.2007 Каго канкрэтна пазбавілі льготаў?, 23.05.2007
XS
SM
MD
LG