Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ці ж можа адзін Лукашэнка за ўсім прасачыць, усё ўпільнаваць?”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Многія пэнсіянэры, інваліды, студэнты з трывогай чакаюць надыходу новага году, калі ў Беларусі адменяць амаль усе сацыяльныя льготы — на аплату праезду, лекаў, камунальных паслугаў…

Пра гэта пішуць у сваіх лістах і слухачы “Свабоды”.

З аднаго з такіх допісаў пачну сёньняшнюю размову. Даслаў яго наш даўні сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну:

“Нядаўна абвешчана, што да 1 сьнежня падвысяць пэнсіі. У сапраўднасьці ніякага падвышэньня ня будзе, усё гэта — хлусьня. Яны адабралі ад нас льготы, а каб людзі ня надта пратэставалі, кінуць пару капеек. Я ведаю іхныя дабаўкі — вывучыў за мінулыя гады дасканала, як свае пяць пальцаў.

Некаторыя радуюцца, хоць прычыны для гэтага — ніякай. Няхай параўнаюць свае новыя пэнсіі з коштамі ў крамах. Цэны ўвесь час растуць. Я лічу, што ў такіх умовах Сацыяльны марш варта было б праводзіць ня толькі ў Менску, а па ўсёй Беларусі.

Асабіста ў мяне былі льготы на праезд у аўтобусе і на лекі. Пакуль плачу толькі палову кошту, а што будзе пасьля 15 сьнежня?

Прэзыдэнт цяпер паўсюль шмат гаворыць пра нафту і газ, пра саюз з Расеяй. Гэта каб насельніцтва страціла пільнасьць і заціхла ў дрымоце. Але хутка надыдзе час, калі людзі самі ўбачаць, што згубілі праз сваю пасіўнасьць і няўдзел у пратэстах”.

Ня думаю, спадар Сац, што Аляксандар Лукашэнка адмыслова акцэнтуе ўвагу на нафце ды газе, каб не гаварыць пра льготы ды пэнсіі. Эканамічны рост апошніх гадоў, падвышэньне заробкаў і пэнсіяў у многім грунтаваліся якраз на танных расейскіх энэрганосьбітах, на магчымасьці за рынкавы кошт перапрадаваць паліва, вырабленае з расейскіх нафты і газу, заходнім спажыўцам.

А тое, што Беларусь апынулася ў новых эканамічных умовах, яе грамадзяне адчулі ўжо цяпер, яшчэ да таго, як іх пазбавілі льготаў. Цэны на харчаваньне апошнім часам растуць ледзь не штодня.

Ці ўплывае гэта на пратэставыя настроі ў беларускім грамадзтве? Мяркуючы па лістападаўскім Сацыяльным маршы — ня вельмі.

Пра тое, як на вёсцы ставяцца да ўлады і як рэагуюць на новыя эканамічныя рэаліі — ліст ад Пятра Леўчыка з Асіповіцкага раёну:

“У вас на “Свабодзе” часта можна пачуць цікавыя перадачы. Вось толькі дарэмна вы ва ўсім абвінавачваеце Лукашэнку. Ці ж можа ён за ўсім прасачыць, усё ўпільнаваць? Так, у раёнах і калгасах шмат карупцыі, крадзяжу, безгаспадарчасьці.

Многія начальнікі страцілі ўсялякі сорам: людзей трымаюць у чорным целе, плацяць няшчасныя капейкі. А самі будуюць палацы, дзяцей выпраўляюць на вучобу за мяжу, езьдзяць на шыкоўных машынах коштам 50 тысяч даляраў і даражэйшых.

Але ці Лукашэнка ў гэтым вінаваты? Ён жа ўсюды не пасьпее. Яму трэба ў кожным раёне мець такога чалавека, які быў бы цалкам адданы яму, які б за ўсім сачыў і не даваў нікому красьці.

Людзі бачаць несправядлівасьць, многія абураюцца. З гэтым трэба нешта рабіць. Лукашэнку варта было б добра прыціснуць некаторых мясцовых начальнікаў, каб астатнія баяліся. А то страх у іх апошнім часам зьнік: робяць што хочуць, і нікога не баяцца”.

Адданая прэзыдэнту Лукашэнку службовая асоба, якая за ўсім павінна назіраць і мае паўнамоцтвы караць любога начальніка за любыя злоўжываньні, ёсьць у кожным раёне, спадар Леўчык. Асоба гэтая — старшыня райвыканкаму, якога Аляксандар Лукашэнка асабіста прызначае на пасаду і можа з гэтай пасады ў любы момант звольніць.

У дэмакратычных краінах сыстэма мясцовай улады пабудавана па-іншаму. Людзі ў гарадах, мястэчках, вёсках, самі выбіраюць мэра альбо іншага кіраўніка рэгіёну, самі праз сваіх дэпутатаў кантралююць яго.

Страціць такі чалавек давер, пераблытае ўласную кішэню з грамадзкай, перастане рэагаваць на запатрабаваньні выбаршчыкаў — вельмі хутка страціць сваю пасаду (зноў жа праз справядлівыя дэмакратычныя выбары).

Чаму ў Беларусі ўсё па-іншаму? Гэта доўгая гісторыя. Успомніце, спадар Леўчык, рэфэрэндумы 1995-га і 1996 гадоў. Менавіта тады ўлада абвясьціла, што беларускія грамадзяне самі адмовіліся ад таго, каб выбіраць і кантраляваць мясцовых кіраўнікоў.

Праблема моўнай дыскрымінацыі ў Беларусі хвалюе нашага слухача Аляксандра Рудзьмана са Смалявічаў:

“Ці існуюць якія законы, што абараняюць нацыянальную годнасьць беларуса ў Беларусі? Ніякі люты акупант не стварыў такой духоўнай прыгнечанасьці, як свая ўлада, што лічыцца беларускай. Калі гаворыш па-беларуску, дык на кожным кроку адчуваеш да сябе пагарду ды чуеш вокрыкі: “Гавары па-рускі, я цябя не панімаю!”

І калі ў міліцэйскім пратаколе пішуць: “Ішоў па вуліцы ды нецэнзурна лаяўся”, дык разумей: “Размаўляў па-беларуску”.

Я вось неяк пытаю ў кнігарні каляндар на беларускай мове “Родны край”, а на мяне як на сабаку: “Нету! Ходзіце тут, беларускае вам нада!” Потым я вельмі ўсьцешыўся, калі каляндар на 2007 год усё ж знайшоў. Спытаўся: “Ну, што, ніхто яго не бярэ?” У адказ — маўчаць.

Я тады ня ведаў, што ўлада ўжо рыхтавалася спыніць выданьне каляндара “Родны край”. З 2008 году яго ўжо ня будзе.

Упэўнены, што дзе-небудзь у цэнтры Расеі ніхто не папракаў бы мяне за маю мову, а намагаўся б зразумець. Не разумеюць беларусаў на нашай зямлі”.

У выдавецтве “Беларусь”, якое рыхтавала каляндар, спасылаюцца на тое, што ён нібыта стаў нерэнтабэльным: да 20% накладу, сьцьвярджаюць, не раскупляецца.

Летась надрукавалі 7000 асобнікаў, зь якіх 1500 не прадалі. Між тым, многія работнікі кнігарняў кажуць, што каляндар людзі куплялі ахвотна. А каб не было праблемаў з продажам, яго проста трэба своечасова выпускаць і рэклямаваць.

Дадам да гэтага: вяртаньне з шапікаў нераспрададзеных дзяржаўных газэт дасягае часам 50 працэнтаў. Але чамусьці ніхто з чыноўнікаў не вядзе размовы пра тое, што на гэтай падставе трэба спыніць іхнае выданьне.

Наш слухач Юрай Шпак-Рыжкаў зь Менску у сваім лісьце распавёў, як дыскутаваў з кіраўніцтвам Менскага хлебазаводу №3 наконт назваў некаторых гатункаў хлеба. У прыватнасьці, вялікія прэтэнзіі ў слухача да назвы хлеба “Барадзінскі”:

“Не знайшлося для хлеба з каляндраю іншага назову, апроч гэтага. А ён жа нясе нэгатыўны мэсыдж. Рэч у тым, што Барадзінскае пабоішча было для нашых продкаў братазабойчым.

З аднаго боку, умацаваньні расейскіх акупантаў абараняліся гвалтоўна рэкрутаванымі ліцьвінамі. На баку ж Напалеона, які дэкляраваў нашай дзяржаве вызваленьне, цэлымі палкамі ваявалі ліцьвіны-добраахвотнікі.

І першыя, і другія акупанты ахвяравалі менавіта нашымі часткамі. Таму “Барадзінскі” хлеб для беларусаў гучыць як хлеб “Памінальны”. А хочацца нечага сьвяточнага ці папросту зразумелага, што не выклікае складаных асацыяцыяў. Напрыклад: “Золак”, “Сьвітанак”, “Ранак”, “Ласунак”.

Дырэктар хлебазавода №3 Пётар Сталяроў адказаў слухачу, што хлеб “Барадзінскі” — своеасаблівая візытоўка прадпрыемства: гэты гатунак менскія хлебапёкі вырабляюць ужо больш за трыццаць гадоў. І назва хлеба, піша дырэктар, “у большасьці спажыўцоў асацыюецца з сапраўдным чорным хлебам, вырабленым паводле клясычнай тэхналёгіі, а не з падзеямі далёкай вайны”.

Не задаволены адказам дырэктара заводу, Юрай Шпак-Рыжкаў напісаў нам на “Свабоду” і пераказаў гэтую гісторыю.

Наўрад ці, спадар Шпак-Рыжкаў, вам варта лічыць гэты факт праявай вялікадзяржаўнага шавінізму ды ўціску беларушчыны. Назва хлеба “Барадзінскі” — вядомы гандлёвы брэнд, да якога прывыклі многія пакаленьні савецкіх людзей.

Рэцэптура гэтага хлеба была зацьверджаная маскоўскімі наркаматамі яшчэ ў 1937 годзе. Натуральна, вытворцы ў многіх постсавецкіх краінах цяпер трымаюцца за гэтую назву, паколькі яна ўплывае на аб’ёмы продажаў.

Але ў пэрспэктыве яна наўрад ці затрымаецца ў Беларусі. І зусім не з палітычных ці моўных прычынаў. Згадайце, як зусім нядаўна маскоўскія кандытары адабралі ў беларускіх калегаў савецкія назвы цукерак “Алёнка”, “Мішка на Поўначы”, “Грыльяж”…

Раней гэта ж адбылося з папулярнымі гатункамі гарэлкі “Сталічная”, “Маскоўская”, “Пшанічная”. Расейскія вытворцы проста запатэнтавалі гэтыя назвы, як сваю інтэлектуальную ўласнасьць, і прапанавалі іншым купляць у іх патэнт і плаціць за выкарыстаньне папулярнага брэнду. Думаю, недалёка той час, калі такая ж гісторыя здарыцца і з хлебам “Барадзінскі”.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG