Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званок на Свабоду: “Навошта Беларусі расейскія ракеты?”


Радыё Свабода Агляд званкоў на Свабоду за пятніцу, 16 лістапада Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз. Пераможцу абвяшчаем штонядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкі на Свабоду”. Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

Беларусь атрымае па льготных цэнах расейскія ракетныя комплексы “Іскандэр” — пра гэта паведаміў прадстаўнік Міністэрства абароны Беларусі Міхаіл Пузікаў.

Ракетны комплекс “Іскандэр” мае далёкасьць паражэньня 200 кілямэтраў, можа несьці касэтныя, аскепкавыя і фугасныя баявыя часткі. Рэакцыя Захаду ня яго разьмяшчэньне можа быць вострай.

Пытаньне нашага слухача:

Волюсь, Гомель: “Хачу запытацца, для чаго Беларусі расейскія ракеты. Што, у Расеі малая тэрыторыя?! Альбо будзем зноў патураць ваяўнічым дзеяньням Расеі? Не — удзелу Беларусі ў ваяўнічых гульнях Расеі, якія супярэчаць бясьпецы Беларусі і яе незалежнасьці”.

Тэлефанаваньне камэнтуе намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Ўладзімер Нісьцюк:

Нісьцюк: “Са слухачом можна пагадзіцца ў тым, што на тэрыторыі Беларусі знаходзяцца вельмі моцныя вайсковыя часткі. Але гэта не ракеты. Апошняя ракета сышла зь Беларусі ў 1996-м.

Цяпер тут знаходзяцца толькі часткі, якія забясьпечваюць сувязь з падводным флётам Расеі й забясьпечваюць выведку пускаў ракетаў з розных пунктаў Зямлі.

Гэтыя два аб’екты зьяўляюцца вельмі небясьпечнымі. Патэнцыйны праціўнік Расеі лічыць гэтыя аб’екты перашачарговымі для паражэньня. Таму павінен надысьці час, каб гэтае пытанье вырашылася так: на тэрыторыі Беларусі павінны быць вайсковыя аб’екты, якія належаць нашай краіне”.

Тэндэр на пастаўку абсталяваньня для будаўніцтва беларускай АЭС будзе абвешчаны да канца 2008 году. Пра гэта паведаміў 15 лістапада намесьнік дырэктара прадпрыемства “БелНДПІэнэргапрам” Уладзімер Баброў.

Цімох з Чавускага раёну на нумар 391-22-24 даслаў нам СМС-паведамленьне:

“Пратэстую супраць будаўніцтва АЭС. Гэта простая пагроза здароўю й жыцьцю маіх дзяцей і ўнукаў. У нас у вёсцы і так 5 кюры на квадратны кілямэтар, а да пляцоўкі Чырвоная Паляна ўсяго 15 кілямэтраў. Але ж уладам да здаровых людзей няма ніякай справы”.

Працягнем праграму такімі тэлефанаваньнямі:

Іван Нелукашоў: “Адказваю на пытаньне тыдня: што трэба зрабіць, каб беларус мог свабодна езьдзіць у Эўразьвяз. Трэба адпавядаць прынцыпам гэтай структуры, сапраўды выконваць дванаццаць патрабаваньняў.

Але пры выкананьні іх губляецца ўлада Лукашэнкі і яго асяродзьдзя — дый адказваць прыйдзецца за дзяржаўныя злачынствы. Але каб беларусам езьдзіць у Эўразьвяз, трэба самім стаць эўрапейцамі, але бязь сёньняшняга кіраўніцтва”.

Шаноўныя слухачы, апошнім часам мы атрымліваем шмат паведамленьняў, у якіх вы гаворыце пра якасьць прыёму праграмаў “Свабоды”.

Міхаіл Леках, доктар тэхнічных навук, Рыга: “Што трэба зрабіць, каб прымаць як сьлед? Трэба купіць новы лічбавы прымач, і яго разумна наладаваць.

На сёньняшні дзень я прымаю перадачы на сваім лічбавым прымачы ў любы час, калі трансьлюецца Беларуская служба Радыё Свабода. Спадарства, купляйце прыстойныя прымачы і акуратна працуйце, усё вы будзеце чуць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG