Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Верамейцам прапанавана “на асфальце лавіць папутку”


Віталь Сямашка, Верамейкі, Чэрыкаўскі раён Сёлета ўлетку ў чэрыкаўскай вёсцы Верамейкі адбыліся выступленьні сялянаў. Іх абурыла плянаваная перадача тамтэйшага сьвінакомплексу Магілёўскаму камбінату хлебапрадуктаў. Паводле новых гаспадароў, неўзабаве мела адбыцца скарачэньне вытворчасьці і, адпаведна, кадраў. Тады жывёлагадоўцы адстаялі свае правы, гаспадарка засталася самастойная. Аднак ці надоўга?

У размове са мной дырэктар сьвінакомплексу Анатоль Капашылаў апэляваў лічбамі на карысьць нібыта ўздыму комплексу:

“Рост вытворчасьці 123%. У мінулым годзе 30 тысяч пагалоўе, сёньня ў мяне 39 тысяч. 421 тысяча заробак. Даўгі – з 14 мільярдаў у мяне засталося тры. Вы ж не слухаеце кіраўніка, а слухаеце нелегальную газэту і нефармалаў!”

Цягам году сэрыю артыкулаў пра сытуацыю ў Верамейках друкавала крычаўская міжраённая незалежная газэта “Вольны горад”. Тэлефаную аўтару Мікалаю Гердзію. Ён, дарэчы, раней 10 гадоў працаваў намесьнікам старшыні райвыканкама.

“Ніводзін з фактаў Капашылаў не абскардзіў і не спрабаваў, – гаворыць Мікалай Гердзій. – Яшчэ 19 красавіка падпісаў загад, паводле якога працоўныя пазбаўленыя даплат “у сувязі зь цяжкім фінансавым становішчам”. Працоўныя падпісалі ліст на імя Ломаця. Два месяцы ішла праверка Камітэту дзяржкантролю, была – цытую – “выяўлена маса парушэньняў”. Усё пагалоўе закладзена за кармы... Туды былі ўваленыя шалёныя грошы, і каб ён хоць крыху не палепшыў становішча, яму не было б чаго там рабіць!”

Далей накіроўваюся ў Верамейкі, каб даведацца меркаваньні тамтэйшых. У адрозьненьне ад дырэктара, людзі кажуць пра далейшы развал гаспадаркі, цяжкасьці з працаўладкаваньнем. Пэнсіянэрка Людміла Шарабурка:

“Вельмі хітра: спачатку скароцім аўтобус для рабочых з Чэрыкава, іншым не падоўжым кантракту. Пасьля – адмена 5-6 кіляў мяса, што давалі рабочым, затрымка і скарачэньне заробку. І людзі сталі звальняцца. Нікога ня бралі. І сусед выконвае працу і сваю, і іншага за тыя ж грошы. Ня хочаце – “на асфальце лавіце папутку...”

Старшыню яшчэ ўлетку створанага страйкаму 30-гадовым Раману Раждзественскаму сёлета не падоўжылі працоўнага кантракту. Былы апэратар па перагоне жывёлы, сябра БСДГ цяпер змушаны шукаць іншай працы.

“Ніхто не паклапаціўся мадэрнізаваць тое, што мелі, забясьпечыць насельнікаў працоўнымі месцамі, – расказвае Раман Раждзественскі. – Зьвярнуліся ў выканкам. Прыяжджала Марыя Шангельская, намесьніца старшыні: маўляў, ёсьць магчымасьць уладкавацца ў Чэрыкаве, хоць квіток туды і назад каштуе 5 тысяч. Чэрыкаўская раёнка надрукавала “вакансіі” – балетмайстар, мастак, анэстэзіёляг. Гэта аўтаматычна прымушае людзей зьяжджаць адсюль на заробкі ў “братнюю” Расею, якая прымае нас як рабочых скатоў...”

Раман ведае, пра што гаворыць – сам быў ледзь не забіты пры разьліку ў Расеі, куды меў спакусу падацца гастарбайтэрам. Сёньня “нефармальны”, па словах дырэктара комплексу, лідэр верамейцаў разам з паплечнікамі думае стаяць на сваім:

“Магчымасьць сацыяльнага выбуху ў Верамейках была і захоўваецца, калі дзейнае кіраўніцтва ня зьменіць палітыкі да сваіх сялянаў. Нам трэба карміць дзяцей. Ніхто ня можа прадбачыць, на што здольны галодны чалавек, даведзены да краю. Да тае пары, пакуль працоўныя будуць скардзіцца, бунтаваць, вэртыкальнікі вымушаныя будуць захоўваць прадпрыемства. Апусьцяць рукі – будзе проста ліквідаванае...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG