Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарвэскіх журналістаў цікавіла: што са свабодай слова ў Горадні?


Сяргей Астраўцоў, Горадня Учора ўвечары ў Горадні мясцовыя журналісты недзяржаўных СМІ сустрэліся з журналістамі і пісьменьнікамі з Нарвэгіі. Усяго гасьцей было сямёра, сярод іх генэральны сакратар Нарвэскага ПЭН-клюбу Карл Мортэн Івэрсэн і старшыня Нарвэскага саюзу аўтараў пісьменьніца Анна Отэргольм. У сустрэчы ўдзельнічаў таксама Алексіс Крыкар’ян – дырэктар аддзелу за свабоду выдавецкай дзейнасьці зь Міжнароднай асацыяцыі выдаўцоў з Жэнэвы.

Назаву напачатку астатніх журналістаў і пісьменьнікаў, якія наведалі Горадню. Гэта нарвэскі пісьменьнік Тэр’е Гольтэт Лярсэн, ягоны калега Пэтэр Норман Вааге, намесьнік старшыні Нарвэскага саюзу журналістаў К’етыл Гаанэс і Эва Стабэль, намесьніца старшыні Дацкага саюзу журналістаў. Гасьцей цікавіў стан газэтнага рынку ў Горадні, лёс закрытых выданьняў.

К’етыл Гаанэс сказаў, што ў праекце, прысьвечаным Беларусі, нарвэжцы цесна супрацоўнічаюць з Дацкім саюзам журналістаў ды іншымі скандынаўскімі суседзямі, і беларускае пытаньне заўсёды было для іх сярод важных. Яны таксама супрацоўнічаюць зь Беларускай асацыяцыяй журналістаў.

Мы пацікавіліся ў Алексіса Крыкар’яна: як, зь ягонага пункту гледжаньня, выглядае становішча зь незалежнымі мэдыямі ў Беларусі?

“Сытуацыя са свабодай выказваньня ў Беларусі гэткая, што яна блізкая да нуля, да поўнай яе адсутнасьці. І аб гэтым ужо заявілі многія міжнародныя арганізацыі. Разам зь імі мы неўзабаве падрыхтуем справаздачу, і ў мяне ствараецца такое ўражаньне, што рэйтынг Беларусі будзе вельмі нізкі – што да свабоды выказваньня”.

Што прымушае яго так думаць? – пацікавіліся мы ў Алексіса Крыкар’яна.

“Калі будзе прыняты новы закон, які патрабуе рэгістрацыі сайтаў як пэрыядычных выданьняў, то я ўпэўнены, што сытуацыя яшчэ пагоршыцца, у найлепшым выпадку проста будзе застой”.

А што цікавіць у Беларусі старшыню Нарвэскага саюзу аўтараў пісьменьніцу Анну Отэргольм?

“Я была тут тры гады таму і хацела даведацца, што памянялася ў Беларусі, – гаворыць Анна Отэргольм. – Я ня бачу асаблівых зьменаў, адзінае, што Расея больш не падтрымлівае Беларусі эканамічна. І мне цікава: што будзе, калі эканамічнае становішча зьменіцца?”

Спадарыня Отэргольм сказала, што яе таксама вельмі цікавіць беларуская літаратура, але так атрымалася, што дагэтуль ёй даводзілася кантактаваць толькі зь беларускімі журналістамі.

Адзін з арганізатараў сустрэчы Павал Мажэйка падсумаваў яе вынікі:

“Для мяне найбольш важна, каб сытуацыя са свабодай слова ў Беларусі знаходзілася ўвесь час пад пільнай міжнароднай увагай. І прыезд нарвэскіх журналістаў для нас вельмі рэальная магчымасьць непасрэдна пазнаёміць нашых калегаў і кіраўніцтва ўплывовых журналісцкіх арганізацыяў з той сытуацыяй, якая сёньня існуе ў Горадні менавіта са свабодай слова і перасьледам незалежных журналістаў”.

Горадня, 15.11.2007. Скандынаўскія пісьменьнікі і журналісты сустрэліся з гарадзенскімі журналістамі Скандынаўскія пісьменьнікі і журналісты на сустрэчы ў Горадні
XS
SM
MD
LG