Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці павінны правілы паводзінаў у школе тычыцца прыватнай сфэры?


Радыё Свабода, Менск 13-гадовую вучаніцу сярэдняй школы Мэскоўта (штат Ілінойс, ЗША) адміністрацыя навучальнай установы пакарала за тое, што яна абняла двух сваіх сябрукоў, калі разьвітвалася зь імі напярэдадні выходных. Кіраўніцтва школы спасылаецца на тое, што дзяўчына парушыла правілы, якія забараняюць паказваць свае пачуцьці на тэрыторыі навучальнай. Ці ёсьць правілы прыватных стасункаў у беларускіх школах?

Дзеці папросту імкнуцца быць падобнымі да кінагерояў

У Беларусі няма агульнага зводу правілаў паводзінаў вучняў. Кожная школа выпрацоўвае свой статут, які зацьвярджае пэдагагічная рада.

Завуч менскай школы №170 спадарыня Ларыса кажа, што кодэкс паводзінаў у школе, дзе яна працуе, не мае абмежаваньняў на прыватныя стасункі паміж вучнямі:

“Дзеці папросту хочуць быць падобнымі да герояў кінафільмаў. Нашы дзеці сапраўды, асабліва зранку, калі прыходзяць у школу – вітаюцца, цалуюцца прывітальна, асабліва дзяўчынкі, калі гэта хлопчык зь іх кампаніі, яны вітаюцца і зь ім. Гэта не беларуская традыцыя – яны гэта бачаць на тэлеэкранах і пераймаюць як культуру”.

Чалавечы фактар: нагода для скандалу ня толькі ў школе

16-гадовая Сьвятаяна Емяльянава распавядае гісторыю, якая здарылася з вучаніцай менскай школы №157. У гэтай школе Сьвятаяна раней вучылася.

Емяльянава: “Дзяўчынка ішла ў абдымку са сваім сябрам. Гэта пабачыў настаўнік, якія проста сыходзіў дахаты і ўчыніў натуральны скандал. Маўляў, цябе паставяць на ўлік, і гэтак далей – і на наступны дзень у школе гэты скандал працягваўся”.

Людміла Каршунова, настаўніца з Фаніпалю, кажа, што ніколі не сутыкалася з правіламі, якія б забаранялі навучэнцам школы праяўляць на тэрыторыі навучальнай установы пачуцьці:

“І блізка няма. І ходзяць, і абдымаюцца, і на тэрыторыі, і ў школе... Мне здаецца, гэта вельмі нармальна. Але ж невядома, якія абдымкі былі там – пацалункі ж ды абдымкі бываюць розныя...”

Забарона – ня плённы мэтад у выхаваньні

Ці ёсьць у школах правілы, якія рэглямэнтуюць пэрсанальныя стасункі вучняў? Дамо слова Івану Рупо, 16-гадоваму навучэнцу ліцэю №2 ў Менску:

“Я лічу, што ў нас такога няма. Я ў розных школах вучыўся, ніколі не сутыкаўся. Дапусьцім, бачыш ты пэўнага суб''екта супрацьлеглага полу, зь якім болей-меней знаёмы. Зайшоў, сказаў “Прывітаньне!”, чмокнуў у шчочку, вось і ўсё. Гэта можа быць і ў школе. І ніякіх нараканьняў з боку адміністрацыі не ўзьнікае”.

Завуч менскай школы №170 спадарыня Ларыса перакананая, што ўводзіць нейкія абмежаваньні, а менавіта забараняць сяброўскія пацалункі ці абдымкі – ня варта. Яна дзеліцца сваім досьведам:

“Мы назіраем... Калі нешта занадта, мы можам пагутарыць з бацькамі і выказаць свае заўвагі ў форме рэкамэндацыяў – але ў гэткай форме забароны, грубых заўвагаў – гэта недапушчальна”.
XS
SM
MD
LG