Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мачаны: “Купала і выпіць любіў, і пачаставаць прахожага”


Зьміцер Бартосік, Мачаны, Лагойскі раён Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Якая, напэўна, прыгожая была вёска Мачаны, пакуль навакольныя землі ня сталі раздаваць сталічным дачнікам.

Парослыя лесам лагойскія пагоркі, якія называюць беларускай Швайцарыяй, тут, у Мачанах, Швайцарыю зусім не нагадваюць. Паўсюль на пагорках, як маленькія крэпасьці, стаць падобныя двухпавярховікі.

Толькі адна старая мачанская вуліца сваімі натуральнымі драўлянымі, не пазбаўленымі форсу, дамкамі нагадвае пра недалёкую мінуўшчыну.

У самым прыгожым доме жыве сям’я патомных мачаноўцаў — былыя калгасьнікі, пэнсіянэры Мікола і Марыя. Людзі гасьцінныя й гаваркія.

в.Мачаны, Лагойскі раён

Мікалай: “Што наша вёска ўжо? Няма нашай вёскі. Засталіся апошнія героі й гераіні. Нашу зямлю разьдзялілі”.

Марыя: “Нам нават лямпачак не павесяць. Мы старыя. У нас так цёмна! Ні дэпутаты, ніхто нас не глядзіць”.

Мікалай: “У мяне пытаньні да ўладаў. Цяпер наводзяць чысьціню й парадак. Мы — за. Але пограб у мяне стаіць каля лесу. Прыйшло прадпісаньне ўбраць. А куды я ўбяру? Перад вайной за возерам хутар бацькаў быў. Там я нарадзіўся. Убраць пограб! А куды я яго прыбяру?”

Карэспандэнт: “А адкуль прыйшло такое прадпісаньне?”

Мікалай: “Зь сельсавету. А на сельсавет жа ціснуць зьверху”.

Карэспандэнт: “А чаму нельга там пограб трымаць?”

Марыя: “Красату наводзяць”.

Мікалай: “У лесе стаіць. Я ім даказваю, што калі будаваўся гэты пограб, там было поле. Гэта ж да вайны”.

Карэспандэнт: “А лямпачак чаму не ўкруцілі?”

Марыя: “Ужо другую зіму абяцаюць. Уключылі, як выбіралі прэзыдэнта. Перагарэлі хутка, і ўсё. Хоць ты звані на гарачую лінію. У мяне і дыплёмы, і граматы, і мэдалі — усё ёсьць. Як пайшла на пэнсію, мне далі на падарунак тысячу. А кіляграм карамэлек каштаваў чатырыста пяцьдзясят”.

Але неўзабаве да нашай кампаніі далучаецца яшчэ адзін былы калгасьнік, стары Іван. І гаворка заходзіць пра Янку Купалу.

Засьценак Прудзішча, які арандавалі паэтавы бацькі, знаходзіўся недалёка адсюль. А яшчэ Купала быў частым госьцем у маёнтку Казіміраўка, які належаў Уладзімеру Самойлу — знакамітаму беларускаму публіцысту, аўтару бліскучага эсэ “Гэтым пераможаш...”, чалавеку, які паспрыяў першай публікацыі Купалы.

Мікола: “З Купалам рыбу вудзіў мой бацька. Вось тут была рэчка да рэвалюцыі. Ён вудзіў рыбу і мне расказваў. Там нейкія сваякі былі за лесам. Цяпер усё зарасло. Дзіка ісьці”.

Іван: “Янка Купала быў у Прудзішчы. Я быў, дзе ён пісаў звычайна. Дуб яшчэ стаіць. Ён заўжды спыніць. Ён, канечне, і выпіць любіў, і пачаставаць прахожага. А вучыўся ён дома. Яго прывозілі на тройцы. Кажуць, у лапцях... У музэі стаяць. У рыхтаваных ботах!”

Карэспандэнт: “На тройцы?”

Іван: “Прыяжджалі, прывозілі яго здаць экзамэны ў Бяларучы. Прывязуць на тройцы. Рыхтаваныя боты!”

Як моцна розьніцца мачанскі партрэт Купалы ад таго, які мне намалявалі ў Бяларучах, з лапцямі й бядняцкай сьвіткаю.

Проста іншы чалавек паўстае. У ботах, на тройцы, які налівае мужыкам віна, каб пагаманіць. Не хапае толькі сяміструннай гітары і гусарскіх эпалетаў. Але, прызнацца, такі Купала мне падабаецца больш.

Як выглядалі падмуркі Самойлавай сядзібы, можна ўбачыць у хаце Зінаіды Моўчан. Зінаіда, якая ўсё жыцьцё прарабіла ў сталіцы швачкай, пасьля выхаду на пэнсію вярнулася ў родную вёску.

Спадарыня Моўчан усё жыцьцё малюе. Яе невялікая хата нагадвае выстаўную залю.

в.Мачаны, Лагойскі раён

Зінаіда: “Вось гэта лес. Казіміроўка. Там, дзе быў Янка Купала”.

Карэспандэнт: “Там быў маёнтак?”

Зінаіда: “Маёнтак. Падмурак застаўся. Яшчэ пасьля вайны мы хадзілі бэз ламалі. Дрэвы былі замежныя, таполі, каштаны”.

Пэйзажы навакольля вісяць у Зінаіды на кухні. А вось у залі мяне сустрэў вялізны партрэт Аляксандра Лукашэнкі зь дзяўчынкай на руках.

Карэспандэнт: “А гэта?”

Зінаіда: “А гэта бацька. Гэта я проста для сябе”.

Карэспандэнт: “Вы любіце яго?”

Зінаіда: “Ну якая можа быць любоў! Пасьля таго, што зрабілася, мне неяк трохі спакайней за яго плячыма”.

Карэспандэнт: “А што вас натхніла на ягоны партрэт?”

Зінаіда: “Мне проста цікава было. Зь дзяўчынкай, з гвазьдзіком. Я ў дзяцінстве, калі малявала, дык чамусьці ўрад малявала, Леніна — так яны віселі”.

Карэспандэнт: “А вы іх малявалі?”

Зінаіда: “Для сябе”.

Карэспандэнт: “Не для ленінскіх пакояў...”

Зінаіда: “Гэта ж нельга было. І яго нельга. Куды выставіць — нельга. Гэта ж павінна камісія прыняць. Мне сказалі ў Лагойску, што хочуць адкрыць выставу маю ў музэі. Я кажу — так і так, я падрыхтавала партрэт Лукашэнкі. Нельга! Для асабістай калекцыі можна, падараваць можна, але выстаўляць нельга”.

в.Мачаны, Лагойскі раён

Больш за ўсё на гэтым палатне ўражвае Лукашэнкава ўсьмешка. Чырвоныя, нібы напамаджаныя, вусны.

На месцы чыноўнікаў галоўнай адміністрацыі я б выкупіў гэты партрэт за вялікія грошы. Ня кожны дзень сустракаесься з такім шчырым праяўленьнем народнай любові.

* * *

Мажны немалады чалавек у акулярах ідзе мачанскай вуліцай у бок аўтобуснага прыпынку.

Валеры — расейскі пэнсіянэр, які прыехаў у Мачаны з Камсамольску-на-Амуры. З радзімы ён зьехаў трыццаць гадоў таму. Апошні раз наведваўся гадоў пяць назад. Чым далей, тым усё даражэй езьдзіць.

в.Мачаны, Лагойскі раён

Валеры: “Маладыя былі, дурныя, жытла не было. Паехалі “за туманам, за запахам тайгі”. Кватэру нам паабяцалі там. Пражылі. А сюды вяртаемся, і бачым, як старэюць вёскі, як старэюць нашы бацькі”.

Карэспандэнт: “Вы не шкадуеце, што пераехалі?”

Валеры: “Напэўна, не. Да пэўнага моманту. Да Шушкевіча. Мы яшчэ плянавалі вярнуцца на радзіму сюды. А Шушкевіч: “У нас будзе ўсё па-беларуску”. А сын па-беларуску ні бум-бум. Пра якую вышэйшую адукацыю можа ісьці гаворка, калі ён мовы ня ведае? А тут гразіліся, што ўсё будзе на беларускай. Радзіма там, дзе маладосьць прайшла. Цяпер прыяжджаем — а таго, што было, ужо няма”.

Хоць пагрозы паўсюднай беларускай мовы ўжо гадоў дзесяць як няма, вяртацца ў Беларусь Валеры не зьбіраецца.

Валеры: “Моладзь злуецца. Не даюць свабоды. А таго не разумеюць, што Расея ўжо прайшла гэты шлях свабоды, у кайданках, у 1990-я гады. Цяпер адчыніць дзьверы — беларусам нічога не застанецца. У іх усё забяруць. Ваўкі, якія на гэтым сабаку зьелі. А яны думаюць — будзе ім свабоды! Мне здаецца, што недарэмна Лукашэнка прытарможвае...”

У пэнсіянэра дзядзькі Мішы і ў абліччы, і ў размове засталося шмат хлапечага. Калісьці дзядзька Міша быў першым гарманістам на вёсцы. Сёньня былому гаваруну й музыку весяліць няма каго. Засталося адно ўспамінаць.

в.Мачаны, Лагойскі раён

Міша: “Дзед мой на скрыпцы. У валачобнікі як пойдзем па вёсцы! А цяпер дачы акупавалі нас”.

Карэспандэнт: “Акупавалі?”

Міша: “Амаль што. Няшчасных некалькі дамоў даўнейшых”.

Карэспандэнт: “А валачобнікі на Каляды хадзілі?”

Міша: “На Вялікдзень. Ноччу. Хто бутэльку, а хто капейку”.

Зінаіда: “Весела было, цяпер вымерла ўсё”.

Міша: “Акупавалі вёску Мачаны”.

Карэспандэнт: “А што сьпявалі?”

Зінаіда: “Усе савецкія песьні. Пачынаючы зь “Ленінскіх гор”.

Міша: “Рабіна кудравая”, “Ленінскія горы”. “Ой рабіна кудравая, белыя цвяты. Ты завяла, і я завяў”. А яшчэ гэтую — “Выхадзіў аграном у паля, выхадзіў у паля маладой аграном”... Мы не хахлы, чыстыя беларусы...”

Міне яшчэ крыху часу, і ад старых Мачаноў амаль нічога не застанецца. Зьнясуць, каб не псавалі краявіду, старыя склепы. На былых сялянскіх сядзібах паўстануць новыя сылікатныя дамы.

Але застануцца падмуркі Самойлавай Казіміраўкі. Як напамін аб прыгожай і далёкай эпосе. І як надзея на перамогу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG