Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пухавічы: актывісты судзяцца з уладамі


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Пухавіцкім судзе пачаўся працэс на пазоў да мясцовага райвыканкаму. Актывісты Камуністычнай партыі беларускай і сацыял-дэмакраты Грамады абскардзілі рашэньне чыноўнікаў, якія забаранілі сацыяльныя пікеты.

15 лістапада ў Пухавіцкім судзе пачалі разглядаць скаргу мясцовых актывістаў на раённую ўладу.

Сябра Камуністычнай партыі беларускай Сяргей Абразоўскі кажа, што пазоў падалі пасьля таго, як мясцовыя ўлады ў верасьні не дазволілі правесьці пікет у пасёлку Дружны. Актывісты меркавалі выйсьці пад лёзунгам сацыяльнай справядлівасьці.

“Мы дамагаемся, каб суд прызнаў, што гэтыя рашэньні мясцовай улады незаконныя, што яна парушае Канстытуцыю й перасьледуе грамадзянаў паводле палітычных прыкметаў”.

Актывісты падлічылі: за год улада не задаволіла сем заявак на пікеты, апошнюю падалі ў верасьні. Таксама ўлады ніводнага разу не задаволілі заявак на правядзеньне іншых акцыяў апазыцыі.

Сяргей Абразоўскі патлумачыў, чаго дамагаюцца ініцыятары пікетаў.

“Мы дамагаемся сацыяльных гарантыяў для пэнсіянэраў, інвалідаў і вэтэранаў. Людзей, якія баранілі краіну ад захопнікаў, ад Чарнобылю. Гэта яны рабілі на загад дзяржавы, а значыць, дзяржава ім мусіць гарантаваць, што трэба”.

Адказы на заяўкі актывістаў падпісвала намесьніца старшыні Пухавіцкага райвыканкаму Тацяна Ішуцінава. Як матывавала чыноўніца адмовы ў пікетах?

Тацяна Ішуцінава не пажадала патлумачыць гэта карэспандэнту “Свабоды”:

“Калі ласка, пазваніце ў прававы аддзел, яны рыхтавалі адказ на гэты дакумэнт, я вам дам тэлефончык”.

Аднак тэлефон прававога аддзелу сёньня маўчаў.

Паводле зьвестак, якія прагучалі ў Пухавіцкім судзе, райвыканкам не дазволіў правесьці ў верасьні сацыяльны пікет у пасёлку Дружны, таму што побач зь меркаваным месцам пікету — каля ўнівэрсаму — прадаюць алькагольныя напоі.

“Гэта гульні ўлады. Яны ж могуць забараніць на час пікету продаж алькаголю, што ім перашкаджае?” — пракамэнтаваў аргумэнты Пухавіцкага райвыканкаму актывіст Сяргей Абразоўскі.

Паводле апошніх зьвестак з суду, прадстаўнік пракуратуры падтрымаў пазыцыю чыноўнікаў мясцовай улады.

Актывісты апазыцыі прадказваюць сваю паразу, але нагадваюць: наперадзе яшчэ два падобныя працэсы супраць чыноўнікаў.

Магілёўшчына: улады забаранілі ўсе 12 плянаваных пікетаў, 28.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG