Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску была ўшанаваная памяць Сяргея Грахоўскага


Любоў Лунёва, Менск У сераду ў Менску адбылася вечарына памяці пісьменьніка Сяргея Грахоўскага. На сустрэчы літаратары распавядалі пра тыя выпрабаваньні, якія прыпалі на долю творчай інтэлігенцыі ў сьценах “амэрыканкі”, турмы КДБ ў часе палітычных рэпрэсіяў. Прысутныя памаліліся за ўсіх рэпрэсаваных у часы бальшавіцкага тэрору.

У залі міжнароднага адукацыйнага цэнтру (IBB) разьмясьціліся некалькі дзясяткаў чалавек, пераважна пісьменьнікаў, мастакоў, навукоўцаў, грамадзкіх дзеячаў. Пасьля кароткага выступу вядучай Вольгі Іпатавай, адбылася малітва, падчас якой называліся прозьвішчы рэпрэсаваных пісьменьнікаў.

Менск, 13.11.2007. Вечарына памяці Сяргея Грахоўскага. Малітва

Вольга Іпатава нагадала пра хвалю рэпрэсіяў 30-х гадоў супраць беларускіх пісьменьнікаў:

“Я не вінаваты. Словамі гэтага апошняга ў жыцьці вершу паэта Міхася Чарота, напісанымі на сьцяне турэмнай камэры, маглі б сказаць пра сябе ўсе яны, закатаваныя, замучаныя, зьнішчаныя бязьлітасным сталінскім рэжымам”.

Дасьледчыца і пісьменьніца Лідзія Савік падзялілася сваімі ўспамінамі пра тое, як на пачатку 90-х, калі працавала ў архівах КДБ, спадзявалася знайсьці ў асабовых справах пісьменьнікаў іх творы. Яна распавядала, што замест гэтага знайшла толькі шматлікія акты пра спаленьне літаратуры:

“Расказвайце, пішыце, гаварыце, каб ня дай Бог, гэта не паўтарылася. Сяргей Грахоўскі ў сваіх творах таксама гаварыў пра гэта”.

Менск, 13.11.2007. Вечарына памяці Сяргея Грахоўскага. Лідзія Савік

Сустаршыня Аргкамітэту ў справе ўшанаваньня ахвяраў сталінскага рэжыму Васіль Якавенка апавёў пра працу камітэту і бліжэйшыя пляны.

Радзім Гарэцкі, які прысутнічаў на вечарыне, лічыць, што такія сходы мусяць адбывацца часьцей, ня толькі ўвосень, напярэдадні Дзядоў:

“На вечарыне памяці Сяргея Грахоўскага ўспаміналі іншых пісьменьнікаў, навукоўцаў, мастакоў, якія загінулі ў тыя жудасныя сталінскія часы. Колькасьць гэтых людзей мы да гэтага часу ня ведаем. Мераем мільёнамі... Толькі беларусаў, як падлічваюць, паўтара мільёна”.

Менск, 13.11.2007. Вечарына памяці Сяргея Грахоўскага. У залі

Падчас прэзэнтацыі кнігі Сяргея Грахоўскага “Выбранае” усе прысутныя маглі падыходзіць да імправізаванага музэйнага стэнду з фатаздымкамі рэпрэсаваных пісьменьнікаў і браць асобнікі часопісу “Рэха ГУЛАГу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG