Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малако зноў падаражэе — мінімум на 8%


Іна Студзінская, Менск Міністэрства сельскай гаспадаркі прапанавала Міністэрству эканомікі і ўраду падвысіць закупныя цэны на малако на 25%. Першы намесьнік міністра сельскай гаспадаркі Надзея Каткавец абгрунтавала прапанову тым, што “кошты павялічваюцца і ў суседніх дзяржавах, дзе такая ж прадукцыя каштуе ўдвая даражэй за беларускую”. Адпаведна з падвышэньнем закупных цэнаў падаражэюць малочныя харчы і ў крамах.

Папярэдняе павышэньне закупных цэнаў на малако было 10 кастрычніка — на 10%.

Цяпер закупныя цэны на малако вагаюцца ад 270 да 480 рублёў за літар (у залежнасьці ад гатунку). У крамах літар малака каштуе ад 1200 да 2500 рублёў.

Пакуль яшчэ нельга сказаць, што ў беларускіх крамах дэфіцыт — малочныя харчы ёсьць. Але таннае малако ў простых поліэтыленавых пакунках адразу ж разьбіраюць. А стэрылізаванае, у так званым тэтрапаку, каштуе амаль удвая даражэй.

Пэрыядычна зьнікае з паліцаў тварог, іншыя прадукты, кажуць людзі:

Спадарыня: “Ёсьць праблемы з тварагом”.

Спадарыня: “А ведаеце, чым прадаўцы гэта тлумачаць? Маўляў, у Расею адвозяць. Але як можна абдзяляць сваіх жа грамадзянаў?”

Бабуля: “Пажылым людзям патрэбныя абястлушчаныя прадукты. Чамусьці перасталі іх вырабляць. Калі мы пытаемся пра гэта ў адміністратара крамы, ён адказвае, што вытворцам нявыгадна вырабляць абястлушчаныя харчы, яны вельмі танныя”.

Спадар: “Усё вельмі дарагое — і тварог, і малако, і сьмятана”.

Бабуля: “А масла значна падаражэла — больш за дзьве тысячы стала. Я толькі вокам кінула — і ня стала купляць. Дорага!”

“Калі закупныя цэны на малако не падвышаць, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы ня вытрымаюць”

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі чыноўнік, які не назваў сябе, на пытаньне, на колькі могуць падаражэць малочныя харчы для спажыўца, адказаў так:

“У Расеі колькі каштуе малако, вы чытаеце? Трэба ж параўноўваць, колькі ў Нямеччыне каштуе літар малака — у вытворцы, у краме? Мы коштаў на малако не вызначаем, а Мінэканомікі”.

Першы намесьнік міністра сельскай гаспадаркі Надзея Каткавец 14 лістапада на прэсавай канфэрэнцыі заявіла, што “павелічэньне закупных цэнаў не паўплывае прапарцыйна на кошт у крамах, калі ўрад зацьвердзіць рост закупаў на 25%, цана пакету малака ў краме, паводле падлікаў, вырасьце на 8%”.

Калі ж закупныя цэны на малако не падвышаць, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы ня вытрымаюць нагрузак.

Зь меркаваньнем Надзеі Каткавец пагаджаецца і эканаміст Аляксандар Чубрык:

“Малако выпрацоўваць амаль ня выгадна. Калі падвысяць закупныя цэны на яго, а ў крамах яны падвысяцца толькі на 8%, для малаказаводаў гэта будзе яшчэ больш нявыгадна.

Можна, канечне, прымусіць гэтыя заводы, каб яны прадавалі малако толькі ў Беларусі. Але ім жа трэба неяк і пазыкі банкам сплачваць, і заробкі плаціць. Без падвышэньня спажывецкіх коштаў яны проста не абыдуцца”.

Міністар сельскай гаспадаркі Леанід Русак заявіў, што падвышэньне закупных коштаў на малако на 25% дазволіць прадпрыемствам галіны стабілізаваць фінансавую сытуацыю.

Ці вытрымае чарговы рост цэнаў на жыцьцёва неабходныя прадукты спажывец — міністар не сказаў.

“Што думае ўрад? Як народ можа пражыць?”, 26.10.2007
XS
SM
MD
LG