Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі друк: “Іскандэры" – элемэнт палітычнага гандлю між Расеяй і ЗША”


Юры Дракахруст, Прага Расейскі друк шырока камэнтуе намеры Беларусі набыць у Расеі ракетныя комплексы “Іскандэр”.

Выданьне “Газета” са спасылкай на памочніка галоўнакамандуючага расейскіх сухапутных войскаў паведамляе, што ініцыятыва закупкі ракетных комплексаў сыходзіла ад беларускага боку.

“Ведомости” пішуць, што ў самім расейскім войску пакуль на ўзбраеньні стаіць толькі адзін дывізіён “Іскандэраў”, да 2015 году імі плянуецца ўзброіць 5 ракетных брыгад. Аднак сэрыйная вытворчасьць комплексаў пакуль сутыкаецца з пэўнымі цяжкасьцямі, і тэрміны пераўзбраеньня неаднойчы пераносіліся.

Начальнік беларускіх ракетных войскаў і гарматаў генэрал Пузікаў заявіў учора, што Беларусь набудзе “Іскандэры” па ільготных цэнах.

Кошт новага ракетнага комплексу ніколі публічна не паведамляўся. Аднак паводле крыніцаў “Ведомостей” прыкладны кошт брыгады (12 пускавых установак) – каля 200-300 мільёнаў даляраў. Пры гэтым шасі для “Іскандэраў” выпускае як раз Менскі завод колавых цягачоў, так што для беларускага войска гэтае ўзбраеньне можа абысьціся таньней.

Выданьне нагадвае, што летась Беларусь набыла ў Расеі зэнітна-ракетныя комплексы С-300, аплаціўшы толькі іх рамонт у памеры 10 мільёнаў даляраў.

РБК: ракеты – ціск на ЗША, каб яны ратыфікавалі дамову аб звычайных узбраеньнях у Эўропе

Агенцтва “Росбизнесконсалт” (РБК) аналізуе ваенна-стратэгічныя аспэкты ўгоды. Учора начальнік расейскіх ракетных войскаў Уладзімер Зарыцкі сказаў, што пастаўкі ў Беларусь “Іскандэраў” можа быць адказам на разьмяшчэньне ў Чэхіі і Польшчы элемэнтаў амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны. На думку ваенных экспэртаў, якіх цытуе РБК, насамрэч мэта – зрабіць ціск на Злучаныя Штаты, каб яны хутчэй ратыфікавалі адаптаваную дамову аб звычайных узбраеньнях у Эўропе. На мінулым тыдні расейская Дзярждума прагаласавала за выхад Расеі з гэтай дамовы.

Экспэрты падкрэсьліваюць, што пачатак разьмяшчэньня “Іскандэраў” у Беларусі – 2015 год, у рэальнасьці іх у Беларусі няма, і яшчэ 7 гадоў ня будзе. Ёсьць дэманстрацыя рашучасьці Расеі прасоўваць сваю вайсковую інфраструктуру на Захад, калі дамова аб звычайных узбраеньнях ня будзе ратыфікаваная заходнімі краінамі ў найбліжэйшыя тэрміны. “Віртуальныя ракеты ў блізкім часе стануць важным элемэнтам палітычнага гандлю паміж Масквой і Вашынгтонам”, – адзначаюць экспэрты РБК.

НАТО: разьмяшчэньнем ракет у Беларусі нельга супрацьстаяць шчыту ЗША, 14.11.2007 Расейскія ракеты будуць пастаўленыя ў Беларусь, 14.11.2007 “Іскандэры” зь Беларусі дастануць да Варшавы, 14.11.2007
XS
SM
MD
LG