Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я.Раманчук: “Да канца году падаражэе прадукцыя з паліўным складнікам”


Ігар Карней, Менск Згодна з пастановай кабінэту міністраў Расейскай Фэдэрацыі, ад 1 сьнежня 2007 году да 80,7 даляра за тону падвысіцца экспартнае мыта на нафтапрадукты.

Цяпер гэты паказьнік складае 73,3 даляра. Паводле беларуска-расейскіх пагадненьняў, мыта на нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь з Расеі, вызначаецца ў 2007 годзе з каэфіцыентам 0,293 ад расейскага мыта.

Стаўка экспартнага мыта на сьветлыя нафтапрадукты, адпаведна, складзе 197,8 даляра (цяпер 181), на цёмныя нафтапрадукты — 106,6 (цяпер 97,5).

Такія самыя мыты мусяць быць і пры экспарце нафтапрадуктаў зь Беларусі ў трэція краіны.

Эканаміст, кіраўнік дасьледчага Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук мяркуе, што ўжо да канца году падвышэньне коштаў на імпартаваныя энэрганосьбіты адчуюць беларускія спажыўцы:

“Кожнае падвышэньне коштаў у Расеі, безумоўна, зьяўляецца падставай да таго, каб падвысіць кошты на энэрганосьбіты і ў Беларусі.

Расея арыентуецца на ўсясьветны рынак нафтапрадуктаў, там нафта даражэе, таму і расейцы робяць тое самае. Беларусь проста атрымлівае тое, што ёй прапануюць, і нічога ня можа зрабіць.

Калі нафтапрадукты, бэнзін, іншае паліва даражэюць, то і мы ня можам заставацца ўбаку. І паколькі ў нас няма сваёй нафты, то мы мусім прыняць гэтую зьнешнюю цану як дадзенасьць. У існасьці, гэта таксама адзін з чыньнікаў агульнага падвышэньня коштаў у нашай краіне.

Таму я думаю, на працягу месяца альбо двух, безумоўна, будуць падвышаныя цэны як на паліва, так і на тую прадукцыю, у якой ёсьць паліўны складнік”.
XS
SM
MD
LG