Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці паўплываюць санкцыі ЗША на праекты афіцыйнага Менску ў Вэнэсуэле?


Алесь Дашчынскі, Менск У расейскіх мэдыях выказваецца меркаваньне, што ўведзеныя ЗША санкцыі адносна канцэрну “Белнафтахім” могуць перашкодзіць плянам кіраўніцтва Беларусі ў Вэнэсуэле. А менавіта здабываць там нафту і прадаваць яе на ўсясьветным рынку і ў ЗША. Як рэагуюць у Менску на санкцыі ЗША?

Паводле прадстаўніка канцэрну “Белнафтахім” Браніслава Сівага, здабыча нафты ў Вэнэсуэле пачнецца ўжо сёлета.

Экспартам нафты ў гэтай краіне займаецца толькі адна нафтавая кампанія “PDVSA”. Паводле спадара Сівага, калі здабытая нафта задаволіць беларусаў цаной і якасьцю, адбудуцца перамовы дзеля яе закупу. Ці памянялася што-небудзь у гэтых плянах у зьвязку з санкцыямі ЗША?

Браніслаў Сівы адмовіўся ад камэнтароў — спаслаўшыся на тое, што ён не ўпаўнаважаны на гэта. Не адказаў на пытаньне і прэс-сакратар канцэрну Віктар Азараў:

“Я гэтых пытаньняў не камэнтую. Усе камэнтары выдала Міністэрства замежных справаў. Не камэнтую я гэтых пытаньняў — ну навошта іх задаваць, ну?! Я вам больш нічога не скажу”.

Намесьнік генэральнага дырэктара “Беларусьнафты” Валеры Бескапыльны сказаў:

“Я думаю, што, канечне, гэта, можа, і выкліча нейкія нязручнасьці. Але ва ўсякім разе яны не пашкодзяць нашым галоўным задачам, якія мы цяпер ставім перад сабой у Вэнэсуэле ў прыватнасьці”.

Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў у пытаньнях прамысловасьці Анатоль Паўловіч не зьвязвае санкцыі з праектамі ў Вэнэсуэле:

“Мы там хочам удзельнічаць у праектах здабычы нафты. А потым гэтую нафту трэба рэалізоўваць некуды. Нафта сёньня запатрабаваная ўсюды, ва ўсім сьвеце — ня толькі ў ЗША”.

Маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў упэўнены, што санкцыі ўскосна ўдараць па плянах афіцыйнага Менску ў Вэнэсуэле.

“Адна рэч прадаваць тут ў Эўропе. А іншая рэч — працаваць на амэрыканскім кантынэнце. Нафта, якую зьбіраецца здабываць Беларусь, цяжкая, зь вялікай колькасьцю серы. Ня многія прадпрыемствы яе перапрацоўваюць. Два такія заводы ёсьць у ЗША.

Без праблемаў можна адсачыць, куды якая нафта ўліваецца. Замарожваньне рахункаў — гэта ўскосная забарона на продаж нафтапрадуктаў у ЗША”.

Эканаміст цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук сказаў, што гэта санкцыі да рэжыму, але не да Беларусі:

“Гэта палітычны і псыхалягічны ціск на кіраўніцтва нашай краіны, бо безь яго гэтыя кантракты не адбываюцца. Гэта таксама такі стрэл у тыя інтарэсы, якія беларускія ўлады круцяць з аўтарытарным спадаром Чавэсам. Яны могуць гэта рабіць фармальна не празь “Белнафтахім”, а празь нейкія афшорныя і іншыя кампаніі.

Тое, што “Белнафтахім” празь нейкія структуры, зарэгістраваныя за межамі краіны, працуе з Вэнэсуэлай, я разглядаю як прыватныя інтарэсы намэнклятуры.

Уга Чавэс проста дамовіўся з Лукашэнкам на нейкіх варунках. Але гэта не дамова зь дзяржаўнай структурай, а з паўпрыватнымі ці прыватнымі структурамі, якія носяць назву “Белнафтахім”. Гэта тое, што заблякуе рэалізацыю камэрцыйных праектаў чыноўнікаў нашай улады”.

• Амбасадарцы ЗША ўручылі ноты пратэсту, 15.11.2007 • Санкцыі: ЗША – “злы паліцэйскі”, Эўразьвяз -- "добры"?, 14.11.2007 • МЗС Беларусі: рашэньне ЗША парушае Мэмарандум аб бясьпецы, 14.11.2007 • Эканаміст В.Мацкевіч: “Санкцыі ЗША будуць вельмі балючыя”, 13.11.2007
XS
SM
MD
LG