Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь выступае ў абарону беларускіх музыкаў


Любоў Лунёва, Менск Моладзевыя актывісты Партыі БНФ пачалі кампанію абароны беларускамоўных музыкаў. Яны патрабуюць, каб улады не чынілі перашкодаў беларускім рок-гуртом у правядзеньні канцэртаў і фэстаў. Для гэтага юнакі і дзяўчаты зьбіраюць подпісы, каб перадаць іх у міністэрствы культуры і інфармацыі, а таксама рыхтуюць акцыі ў падтрымку музыкаў.

Моладзевыя сябры Партыі БНФ пачалі кампанію ў абарону беларускамоўных музыкаў. Яны патрабуюць даць магчымасьць паклоньнікам музыкаў наведваць канцэрты, не баючыся, што за дзьве гадзіны да пачатку канцэрты адменяць, спаслаўшыся на тэхнічныя прычыны.

Антон Каліноўскі расказаў, якія мерапрыемствы заплянаваныя ў рамках акцыі:

“Збор подпісаў да міністра культуры і міністра інфармацыі. Збор подпісаў пад патрабаваньнем правядзеньня канцэрту незалежных музыкаў, а таксама да кіраўнікоў радыёстанцыяў, каб яны ставілі ў эфір незалежных беларускіх музыкаў. Да гэтай кампаніі мы зрабілі майкі, значкі, буклеты... Даем іх рэгіянальным актывістам для распаўсюджваньня”.

Вакаліст гурту “IQ48” Аляксандар Ракавец апошні раз выступаў у Беларусі пры канцы вясны. Ён прыгадаў і ўчорашнюю забарону канцэрту гурту “Нэйра-Дзюбэль” у клюбе “Фартуна”, калі кіраўнік па ідэалёгіі Партызанскага раёну Менску папросту пагражаў дырэктару клюбу закрыцьцём установы.

“Цяпер людзі прыходзяць і думаюць: будзе канцэрт ці не, – гаворыць Аляксандар. – Што да подпісаў, то з таталітарным рэжымам нельга змагацца дэмакратычна. Ня ведаю, думаю, што трэба папросту гнуць сваю палку. Трэба, каб людзі даведаліся, што ёсьць ня толькі рок-гурты, але й культура, пра якую шмат хто й ня ведае”.

Вакаліст гурту “Крама” Ігар Варашкевіч скептычна паставіўся да моладзевай акцыі:

“Чаму беларускамоўны рок не такі папулярны, як расейскамоўны? Таму што людзі не разумеюць тэкстаў. Вывучыць мову, зразумець, пра што ім сьпяваюць... Палітыка, безумоўна, ёсьць”.

Руся , вакалістка гурту “Індыга”, лічыць, што моладзь дзеля папулярызацыі беларускай музыкі можа скарыстацца новымі тэхналёгіямі, якімі карыстаюцца цяпер ува ўсім сьвеце:

“Цяпер існуюць выдатныя інтэрнэт-рэсурсы – музычныя відэаблогі. Мне падаецца, што было б больш карысна, калі б маладыя людзі з БНФ заняліся тым, што пачалі б папулярызаваць нашых беларускіх музыкаў менавіта праз гэтыя міжнародныя інструмэнтары. Таксама трэба перакладаць інфармацыйную базу на замежныя мовы”.

Моладзевыя сябры партыі БНФ заплянавалі правесьці кліп-маратон у абласных цэнтрах і вялікіх гарадох. Яны разьлічваюць, што такім чынам колькасьць маладых людзей, якія пазнаёмяцца зь беларускай рок-музыкай, павялічыцца ў некалькі разоў.

• У Менску сарваны канцэрт гурту “Нэйра-Дзюбэль”, 14.11.2007 • Улады забаранілі канцэрт гурту “Нэйра-Дзюбэль”, 14.11.2007 • На сядзібе БНФ – беларускі кліпаматограф, 18.10.2007
XS
SM
MD
LG