Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХК дамагаецца адмены абавязковага разьмеркаваньня студэнтаў


Галіна Абакунчык, Менск Беларускі Хэльсынскі камітэт зьвярнуўся ў Кастутыцыйны суд з прапановаю разгледзець на адпаведнасьць Асноўнаму закону краіны абавязковае разьмеркаваньне выпускнікоў сярэдніх і вышэйшых навучальных установаў. Падставаю для звароту сталі шматлікія выпадкі спагнаньня грошай з былых студэнтаў за іх адмову працаваць па разьмеркаваньні. Праваабаронцы заяўляюць пра неабходнасьць адмяніць прымусовую працу па разьмеркаваньні або скасаваць параграф Канстытуцыі аб бясплатнай адукацыі.

У Міністэрстве адукацыі намаганьні праваабаронцаў камэнтаваць адмаўляюцца, а сыстэму разьмеркаваньня студэнтаў называюць станоўчай зьяваю.

“Гэта сацыяльныя гарантыі для выпускнікоў, – гаворыць прадстаўніца міністэрства Вольга Мушынская. – Многія з выпускнікоў успрымаюць гэта станоўча. Цяпер цяжка з працаю, а тут чалавеку ня трэба шукаць месца. Выпускнік атрымлівае вось гэтае першае працоўнае месца”.

Афіцыйная статыстыка сьведчыць, што толькі сёлета ў Беларусі распачата 65 крымінальных справаў супраць былых студэнтаў, якія не зьявіліся на месца працы па разьмеркаваньні.

Выпускнік менскага пэдунівэрсытэту Андрэй Карповіч адпрацаваў палову ад вызначанага тэрміну. У сувязі зь непрымальнымі, на яго думку, умовамі працы мусіў звольніцца, аднак суд гэтай акалічнасьці не ўлічыў. І цяпер малады спэцыяліст мусіць выплаціць дзяржаве 4 тысячы даляраў:

“Усе дамоўленасьці, якія я падпісваў з унівэрсытэтам, тычыліся бясплатнай адукацыі. Я ніякіх фінансавых дакумэнтаў не падпісваў увогуле. Але суд толькі канстатаваў факт. І зараз я вымушаны выплаціць палову атрыманай стыпэндыі і палову ад названай імі сумы навучаньня. Бо я год адпрацаваў, а калі б два, то выплачваў бы ня 8, а 16 мільёнаў. Проста нехта прыдумаў хітрую схему, каб спаганяць грошы з моладзі”.

Многія так званыя “ўхілісты” праз суд абавязаныя выплаціць дзяржаве за навучаньне ад 4 да 12 мільёнаў рублёў. Абавязковая ж адпрацоўка зьяўляецца адной з формаў прымусовай працы. Таму Беларускі Хэльсынскі камітэт і зьвярнуўся з адпаведнай заяваю ў Канстытуцыйны суд, кажа намесьнік старшыні арганізацыі Алег Гулак:

“Разьмеркаваньне – гэта абавязак адпрацаваць. Абавязак аплаціць у выніку нейкіх праблем адукацыю робіць яе платнай. І таму мы кажам, што заканадаўства не адпавядае Канстытуцыі. А калі дзяржава ня можа забясьпечыць тое, што гарантавана Канстытуцыяй, то няхай гэта патлумачыць людзям. І трэба ўносіць папраўкі ў Канстытуцыю”.

У суседніх зь Беларусьсю краінах абавязковае разьмеркаваньне ахоплівае толькі паасобныя ВНУ. Так, у Расеі і Ўкраіне разьмяркоўваюць выпускнікоў вышэйшых навучальных установаў сыстэмы Міністэрства ўнутраных справаў, службы бясьпекі, Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. У Польшчы, Латвіі і Літве сыстэмы абавязковага разьмеркаваньня не існуе.
• “Прымусовае разьмеркаваньне цалкам неканстытуцыйнае” , 26.10.2007
XS
SM
MD
LG