Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фітнэс-клюбы ўтрымліваюць толькі “ідэйныя” бізнэсоўцы


Ігар Карней, Менск У Менску некалькі дзясяткаў фітнэс-клюбаў. У сярэдзіне 1990-х новаму тады спосабу падтрымліваць добрую фізычную форму прадказвалі хуткае забыцьцё. Маўляў, будзе тое ж, што колісь з аэробікай – як толькі нацешыліся, яна згубіла папулярнасьць. Аднак за 10 гадоў колькасьць фітнэс-цэнтраў істотна павялічылася. У чым сакрэт папулярнасьці фітнэсу?

Cпорт ці вытворчая гімнастыка?

Менская бізнэсоўка Эліна фітнэс-клюбы наведвае апошнія 8 гадоў. Яна перакананая, што ў свае сорак зь лішкам дасьць фору многім маладым дзяўчатам, якія перад паходам у спартовы цэнтар аддаюць перавагу цыгарэце ці піву:

“Фітнэс—гэта здаровы лад жыцьця, са спартовым ухілам. Да таго ж, заўсёды пад музыку. Перш за ўсё, здаравей, лепей сябе адчуваеш; выносьлівасьці таксама дадаецца. А ўвогуле апошнім часам фітнэс-цэнтры ўсё часьцей сумяшчаюць у сабе трэнажорныя залі, залі аэробікі, басэйны. Фітнэс увогуле перайшоў у “вэлнэс” як лад жыцьця, гэта зараз надзвычай запатрабавана і модна ва ўсім сьвеце.

То бок, паняцьце здаровага ладу жыцьця ўвабрала ня толькі заняткі фітнэсам (гэта ўжо больш ідзе як занятак спортам), але і розныя працэдуры, якія падтрымліваюць дух і цела пасьля заняткаў спортам. Так што піва ў саўне ўжо ніхто не п’е, сочаць за здароўем. А то столькі гадоў пілі-пілі, а цяпер успомнілі, што трэба форму захоўваць. Таму масажы робяць, розныя “абгортваньні” – чакалядныя, камяні...”

Журналістка Марына Коктыш фітнэс-цэнтры наведвае па той жа прычыне, што і астатнія жанчыны – захаваць ідэальную фігуру. А разам – атрымаць зарад бадзёрасьці:

“Пасьля гэтых заняткаў я сапраўды адчуваю сябе больш энэргічнай, больш здаровай, больш бадзёрай. Я займаюся пілятэсам двойчы на тыдзень і хаджу ў басэйн – 2-3 разы на тыдзень як мінімум стараюся хадзіць.

Буду казаць банальныя рэчы: зьнікае стомленасьць. Калі на працы нейкія падзеі сапсуюць настрой ды нэрвы, прыкладам, размова зь нейкім чыноўнікам ці штосьці іншае, ці ўвогуле здараюцца якія-небудзь непрыемнасьці, то пасьля спартовай залі гэта ўсё неяк адыходзіць на другі плян. Прынамсі я адчуваю сябе значна лепей пасьля фітнэсу”.

На сайце http://www.fitness-online.by пералічаныя папулярныя фітнэс-клюбы сталіцы. Іх больш за 70. Сярод прапановаў – шэйпінг, аэробіка, усходні танец (асобна – танец жывата), стрып-плястыка (эратычны танец), аквааэробіка, пілятэс. Асобным парадкам трэнажорныя залі: уволю натанцаваўшыся, можна аддаць апошнія сілы на велаімітатары ці бегавой дарожцы.

Чаму фітнэс ня стаў прыбытковым бізнэсам?

Дырэктар аднаго з папулярных фітнэс-клюбаў “Panatta sport” Аляксандар Ляпарскі кажа: за апошнія 10 гадоў фітнэс-клюбы так і не пераўтварыліся ў бізнэс. На думку спадара Ляпарскага, больш да месца казаць пра “ідэйныя мэты”. Прыкладам, адна з функцый “Panatta sport” – пасьлятраўматычная падтрымка нацыянальнай зборнай у мастацкай гімнастыцы:

“Усё залежыць ад матэрыяльна-тэхнічнай базы, але гэта абавязкова комплексная справа. Калі браць па нашым клюбе, то ў нас 70% кліентаў – наведнікі трэнажорнай залі. Ня ўсе могуць танцаваць пад музыку. Перадусім, гэта ня так проста, як падаецца. Патрэбна добрае здароўе, каб вытрымліваць нагрузкі, якія даюцца. Дый ня ўсе гэта любяць, таму ёсьць многа розных прычынаў. Наконт аэробікі лепей усіх інфармаваная Натальля Наважылава, яна ў нас роданачальніца і, уласна кажучы, усё гэта і пачала 10 гадоў таму...

Наконт будучыні? Тут у мяне адназначна ніякага сумневу. Нягледзячы на тое, што самае таннае ў нас у краіне – гэта гарэлка, якую хутка можна будзе запраўляць у бэнзабакі, тым ня меней, народ усё роўна актыўна глядзіць у бок фітнэсу. Ня так, каб проста гарэлку ня піць, а менавіта дзеля ўласнага здароўя. І вельмі прыемна, што больш зьяўляецца маладых людзей. Ня тыя, каму ўжо певень дзеўбануў у адно месца, маўляў, пайду зьбягаць ад інфаркту (хоць ёсьць і такія), але маладыя людзі пачынаюць ад пачатку думаць пра сваю будучыню”.

Сам Аляксандар Ляпарскі толькі што вярнуўся з ЗША, дзе вывучаў досьвед працы амэрыканскіх фітнэс-клюбаў. Ці не галоўнае ўражаньне – кошты. Абанэмэнт на год там параўнальны зь менскім на месяц. Пры тым, што тэхнічнае аздабленьне ды плошчы заляў у амэрыканскіх клюбах пераўзыходзяць беларускія.

Кошты на паслугі ў розных клюбах Менску істотна розьняцца. Як расказала аматарка фітнэсу Эліна, яна за 12 наведваньняў плаціць 95 тысяч рублёў штомесяц. Але гэта сярэдняга ўзроўню клюб – ёсьць удвая даражэйшыя, але існуюць і больш даступныя.

Кошт наведваньняў фітнэс-цэнтраў залежыць ад праграмы, якую мае ахапіць наведнік. Прыкладам, папулярны ў Менску клюб “Эдэм” так ацэньвае паслугі сваіх майстроў: аэробіка (абанэмэнт на месяц) – 66 тысяч рублёў, усходні танец – 90 тысяч, пілятэс – 70 тысяч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG