Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Па-беларуску чытаць пра Карлсана цікавей”


Валянціна Аксак, Менск Выдавецтва “Колас” сёньня, у 100-гадовы юбілей усясьветна вядомай швэдзкай пісьменьніцы Астрыд Ліндгрэн, распаўсюдзіла інфармацыю пра тое, што неўзабаве пабачыць сьвет першы беларускі пераклад самай знакамітай яе кнігі “Піпі Доўгая-панчоха”. Пераклад са швэдзкай Дзьмітрыя Плакса, каардынатаркай праекту выступіла Аляксандра Макавік, а рэдактарам Юрась Бушлякоў.

Дзьмітры Плакс – вядомы літаратар, мастак і перакладчык, які некалькі апошніх гадоў стала жыве ў Стакгольме і працуе прадусарам беларускай праграмы Радыё Швэцыя. У інтэрвію “Свабодзе” ён прызнаўся, што перакладаць кнігу для дзяцей выявілася значна цяжэйшым, чым перакладаць творы для дарослых:

“Калі браўся за гэтую працу, то такія думкі былі: “Ну што там, дзіцячая кніжка – сяду і за месяц перакладу”. Але – не”.

Імя Піпі Доўгаяпанчоха сказілі ў расейскім перакладзе

Дзіцячая лексыка выдумляльніцы Піпі, яе вершыкі і песенькі, гульня словаў паводле швэдзкага альфабэту, (да таго ж, шмат якія выразы ўжо сёньня не ўжываюцца на мове арыгіналу), – усё гэта, як кажа спадар Плакс, моцна ўскладняла працу. Да таго ж, шмат якія словы былі моцна скажоныя праз расейскія пераклады, улучна зь імем галоўнай гераіні.

Дзьмітры Плакс лічыць, што складанасьць працы з такімі кнігамі ёсьць адною з прычынаў, чаму ў Беларусі дагэтуль ніводнае дзяржаўнае выдавецтва не выпускае кнігаў Астрыд Ліндгрэн у перакладзе па-беларуску з арыгіналу.

Малы і Карлсан упершыню выйшлі па-беларуску

Між тым, недзяржаўнае выдавецтва “Колас” напярэдадні юбілею выдала па-беларуску першую кнігу з трылёгіі пра Малога і Карлсана і да канца году абяцае выдаць яшчэ адну. Інтэрвію зь яе перакладчыкам Юрасём Жалезкам вы пачуеце ў нашай суботняй праграме “Дом літаратара”.

Рэдактар гэтых кніг Лявон Баршчэўскі быў першым беларускім перакладчыкам Астрыд Ліндгрэн непасрэдна са швэдзкае мовы. Ягоны пераклад кнігі “Усе нашы дзеці з Булербю” быў выдадзены ў Вільні ў 2000-м годзе пры фінансавай падтрымцы аўстрыйскай газэты “Зальцбурскія Навіны”. На думку спадара Баршчэўскага, дзяржаўным беларускім выдавецтвам клопаты зь кнігамі вялікай швэдзкай казачніцы не патрэбныя:

“Былі вельмі цяжкія перамовы. Нам не хацелі даваць аўтарскія правы, бо ў іх запісана, што на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу нехта там мае аўтарскія правы на пераклад. Ім доўга даводзілі, што гэта пераклад не на расейскую, а на беларускую мову. Была куча рагатак, але людзі іх пераадолелі, а дзяржава гэтым не займаецца і ня будзе. Гэта, канечне, ганебна, бо дзяржава павінна была пра такія рэчы дбаць”.

Дбаць пра сваіх маленькіх чытачоў, якім, як вось гэтай дзяўчынцы Алесі, хочацца чытаць на роднай мове:

“Па-беларуску цікавей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG