Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Санкцыі ЗША сьведчаць, што няма адзінага стаўленьня Захаду да Беларусі"


Юры Дракахруст, Прага Санкцыі ЗША адносна “Белнафтахіму” і паведамленьне пра разьмяшчэньне ў Беларусі ракетных комплексаў “Іскандэр” мы папрасілі пракамэнтаваць нямецкага экспэрта Аляксандра Рара.

Рар: "Такім чынам, ЗША ў чарговы раз пацьвяржаюць, што іх лінія адносна Беларусі адрозьніваецца ад лініі Эўразьвязу, што няма адзінай лініі Захаду адносна гэтай краіны. Ёсьць жорсткая амэрыканская пазыцыя – гэта санкцыі, гэта спроба можа нават зьмены рэжыму ў Беларусі шляхам санкцый і падтрымкі апазыцыі, і ёсьць больш мяккая пазыцыя ўнутры Эўразьвязу, пакуль што яна падтрымліваецца такімі краінамі, як Нямеччына. Паводле гэтай пазыцыі, зь Беларусьсю трэба супрацоўнічаць і паспрабаваць зьмяніць палітыку і эканамічныя структуры ў Беларусі праз дыялёг, праз супрацоўніцтва, а ня сілай".

Дракахруст: “А ці немагчыма, што пасьля амэрыканскага рашэньня Эўразьвяз ўвядзе санкцыі, падобныя да амэрыканскіх? Даходы ад паставак прадукцыі нафтахіміі ў Эўропу – вельмі істотная частка даходаў беларускай эканомікі”.

Рар: “Цяжка прадказваць будучыню. Мяркую, што амэрыканская ініцыятыва выкліча нейкую рэакцыю з боку эўрапейскіх палітыкаў, але большасьць заходніх фірмаў, якія пачынаюць адкрываць для сябе беларускі рынак, разумеюць, што Лукашэнка хоча выйсьці з-пад кантролю Масквы і пачынае адкрываць сваю краіну Эўразьвязу – менавіта гэтыя бізнэс-структуры наўрад ці падтрымаюць рэжым санкцый супраць гэтай краіны.

Зараз амэрыканцы прымушаюць усіх эўрапейцаў прымаць надзвычай жорсткія санкцыі адносна Ірану. У гэтым выпадку шмат заходніх фірмаў будуць сьледаваць амэрыканскім патрабаваньням, разумеючы, што гэта – адзіны шлях, каб прадухіліць усясьветную вайну. Але ў выпадку Беларусі я ня думаю, што заходнія фірмы пойдуць па шляху, які ім указваюць Злучаныя Штаты Амэрыкі. Беларускі рынак адкрываецца, і бізнэс разглядае гэта як магчымасьць ускосна паўплываць на разьвіцьцё гэтай краіны".

“Наўрад ці Расея пойдзе на тое, каб узбройваць Беларусь”

Дракахруст: “У адказ на прыгаданае рашэньне Злучаных Штатаў беларускае МЗС абвінаваціла Вашынгтон у парушэньні абавязкаў, якія ЗША ўзялі на сябе напачатку 1990-х гадоў, калі Беларусь пагадзілася вывесьці са сваёй тэрыторыі ядзерную зброю. Ці азначае згадка пра гэтыя абавязкі, што Беларусь гатовая перагледзець свой бязьядзерны статус?”

Рар: “Ну, гэта пытаньне не да Беларусі, а да той краіны, якая магла б увесьці ядзерную зброю ў Беларусь – да Расеі. Але наўрад ці Расея пойдзе на тое, каб узбройваць Беларусь, зь якой у яе, дарэчы, зараз ня самыя добрыя адносіны, атамнай зброяй, і цалкам разарваць адносіны з Захадам. Я такі сцэнар выключаю.

Я мяркую, што гэтая рэакцыя – сьведчаньне эмацыйнага ўсплёску сярод беларускіх элітаў. Гэта тыповая рэакцыя, але ў ёй ёсьць і пэўная рацыя: нагадаць, што 13 гадоў таму Беларусь, Украіна і Казахстан добраахвотна адмовіліся ад ядзернай зброі, у той час як іншыя дзяржавы пачалі яе сакрэтна набываць".

Дракахруст: "Літаральна сёньня зьявілася інфармацыя, што Беларусь мае намер набыць у Расеі і размясьціць на сваёй тэрыторыі расейскія ракетныя комплексы "Іскандэр". Як гэта паўплывае на ваенна-стратэгічны балянс у рэгіёне?"

Рар: "Комплексы "Іскандэр" не зьяўляюцца стратэгічнай зброяй. Паводле некаторых зьвестак, Расея прадае гэтую зброю Сырыі, Ірану, Кіпру, сама хоча паставіць іх у Калінінградзкай вобласьці. Незразумела, навошта гэта рабіць. Ну, на Блізкім Усходзе такая зброя можа прадухіліць авіяўдары, а ў Эўропе навошта? На Беларусь ці Расею ніхто не зьбіраецца нападаць.

Бразганьне зброяй адбываецца на тэрыторыі ўсёй Эўропы, што дае падставу старым саветолягам казаць пра вяртаньне "халоднай вайны".

Расейскія ракеты будуць пастаўленыя ў Беларусь, 14.11.2007 “Іскандэры” зь Беларусі дастануць да Варшавы, 14.11.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG