Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны Суд падтрымаў Мін’юст, які не рэгіструе “Саюз левых партыяў”


Уладзімер Глод, Менск Сёньня Вярхоўны Суд Беларусі падтрымаў Міністэрства юстыцыі, якое адмаўляецца рэгістраваць “Саюз левых партыяў”. Судзьдзя Мікалай Бабкоў, які два дні разглядаў скаргу на Мін’юст, не знайшоў падставаў для адмены гэтага рашэньня.

Судзьдзя Бабкоў зачытаў рашэньне, фрагмэнт якога мы вам прапануем:

“У задавальненьні скаргі прадстаўнікоў Цэнтральнай рады “Саюзу левых партыяў” на адмову Міністэрства юстыцыі ад 9 жніўня зарэгістраваць “Саюз левых партыяў” адмовіць. Рашэньне ўступае ў законную сілу пасьля ягонага абвяшчэньня. Касацыйна абскарджваць яго нельга”.

Выканаўца абавязкаў старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч — адзін з шасьці актывістаў, якія падалі скаргу на Міністэрства юстыцыі.

Судовае рашэньне ён называе “традыцыйным” і зьвяртае ўвагу на тое, што суд зьвярнуў увагу не на сутнасьць справы, а на яе “тэхнічна-артаграфічнае афармленьне”:

“У прынцыпе да чаго зьвёўся суд — да таго, каб удакладніць, дзе кропка ня там стаіць, дзе коска... І прадстаўнік Мін’юсту, і, у прынцыпе, суд як бы таксама разглядалі гэтыя пытаньні як сутнасныя.

Але ж сутнасьць зусім ня ў гэтым. Пытаньне зусім іншае, а менавіта: чаму ўжо другі раз не рэгіструюць “Саюзу левых партыяў”?

Так і хочацца задаць пытаньне прадстаўніку Міністэрства юстыцыі: колькі апазыцыйных партыяў, колькі партыйных саюзаў зарэгістравалі за апошнія дзесяць гадоў?

Альбо ці была зарэгістраваная хоць адна апазыцыйная партыя цягам апошніх пяці-сямі гадоў? І тут адказ будзе такі — не было. Вось так працуе Міністэрства юстыцыі.

Таму я ня бачу, што ў бліжэйшай пэрспэктыве будуць зарэгістраваныя нейкія палітычныя партыі, якія выступаюць нават ня ў жорсткай форме апанэнтамі рэжыму. Як ня будуць зарэгістраваныя і саюзы партыяў. Вось у чым уся праблема”.

Ці будуць партыйныя актывісты спрабаваць трэці раз зарэгістраваць “Саюз левых партыяў”?

Сакратар ЦК ПКБ Алена Скрыган на гэтае пытаньне нашага радыё дае такі адказ:

“Дзейнасьць нашай партыі прыпыненая Мін’юстам да 2 лютага. І таму да гэтага часу мы, мабыць, ня будзем рабіць новых спробаў. Закон гэтага не дазваляе.

Ну, а пасьля будзем глядзець, што і як будзе рабіцца ў нашай краіне. Але ўзаемадзейнічаць мы будзем. У нас ужо навязаныя сувязі. Закон аб палітычных партыях дазваляе партыям без рэгістрацыі саюзаў узаемадзейнічаць. І мы будзем карыстацца гэтымі законнымі мэтадамі”.

Міністэрства юстыцыі ўжо двойчы адмаўляецца рэгістраваць “Саюз левых партыяў”. Першы раз таму, што ўстаноўчая канфэрэнцыя “Саюзу” напрыканцы мінулага году праводзілася за межамі Беларусі.

Летам у Менску адбылася яшчэ адна ўстаноўчая канфэрэнцыя. Але і гэтым разам Мін’юст не пагадзіўся на рэгістрацыю. У абодвух выпадках Вярхоўны Суд падтрымаў міністэрства.


• С.Калякін: Нельга хаваць ні жывога чалавека, ні дзейнай партыі, 13.11.2007 • "Саюз левых партыяў" вырашыў судзіцца зь Мін''юстам, 6.03.2007
XS
SM
MD
LG