Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы будуць афармляць візы ў новыя краіны Шэнгенскай зоны?


Севярын Квяткоўскі, Менск Літва, Латвія, Польшча, Вугоршчына,Чэхія, Славаччына, Эстонія, Славенія й Мальта рыхтуюцца да новага парадку выдачы візаў. Беларусы найчасьцей зьвяртаюцца па візы да суседзяў — Польшчы й Літвы, крыху радзей — Латвіі. Папулярная сярод беларускіх турыстаў Чэхія. Наш карэспандэнт зьвярнуўся ў некаторыя амбасады, каб высьветліць новыя правілы для паездак беларусаў у краіны, якія ад 21 сьнежня далучацца да Шэнгену.

У амбасадзе Латвіі запэўнілі, што тыя, хто жадае патрапіць у Латвію пасьля 21 сьнежня, могуць афармляць візы сучаснага ўзору нават на паездкі ў студзені 2008 году.

Тлумачыць другі сакратар амбасады Марыя Ягорушкіна:

“Тыя візы, што мы цяпер выдаем і якія будуць дзейнічаць у наступным годзе, яны будуць толькі як візы Латвіі, а не Шэнгену”.

Дарадца ў консульскіх пытаньнях літоўскай амбасады Люда Кляйнонава тлумачыць, што апроч шэнгенскіх візаў, кожная краіна пакідае за сабой права выдаваць уласную нацыянальную візу. Кошт і парадак выдачы такой візы рэгулююць двухбаковыя міждзяржаўныя пагадненьні.

Што да Літвы, пакуль афіцыйнай інфармацыі пра нацыянальную візу няма. Да 22 сьнежня беларусы могуць афармляць візы ў звычайным парадку, тэрмінам на тры месяцы.

Спадарыня Кляйнонава падкрэсьлівае, што правілы выдачы візаў ва ўсіх краінах Шэнгену ўніфікаваныя:

“Каб не было так, што ў адной амбасадзе лягчэй атрымаць, чым у іншай. Бо ўзьнікае пагроза віза-шопінгу. А інфармацыя пра кошт шэнгенскай візы для беларусаў пакуль застаецца бязь зьменаў — 60 эўра. Але за гэты кошт можна набыць гадавую візу, калі абгрунтаваць патрэбу ў гадавой візе”.

У амбасадах Польшчы й Чэхіі пакуль не гатовыя паведаміць пра зьмены ў парадку выдачы візаў:

Прадстаўніца польскай амбасады заявіла: “Пакуль ня маем афіцыйнай інфармацыі на гэты конт. Будзе вядома бліжэй да канца лістапада”.

Прадстаўніца чэскай амбасады кажа: “Дакладных зьвестак пра Шэнген мы пакуль ня маем. Пра гэта можна будзе размаўляць у сьнежні”.

Афіцыйны Менск заяўляе, што вядзе перамовы з шэрагам краінаў пра зьніжэньне кошту візаў.

Тым часам Эўрапарлямэнт падпісаў пагадненьне аб спрошчаным візавым рэжыме з Украінай, якое прадугледжвае кошт візы 35 эўра, бясплатныя візы пэўным катэгорыям грамадзянаў — у прыватнасьці, студэнтам, журналістам, сваякам тых, хто жыве ў Эўразьвязе легальна.
XS
SM
MD
LG