Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладафронтаўца Яраслава Грышчэню звольнілі з працы


Любоў Лунёва, Менск Кіраўнік баранавіцкай філіі незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Яраслаў Грышчэня ад сёньняшняга дня беспрацоўны. Месяц таму Яраслаў уладкаваўся на працу ў Палац культуры чыгуначнікаў, а праз два тыдні трапіў у аўтааварыю і атрымаў бальнічны ліст. Яраслаў лічыць, што нагодай для звальненьня стала ягоная грамадзка-палітычная дзейнасьць.

Яраслаў Грышчэня апавёў “Свабодзе”, што яму ўчора патэлефанавалі з Палацу культуры чыгуначнікаў і паведамілі, каб ён больш не прыходзіў на працу.

Яраслаў месяц таму ўладкаваўся туды працаваць гукарэжысэрам. Яму паабяцалі выдаць загад аб залічэньні на працу крыху пазьней.

8 лістапада маладафронтавец трапіў у аварыю па дарозе на Баранавічы і меў бальнічны ліст. Яго звольнілі, як толькі скончыўся тэрмін бальнічнага ліста.

“Дырэктарцы сказалі, што ня трэба мяне браць на працу ў дзяржаўную ўстанову”

Яраслаў Грышчэня лічыць, што ягонае звальненьне палітычна матываванае.

“Дырэктарка паклікала да сябе ў кабінэт і кажа: “Яраслаў Сяргеевіч, вось такая сытуацыя. Была днямі на ідэалягічнай нарадзе ў выканкаме. Там спыталі, што ў нас Грышчэня робіць. Я ім казала, што працуе. На што ў мяне запыталі: “А як вы пасьмелі ўзяць такога чалавека на працу?!” Ёй казалі, што ня трэба мяне браць у дзяржаўную ўстанову.

У мяне яшчэ працоўнай кніжкі няма. Месяц не адпрацаваў да канца. Толькі дваццаць тры дні. Усе паперкі, якія былі, аддалі на рукі. А заробак днямі аддадуць.

Я спадзяюся ўладкавацца на працу ў якую-небудзь прыватную кантору, якая ня будзе залежаць ад ідэалягічнай палітыкі нашых уладаў”.

“Яго на працу ніхто не афармляў... У яго няма музычнай адукацыі”

Дырэктарка баранавіцкага Палацу чыгуначнікаў Галіна Зайцава патлумачыла “Свабодзе” прычыну звальненьня маладафронтаўца.

“Яго на працу ніхто не афармляў. Ён заявы не пісаў. Што значыць — выгналі з працы? Я зь ім папросту паразмаўляла пра ягоныя погляды на жыцьцё. Гэта мая прыватная размова як маці зь дзіцём... Нам патрэбныя спэцыялісты. Кадры не бяруць яго, бо ў яго няма музычнай адукацыі”.

Гукарэжысэр Анатоль некалькі гадоў працаваў на дзяржаўным радыё. Ён выказаў сваё меркаваньне:

“Палова з гукарэжысэраў, якія працуюць і на дзяржаўным радыё, і на FM-станцыях, ня маюць музычнай адукацыі. Гэта ня ёсьць крытэрам, каб звальняць чалавека з пасады гукарэжысэра. Тым больш, я думаю, што ў Доме культуры гэта не гукарэжысэр, а радыётэхнік”.

Яраслава Грышчэню ў верасьні пакаралі арыштам у крымінальнай справе за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Ён лічыць, што рана ці позна, але адміністрацыя дзяржаўнай установы ўсё роўна атрымала б загад звольніць з працы апазыцыянэра.

Яраслаў Грышчэня трапіў у аварыю, 8.11.2007 Яраслаў Грышчэня: “На арэну павінна выходзіць моладзь”, 11.09.2007 Я.Грышчэня: “Калі ўжо судзіць за Беларусь, дык давайце будзем судзіць, як у 1937 годзе”, 11.09.2007
XS
SM
MD
LG