Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Дзяржкантролю З.Ломаць прыйшоў у суд з ахоўнікамі


Алег Грузьдзіловіч, Менск У Вярхоўным Судзе Беларусі аднавіўся працэс аб зьбіцьці старшыні Камітэту Дзяржкантролю Зянона Ломаця. Абвінавачаныя ў гэтай справе — супрацоўнікі КДБ і Савету бясьпекі. Працэс праходзіць за зачыненымі дзьвярыма. Падчас кароткай сустрэчы з журналістамі галоўны кантралёр ня стаў гаварыць пра інцыдэнт.

14 лістапада ў Вярхоўным Судзе Беларусі пачалі судзіць трох супрацоўнікаў КДБ і аднаго супрацоўніка Савету бясьпекі. Іх абвінавачваюць у тым, што ў ліпені яны зьбілі ў Магілёве старшыню Камітэту Дзяржкантролю Зянона Ломаця.

Фармальна працэс адкрыўся 5 лістапада, але яго адразу перанесьлі, бо пацярпелы Зянон Ломаць быў у камандзіроўцы ў Мэксыцы.

Сёньня Зянон Ломаць на суд прыйшоў не адзін, а з ахоўнікамі. У перапынку, калі галоўны кантралёр ішоў да “мэрсэдэса”, каб зьехаць з суду, ахоўнікі атачылі яго гэтак шчыльна, што размовы з журналістамі не атрымалася.

Нагадаю, працэс закрыты, і падрабязнасьці справы дагэтуль не вядомыя. Сярод іншага не называюць прозьвішчаў трох з чатырох абвінавачаных у зьбіцьці Зянона Ломаця.

Адзін з чатырох — нехта Арлоўскі, які знаходзіцца пад вартай. Ягонага імя ў судзе ня кажуць.

Невядома нават, прызнаюць абвінавачаныя сваю віну ці не. Пра гэта з пэўнасьцю можна сказаць толькі адносна абвінавачанага, якога абараняе адвакат Алена Быліна.

“Нічога пакуль не зразумела. Мы толькі дапытваем абвінавачанага. Ён сябе вінаватым не прызнае. Пра іншых ня ведаю, яшчэ іх ня чула. Больш ніякага камэнтару”, — сказала спадарыня Быліна.

Прозьвішча свайго падабароннага адвакат Быліна не назвала.

Нагадаю, абвінавачаным пагражае ад двух гадоў абмежаваньня ў службе да сямі гадоў пазбаўленьня волі. Іх дзеяньні пракуратура кваліфікуе як перавышэньне ўлады з выкарыстаньнем гвалту й зброі.

Паводле назіральнікаў, такое абвінавачаньне пацьвярджае зьвесткі пра зьбіцьцё Зянона Ломаця ў адным з гатэляў Магілёва, куды старшыня Дзяржкантролю прыехаў з праверкай.

Але чаму на Ломаця напалі супрацоўнікі спэцслужбаў, і на чый загад яны дзейнічалі, застаецца невядомым.

Сёньня ў кулюарах суду прагучала, што нападнікі нібыта зьбівалі Зянона Ломаця нагамі, паваліўшы яго на падлогу. Варта згадаць, што на фатаздымках Зянона Ломаця, зробленых пасьля інцыдэнту, сапраўды добра відаць сьляды зьбіцьця.

Прозьвішчаў судзьдзяў з вайсковай калегіі Вярхоўнага Суду, якія вядуць працэс, таксама не паведамляюць.

Нагадаем, што празь некалькі дзён пасьля нападу на Зянона Ломаця Аляксандар Лукашэнка зьняў з пасадаў старшыню КДБ Сьцяпана Сухарэнку й ягонага першага намесьніка Васіля Дземянцея.

Між тым, пра сувязь гэтых адставак з інцыдэнтам у Магілёве афіцыйна не паведамлялася.

• Напад на Зянона Ломаця: прычына адстаўкі Сухарэнкі ці банальная бойка?, 18.07.2007 • Чаму невядомыя прозьвішчы абвінавачаных у зьбіцьці Зянона Ломаця?, 5.11.2007
XS
SM
MD
LG