Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вянок памяці: Цімох Вострыкаў


Валянціна Аксак, Менск Жалобная вестка прыйшла з Гомелю — там учора памёр дзеяч нацыянальна-вызвольнага руху Цімох Вострыкаў. Яму ішоў 86-ты год.

Цімох Вострыкаў нарадзіўся 28 жніўня 1922 году ў вёсцы Баршчоўка Добрускага раёну Гомельшчыны ў працавітай сялянскай сям’і. Бацька Якім не прызнаў савецкае ўлады й не ўступіў у калгас, за што быў рэпрэсаваны і загінуў у ГУЛАГу.

Вальналюбны бацькаў дух перадаўся сыну. Цераз усё жыцьцё ён імкнуўся быць самім сабой і працаваць толькі для Беларусі. Дзеля гэтага здолеў некалькі разоў уцячы то з савецкага войска, то зь нямецкага палону, кожны раз вяртаючыся ў сваю вёску.

Але як фронт Другой усясьветнай вайны наблізіўся да ягонай радзімы, вырашыў, што лепей зьехаць на Захад, чым жыць за саветамі.

У Нямеччыне Цімох Вострыкаў узяў сабе кансьпірацыйнае імя Міхась. Там ён пасябраваў са знаным дзеячам беларускае эміграцыі будучым дырэктарам Беларускага інстытуту навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку Вітаўтам Кіпелем.

Спадар Кіпель прыгадвае:

“Пазнаёміліся мы недзе ў 1947 годзе і да пачатку 1950-х гадоў былі вельмі блізкія. На пачатку 1950-х ён сказаў: “Мне на Захадзе жыць ня хочацца, я паеду ў Беларусь”. І паехаў. Ён ведаў, на што ён ідзе, вельмі сьвядома выбраў гэта, але ён хацеў нешта зрабіць”.

Пры канцы жніўня 1952 году Цімох Вострыкаў у якасьці паўнамоцнага прадстаўніка Рады Беларускай Народнай Рэспублікі дэсантаваўся з амэрыканскага самалёту на тэрыторыі БССР.

А празь дзесяць дзён быў арыштаваны савецкімі спэцслужбамі й засуджаны на 23 гады лягераў. Прысуд адбыў цалкам, вярнуўся на радзіму ў Гомель у 1975 годзе і да самай сьмерці ня быў рэабілітаваны.

Вітаўт Кіпель працягвае:

“Ён пакінуў мне пару нататак са свайго жыцьця, якія будуць пазьней апублікаваныя. І тады, і калі ён ужо пачынаў хварэць, ён мне прыслаў картачку, у якой напісаў, што жыцьцё пражытае было ўсё ж такі ня марна. І я зь ім згадзіўся”.

Бард і журналіст Зьміцер Бартосік жыў у Гомелі па суседзтве зь Цімохам Вострыкавым. Зьміцер Бартосік лічыць жыцьцё гэтага чалавека вартым не аднаго прыгодніцкага фільму:

“Сказаў бы мне хто-небудзь, што самы сапраўдны амэрыканскі шпіён жыве ў суседнім доме?.. У прынцыпе ягоны лёс — гэта суцэльны кінараман... Ён застанецца ў маёй памяці чалавекам, які ў самы страшны час намагаўся заставацца самім сабой, беларусам — а беларусам заставацца было самае цяжкае ў той час — і застаўся”.

Цімох Вострыкаў застанецца ў памяці землякоў нязломным беларусам.

Гаворыць моладзевы актывіст Зьміцер Жалезьнічэнка:

“Для мяне гэта заўсёды будзе чалавек, які нязломна змагаўся за нас, за нашу радзіму ў значна больш цяжкі час, чым мы жывем цяпер. Для нас, моладзі, гэта заўсёды будзе прыклад мужнасьці й гераізму. Шкада толькі, што такім людзям так і не ўдалося выказацца канчаткова, і яны так і не пабачылі вольнай насамрэч Беларусі”.

Цімох Вострыкаў пахаваны 14 лістапада на могілках вёскі Раманавічы пад Гомелем. У яго застаўся сын Ільля.

• “Дванаццатка: хлусьня і рэальнасьць”, 19.04.2007 • Хто і нашто здымаў Вострыкава?, nn.by
XS
SM
MD
LG