Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстрыйскі спэцназ Cobra затрымаў беларускага бандыта


Алена Струвэ, Прага 26-гадовы грамадзянін Беларусі Міхаіл Ш., які падазраецца ў сваёй краіне ў забойстве, быў затрыманы ў Вене ў выніку супольнай апэрацыі Аўстрыйскай крымінальнай паліцыі і спэцназу Cobra. Ордэр на арышт падазраванага быў выдадзены паводле хадайніцтва беларускага аддзяленьня Інтэрполу. Пра гэта паведамляе аўстрыйская газэта Kurier --> http://www.kurier.at/nachrichten/chronik/120834.php .

Як распавёў аўстрыйскім мэдыям падпалкоўнік фэдэральнай крымінальнай паліцыі Гельмут Райнмюлер, у Беларусі Міхаіл Ш. падазраецца ў забойстве свайго “калегі” па злачыннай групоўцы, а ў Аўстрыі – у ажыцьцяўленьні разбойных нападаў.

Як вынікае з інфармацыі, якая трапіла ў міжнародны вышук ад беларускага боку, некаторы час таму на Полаччыне адбыўся бандыцкі сход, на якім адзін з чальцоў групоўкі трымаў адказ перад 40 сваімі “сябрамі”. Паводле бандыцкага кодэксу, некаторыя ягоныя ўдзельнікі павінны былі пасьля разборкі застацца зь вінаватым і забіць яго “голымі рукамі”. Потым цела забітага было перанесена ў лес. Там яго аблілі бэнзінам ды спалілі.

Пасьля злачынства Міхаіл Ш. разам са сваёй сяброўкай уцёк у Вену, дзе каля году жыў на нелегальным становішчы. Ня так даўно аўстрыйскія сьледчыя трапілі на ягоны сьлед.

Як паведаміў падпалкоўнік Гельмут Райнмюлер, некалькі дзён запар паліцыянты трымалі засаду на адным зь венскіх завулкаў ля дома, дзе, як меркавалася, жыў Міхаіл разам са сваёй сяброўкай. Паводле Райнмюлера, злачынца аказаў вельмі жорсткі супраціў і яго ўдалося затрымаць толькі пры дапамозе спэцназу Cobrа.

У кватэры Міхаіла Ш. былі знойдзеныя падробленыя польскія пашпарты, парыкі, розныя прылады для ажыцьцяўленьня крадзяжу і рабаваньняў, мабільныя тэлефоны. 26-гадовага беларуса таксама падазраюць у разбойным нападзе на інтэрнэт-кавярню ў венскім прыгарадзе Флярыдсдорф.
XS
SM
MD
LG