Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У.Хачырашвілі: “Улада і апазыцыя ў Грузіі — на адзін твар”


Ігар Карней, Менск Супрацьстаяньне ўладаў і апазыцыі ў Грузіі выклікае неадназначную рэакцыю ў грузінаў, якія жывуць у Беларусі. Меркаваньні пра падзеі ў Тбілісі ды іншых месцах краіны зьбіраў Ігар Карней.

“Лёсам грузінаў мусяць зацікавіцца іншыя краіны”

Адзін з самых вядомых грузінаў, які жыве ў Беларусі, — сьпявак Тарыел Майсурадзэ. У Тбілісі ў яго дагэтуль жывуць бацькі, якіх неўзабаве ён зьбіраецца забраць да сябе ў Менск:

“Натуральна, баліць душа за ўсё, што адбываецца. Бо там у мяне бацькі жывуць, сябры. Але каб рабіць камэнтары, трэба ведаць, што насамрэч адбываецца. Па тэлефоне са сваякамі асабліва не пагаворыш, бо з-за адсутнасьці электрычнасьці ў паловы не працуюць тэлефоны. Таму, як і ўсе, грунтуюся на інфармацыі зь мясцовых і расейскіх СМІ.

Вельмі дрэнна, што так адбываецца. Але ўсё ж спадзяюся, што знойдзецца агульнае, каб суседнія краіны выявілі зацікаўленасьць дзеля разьвязаньня канфлікту.

Таму што гаворка ня толькі ж пра палітыкаў, а пра народ. Бо ў палітыкаў адна гульня, а народу за гэта даводзіцца расплачвацца.

Я грузін, гэта мая радзіма, таму ў мяне ёсьць жаданьне, каб там быў мір. Каб паміж нашымі краінамі (я цяпер ня толькі як грузін кажу, але і як беларус) былі нармалёвыя стасункі, былі культурныя, эканамічныя дачыненьні.

Я ня ведаю, як магу паўплываць на гэта, але гатовы да нейкіх захадаў, каб было нармалёвае жыцьцё”.

“Выбары прэзыдэнта нічога не дадуць”

У журналіста Ўладзімера Хачырашвілі ў Грузіі вельмі шмат сваякоў, але кантакты зь імі цяпер мінімальныя. Сам ён доўгі час працаваў уласным карэспандэнтам агенцтва “Грузінфарм” у Беларусі.

Цяперашні канфлікт ацэньвае як цалкам бессэнсоўны — зь ягонага гледзішча, істотных адрозьненьняў паміж тымі, хто ва ўладзе, і іх апанэнтамі няма:

“У іх ува ўсіх антырасейскія настроі, у апазыцыянэраў у тым ліку. Ім патрэбная ўлада як такая, як спосаб самавыяўленьня. Гэта я так лічу. Пра народ, дабрабыт Грузіі гэтыя людзі даўно забыліся і не ўспамінаюць.

І тыя, і іншыя проста рвуцца да ўлады, да грашовага мяха. А гэты мех, вы самі ведаеце, адкуль папаўняецца. Зьменіцца раптам там улада, калі адбудуцца прэзыдэнцкія выбары, абяруць некага іншага — паверце, гэта ненадоўга.

Там будуць яшчэ доўга праблемы. Бо, яшчэ раз кажу, яны аднолькавыя. Тым больш, што некаторых апазыцыянэраў я ведаў асабіста. Гэта не ключавыя асобы, але па тэлевізары часта праскокваюць. Вось, прыкладам, з Хаіндравам я сустракаўся, зь ім размаўляў”.

Карэспандэнт: “А ці існуе, на ваш погляд, варыянт вяртаньня Эдуарда Шэварднадзэ?”

“Не, старога ліса ўжо ня вернеш. Па-першае, ён калі даваў апошняе інтэрвію, дык відаць, што зусім хворы, моцна пастарэлы. Такой справы ён папросту не пацягне”.

“Расея мусіць зьмяніць стаўленьне да Грузіі”

Да нядаўняга часу інтарэсы Грузіі ў Беларусі прадстаўляў паводле сумяшчальніцтва Грэго Катамадзэ. Дыпляматычнае прадстаўніцтва месьціцца ў Кіеве.

Паводле амбасадара, падзеі ў Грузіі, якія пераважная большасьць беларусаў бачыць праз расейскія тэлеканалы, насамрэч не заўсёды трэба ўспрымаць адназначна. Ён перакананы, што менавіта з падачы расейскага боку канфлікту штучна надаецца антыдзяржаўная афарбоўка:

“Ну, скажыце, калі ласка, як гэта ўсё можна расцэньваць? Як невыкарыстаньне прапагандысцкай сілы дзеля таго, каб Грузія зьмяніла свае арыенціры, зьмяніла свае пазыцыі, якія ўжо многія гады яскрава акрэсьленыя.

Іх абурае, што Грузія вельмі пераканаўча рухаецца ў бок эўрапейскай супольнасьці й намагаецца стаць паўнавартасным сябрам НАТО. Што, уласна кажучы, і адбудзецца. Я думаю, пару гадоў — і канчаткова гэтае пытаньне будзе разьвязанае.

І потым ужо будзе складаней наладжваць кантакты: пасьля нагрувашчаньня вялізнай колькасьці нэгатыву выводзіць усё ў нармалёвае рэчышча будзе складаней. Таму неабходна мяняць палітыку адносна Грузіі”.

• У Менску яшчэ няма ні грузінскага амбасадара, ні будынку амбасады, 13.11.2007

• Грузія: падаўленьне дэмакратыі ці яе абарона?, 13.11.2007
XS
SM
MD
LG