Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што трэба, каб грамадзяне Беларусі маглі вольна выяжджаць у Эўропу?


Міхал Карневіч, Горадня З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да мінакоў на вуліцах Горадні.

Спадар: “Трэба дамаўляцца з тымі краінамі, куды нашы грамадзяне езьдзяць, каб тыя спрашчалі візавы рэжым”.

Спадар: “Трэба спрасьціць візавы рэжым і сачыць за тым, каб консульствы працавалі бездакорна, каб не было ніякіх чэргаў”.

Спадарыня: “Ну, гэта ім наверсе вырашаць, а я гэтага ня ведаю. Дый хіба што-небудзь залежыць ад такіх, як я? Мы толькі й можам, што падначальвацца”.

Спадарыня: “Трэба зьмяняць правілы, трэба ісьці насустрач у дачыненьнях паміж краінамі, каб гэта было ўзаемавыгадна. Калі будзем вырашаць гэтую праблему супольна зь іншымі краінамі — вынік будзе. Трэба паварочвацца адзін да аднаго тварам”.

Дзяўчына: “Трэба адмяніць візы, яны наагул не патрэбныя. Паглядзіце, Польшча побач. А дзеля гэтага трэба зьвярнуцца ў Эўразьвяз і заключыць зь імі дамову”.

Спадар: “Напэўна, трэба мець такія дачыненьні зь іншымі краінамі, каб краіны да нас не паварочваліся сьпінай, а шукаць падыходы, каб яны задавальнялі і нас, і іх. Я так думаю”.

Ягоны сябра: “Я цалкам падтрымліваю думку сябра. Трэба, каб была дружба паміж краінамі”.

Спадар: “Хай дамаўляюцца нашы кіраўнікі”.

Карэспандэнт: “Усё ж, як вы лічыце, што ім трэба зрабіць?”

Спадар: “Трэба паводзіць нам сябе трохі інакш з той жа Польшчай, Літвой, трэба больш цесныя стасункі наладжваць. Такая мая думка”.

Спадар: “Трэба быць бліжэй да суседзяў — палякаў, літоўцаў. Прасьцей будзе дзе-небудзь паехаць. Дый зь іншымі краінамі трэба паводзіцца інакш, асабліва з тымі, зь якімі Лукашэнка кантактаў не падтрымлівае”.

Спадар: “Трэба нейкім чынам узьдзейнічаць на прэзыдэнта й ягоных чыноўнікаў, каб зьмянялі сваю палітыку адносна іншых краінаў”.
XS
SM
MD
LG