Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сядзі ціха; хадзі, апусьціўшы галаву; слухай дзяржаўнае радыё; чытай дзяржаўныя газэты”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Зь якіх крыніцаў беларускія грамадзяне могуць здабыць аб’ектыўную інфармацыю пра падзеі, што адбываюцца ў Беларусі й вакол яе?

Звычайна ў гэтыя апошнія восеньскія тыдні многія людзі паводле старой савецкай завядзёнкі ідуць на пошту, афармляюць падпіску на газэты і часопісы на наступны год. І не заўсёды знаходзяць у падпісных каталёгах тыя выданьні, да якіх прывыклі, інфармацыі якіх давяраюць.

Вось пра які выпадак распавяла ў сваім лісьце на “Свабоду” наша слухачка Маргарыта Бацянкова зь Менску:

“Шмат гадоў мы выпісвалі газэты “Народная воля” і “Московский комсомолец”. Дзе апынулася “Народная воля” — вы ведаеце. Купіць яе цяпер можна толькі ў распаўсюднікаў. Заставаўся “Московский комсомолец”.

Даведалася, што днямі зьявіўся расейскі каталёг падпісных выданьняў — і хутчэй скіравалася на пошту. Як жа зьдзівілася, калі выявілася, што ў Беларусі ўжо нельга падпісацца ні на “Московский комсомолец”, ні на “Коммерсант”, ні на “Новую газету”. Затое на камуністычную “Правду” ці на адыёзную “Завтра” — калі ласка.

Датэлефанавалася да чыноўнікаў, якія за гэта адказваюць. Тлумачэньне наступнае: “Такое ўказаньне дало Міністэрства інфармацыі”. Ну, а хто стаіць за гэтым міністэрствам, ты, паважаная “Свабода”, сама ведаеш.

Словам, гэта працяг ранейшай тактыкі. Спачатку з падпісных каталёгаў выдалілі айчынныя незалежныя выданьні, а цяпер і расейскія. Пры нашай агульнай абыякавасьці.

Улады імкнуцца, каб усе чыталі толькі яе дзяржаўныя выданьні ды радаваліся нашаму жыцьцю. Але што тычыцца маёй сям’і, то мы на дзяржаўную прэсу ніколі не падпісваліся й не зьбіраемся гэтага рабіць. Ня будзем чытаць яе нават бясплатна.

Сумна, што ў Беларусі становіцца цяжка ня толькі жыць, але і дыхаць. З кожным годам гэта адчуваеш усё больш. Дазволена адно: сядзі ціха, хадзі, апусьціўшы галаву, слухай дзяржаўнае радыё, чытай дзяржаўныя газэты. І пры гэтым больш маўчы, чым гавары”.


Даволі дзіўна выглядаюць гэтыя маніпуляцыі з падпіснымі каталёгамі ў той час, калі і “Московский комсомолец”, і “Коммерсант”, і сотні іншых расейскіх і заходніх выданьняў можна чытаць у Інтэрнэце. Сёньня гэта ўжо таньней, чым купляць газэты альбо падпісвацца на іх.

Відавочна, чыноўнікі разьлічваюць на тое, што для старэйшых людзей больш звыкла трымаць у руках папяровы аркуш, а не шукаць навіны з дапамогай кампутара. Але калі для чалавека сапраўды важна ведаць праўдзівую інфармацыю — дарогу да інтэрнэту ён знойдзе. Асабліва, калі ён жыве ў вялікім горадзе.

Вялікі ліст-успамін ад Робэрта Багарадава з Наваполацку. Я вылучыў зь вялікага допісу толькі адзін фрагмэнт — дзе слухач разважае пра пахаваньні салдатаў мінулай вайны, пра стаўленьне цяперашняга беларускага грамадзтва й дзяржавы да гэтай тэмы.

“Цяпер, калі пішу гэты ліст, па дзяржаўным радыё гучыць перадача пра тое, як добра ў нас даглядаюцца брацкія магілы, як клапатліва ставіцца да гэтага ўлада.

А я б расказаў пра тое, як у гады вайны ўся пойма ракі Проні была завалена забітымі й параненымі. Іх ніхто не выносіў. Боепрыпасаў у немцаў хапала, і яны вялі агонь амаль бесьперапынна. Ратаваліся тыя параненыя, якія самі здолелі выпаўзьці. Многія зь іх потым паміралі ў шпіталях.

У нашай вясковай школе быў шпіталь. Памерлых ад ран і забітых хавалі на могілках у брацкіх магілах і ставілі драўляныя пірамідкі з зоркамі наверсе, без крыжоў. Потым месца на могілках не хапіла, сталі хаваць у лясах. Празь некалькі год пірамідкі згнілі і разваліліся.

Ніхто пахаваньняў не даглядаў, не перапісваў імёнаў і не аднаўляў. Уся прыфрантавая паласа па Проні, даўжыня якой да ўпадзеньня ў Сож 200 кілямэтраў, была застаўлена драўлянымі пірамідкамі. І амаль нічога ад іх не засталося.

Савецкія военачальнікі ўмелі толькі гнаць людзей на кулямёты, а клапаціцца пра загінулых не хацелі. За гэта ордэнаў не давалі.

Выдатны расейскі пісьменьнік-франтавік Віктар Астаф’еў неяк сказаў, што Сталін не перамог Гітлера — ён закідаў яго трупамі савецкіх салдат. Рака Проня і яе ваколіцы могуць гэта пацьвердзіць.

Гнаць бяззбройных, неабвучаных салдатаў без артылерыйскай падтрымкі на кулямёты, разьмешчаныя ў бэтонных дотах — гэта было злачыннае забойства. Пра падобныя факты, якія ён назіраў ва Ўкраіне, згадваў і наш Васіль Быкаў у сваёй кнізе “Доўгая дарога дадому”.


Пасьля такіх успамінаў больш відавочным становіцца адказ на пытаньне, чаму беларускія ўлады дагэтуль не даюць згоды на адкрыцьцё нямецкіх салдацкіх могілак.

Урад і грамадзкія арганізацыі Нямеччыны гатовыя на ўласныя сродкі пабудаваць такія могілкі, правесьці перазахаваньні й даглядаць іх.

Маштабы гэтай праблемы немалыя: падчас вайны ў беларускай зямлі знайшлі спачын 190 тысяч нямецкіх вайскоўцаў (зь якіх 40 тысяч памерлі ў савецкім палоне).

Якая ж лёгіка ў забароне па-хрысьціянску пахаваць людзей, якія даўно перасталі быць ворагамі? Ці, калі ўласныя салдаты ляжаць у занядбаных і забытых магілах на берагах Проні, дык і чужыя пахаваньні павінны быць гэтак жа занядбаныя й забытыя?

Аўтар наступнага ліста — наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў — таксама зьвяртаецца да тэмы беларускай мінуўшчыны.

У сваім допісе ён пераказвае ўспаміны сваёй сваячкі бабулі Любы пра тое, якой была заходнебеларуская вёска ў 30-я гады мінулага стагодзьдзя, да таго, як прыйшлі бальшавікі. “Людзям сталага веку ўласьціва ідэалізаваць мінулае, але можа ўсё ж слухачам будзе цікава паслухаць гэтыя нататкі”, — піша Кастусь.

Далей цытую словы бабулі Любы з-пад вёскі Лужкі Шаркаўшчынскага раёну ў пераказе Кастуся Сырэля:

“Цяпер у нашай вёсцы толькі сем кароваў засталося. Пасьвіць не ганяюць, так навязваюць. А пры Польшчы — ажно сто дваццаць было! Ды якія каровы! Вымя — як цэбар!

Пастух раніцай як задудзе ў дуду (вялікая дуда была, зь бяросты) — усё сяло разбудзіць. Каровы па лесе разбрыдуцца, а ён як задудзіць увечары ў тую дуду, яны зь лесу на пожню й павыходзяць.

Пры Польшчы мы, лічы, ня ведалі, што такое гарэлка. Ня пілі людзі гэтак, як цяпер. На ўсю акругу адзін п’яніца быў. А ў акрузе вёсак — Дворнава, Грыдзюшкі Вялікія, Грыдзюшкі Малыя, Казачкі, Гапоны, Дубоўка, Крыўкі... Многа вёсак было.

Ён гусей гадаваў, а ўвосень у Лужках вялікі кірмаш быў, дык ён тых гусей на кірмашы й прадаваў. Як прадасьць, купіць гарэлкі, вып’ець, на калёсы — і дамоў. Дарогай песьні пяець, вот усе й казалі — п’яніца. На год раз выпіваў. Дзе яму зь цяперашнімі раўняцца!

Матам лаяцца тады паняцьця не было, гэта бальшавікі ўсё прынесьлі — і мат, і гарэлку.

Калі жніво пачыналася, граф работнікаў наймаў — мужыкоў, баб, дзяўчат — тых, у каго зямлі мала было. Прысылалі фурманкі, дзяўчаты ў іх пасядуць, едуць, песьні пяюць. Тыдні на два зьяжджалі, пакуль не сажнуць усё. Там іх і кармілі, і жыць было дзе.

І плаціў граф дужа добра. Наглядчык усё запісваў, хто колькі снапоў зьвязаў. Дык яны, слухай, лепей жылі за тых, у каго зямля была. А ў Лужках яшчэ лепей жылі. Яны ў графа пастаянна працавалі, ім, бачыш, блізка было.

А якая графіня добрая была! Калі ў каго дзіця народзіцца, яна прыедзець, ды падарункаў дзіцяці навязець, ды грошай бацькам дасьць. Нікога не абмінець!

...Бальшавікі як прыйшлі ў трыццаць дзявятым, сталі цэрквы паганіць, могілкі рушыць. І наш адзін такі быў, вясковы, Пецькам звалі. Нап’ецца разам з такімі, як сам, а тады пойдуць п’яныя на могілкі, крыжы паваляць, абы-чаго натвораць.

А пасьля вайны хаты разьбіралі, каторыя згарэлі ў вайну. І ён там працаваў. Комін у адной хаце паваліўся — ды якраз на яго. Адразу насьмерць забіла. Гэта Бог яго пакараў...”


Мне, спадар Сырэль, і самому ня раз даводзілася чуць падобныя ўспаміны сваіх аднавяскоўцаў, суседзяў, дзядуль і бабуль зь вёскі Краснае Шчучынскага раёну.

Не прыпомню, каб хто-небудзь добрым словам згадаў прыход бальшавіцкай улады ў 1939-м. Пры гэтым жыцьцё ў дасавецкай вёсцы яны, як правіла, таксама не ідэалізуюць. Праца была цяжкая, і вялікага багацьця з гэтай працы большасьць ня мела.

Але працавалі на сябе і на сваю сям’ю, а галоўнае — на ўласнай зямлі, якую, верылі, ніхто не адбярэ, якая застанецца дзецям і ўнукам.

На чым яшчэ акцэнтуюць увагу сталыя людзі, успамінаючы тагачаснае жыцьцё, — жылі з Богам у душы. Не пайсьці ў нядзелю бяз важкай прычыны ў касьцёл ці царкву лічылася непрымальным — гэта асуджалася грамадзкай маральлю. Пад яшчэ большае асуджэньне падпадалі п’янства альбо лаянка.

На заканчэньне — фрагмэнт зь ліста, які пакіну без камэнтара. Наш слухач Алесь Вашчанка са Смалявічаў таксама разважае пра камуністычнае мінулае Беларусі:

“Камуністы — гэта слова як са сталі…” — так яны самі пра сябе казалі. І сапраўды, яны былі сталёвыя: ні сьлёзы, ні кроў, ні енк дзяцей іх не спынялі. Камунізм, абяцалі, не за гарамі, а чэргі па хлеб тым часам зь вечара займалі. Але ў гэтым, вядома ж, не яны, а “ворагі народу” былі вінаватыя.

Вось хтосьці сказаў, што амэрыканская машына “студэбэкер” лепшая за нашу — і адразу зьнікаў. Ніхто ня ведаў, дзе ён і што зь ім.

Небясьпечным ворагам быў і той селянін, які меў на руках мазалёў больш, чым іншыя. Яго, бедака, шчырага працаўніка, назвалі “кулаком”, абрабавалі да ніткі ды выслалі зь сям’ёй невядома куды. І ніяк ня ўцямяць камуністы і сёньня, што сапраўднымі ворагамі ўласнага народу былі яны самі”.


Дзякуй, спадар Вашчанка, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG