Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастакі пачалі кампанію ў абарону спадчыны Альфрэда Ромэра


Вячаслаў Кулік, Менск Мастакі Беларусі пачалі кампанію ў абарону спадчыны Альфрэда Ромэра — беларускага, літоўскага і польскага мастака, мэдальера, мастацтвазнаўцы й грамадзкага дзеяча. Сёлета — 175 гадоў зь яго дня нараджэньня.

Альфрэд Ромэр быў удзельнікам нацыянальна-вызваленчага паўстаньня супраць расейскага царызму 1863—1864 гадах. Пасьля турэмнага тэрміну жыў у маёнтку Каралінава, што недалёка ад цяперашняй вёскі Камаі Пастаўскага раёну.

Старшыня грамадзкай рады дзеля ўшанаваньня памяці юбіляра мастак Алесь Цыркуноў кажа, што ў Беларусі Альфрэд Ромэр правёў найбольш плённы пэрыяд сваёй творчасьці.

Жывапіснае палатно Ромэра “Хрыстос і сірата” захоўваецца цяпер у Камайскім касьцёле Пастаўскага раёну, яшчэ адно — “Пінская мадонна” — у касьцёле францысканцаў на Берасьцейшчыне.

Паводле Алеся Цыркунова, яшчэ ня страчаная магчымасьць захаваць былы маёнтак мастака — Каралінава. Менавіта сёньня грамадзкая рада накіравала зварот пра гэта ў Міністэрства культуры:

“Стаіць пытаньне: ня даць загінуць маёнтку. Ён цяпер знаходзіцца амаль у аварыйным стане. Мясцовыя ўлады думаюць, каб камусьці сьпіхнуць гэта, ды ня ведаць клопату. Таму наша задача — яго аднавіць. Можа, удасца гэта зрабіць сумесна праз Саюз мастакоў Беларусі, згуртаваньне “Бацькаўшчына”. Напэўна, возьмем яго на свой клопат, каб надаць яму другое дыханьне”.

Алесь Цыркуноў таксама паведаміў, што парафія Камайскага касьцёлу Пастаўскага раёну абвясьціла 2007-мы Годам Ромэра.

11 лістапада ў гэтай сьвятыні адбылося ўрачыстае адкрыцьцё мэмарыяльнай дошкі ў гонар Альфрэда Ромэра. На пліце каляровага мармуру — бронзавы барэльеф мастака і тэкст пра яго на беларускай і польскай мовах.



На здымку: Урачыстае адкрыцьцё мэмарыяльнай дошкі ў гонар 175-годзьдзя Альфрэда Ромэра ў касьцёле сьвятога Яна Хрысьціцеля ў Камайскім касьцёле
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG