Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

<B>“Ня веру, што труп “саюзнай дзяржавы” раптам стане жывым”</B>


Віталь Цыганкоў, Менск Ці можа напярэдадні новага году адбыцца раптоўнае ажыўленьне інтэграцыйных працэсаў паміж Беларусьсю і Расеяй? Наколькі сур’ёзнай зьяўляецца эканамічная экспансія расейскага бізнэсу на Беларусь? Гэтыя ды іншыя пытаньні у перадачы Экспэртыза Свабоды абмяркоўваюць шэф-рэдактар газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна і аглядальнік газэты “Белорусы і рынок” Паўлюк Быкоўскі.

Цыганкоў: “На сайце Белорусский партизан» зьявіўся артыкул Сьвятланы Калінкінай ”Интеллектуальный тупик”, у якім аўтар сьцьвярджае, што цяпер зноў абвастрылася пагроза паскарэньня інтэграцыйных працэсаў паміж Беларусьсю і Расеяй. І гэта тая пагроза, на якую, на думку Сьвятланы, большасьць публіцыстаў і палітыкаў не зьвяртае сур’ёзнай увагі. Што здарылася, што, на вашу думку,гэтая пагроза ўзмацнілася?”

“Думаю, што зараз Беларусь проста паспрабуюць купіць”

Калінкіна: “Па-першае, гэта заява пасьля сустрэчы беларускіх і расейскіх дэпутатаў у Смаленску, што Канстытуцыйны Акт узгоднены і ён можа быць падпісаны ўжо ў лістападзе, а крайні тэрмін – да канца гэтага году. Па-другое, зьмена рыторыкі беларускіх чыноўнікаў, у першую чаргу што тычыцца магчымасьці увядзеньня адзінай валюты. І нарэшце, на такую думку мяне падштурхнула дыскусія, якая ідзе ў аналітычных колах Расеі наконт будучыні Пуціна. Калі вы заўважылі, вельмі шмат аналітыкаў Расеі гавораць, што Пуцін можа паспрабаваць свае сілы менавіта на “саюзнай” прасторы.

Таксама – актывізаваліся на гэтай тэме расейскія “патрыятычныя” сайты. Мы ведаем, што многія зь іх маюць прамое дачыненьне да беларускага кіраўніцтва. І наагул, “патрыятычныя” сілы Расеі заўсёды кансалідавалі свае намаганьні, раіліся з афіцыйным Менскам. Таму мне здаецца, рана мы супакоіліся, нібы пагрозы аб’яданьня няма.

Цыганкоў: “Сьвятлана, вы казалі пра зьмену рыторыкі беларускіх кіраўнікоў. Што вы маеце на ўвазе? Можа, гэта проста выклікана чарговым раўндам перамоваў вакол цаны на газ, і рыторыка мяняецца ў залежнасьці ад хады гэтых перамоваў?”

Калінкіна: “Не. Гэта не зусім так. Гэта найперш зьвязана з тымі перамовамі, якія Беларусь вядзе наконт атрыманьня крэдыту на некалькі мільярдаў даляраў. Расея ўвесь гэты год адмаўлялася даваць крэдыт, але днямі міністар фінансаў Мікалай Корбут паведаміў, што апошнія перамовы былі вельмі пасьпяховыя і пры выкананьні некаторых умоваў мы можаш ужо ў гэтым годзе атрымаць гэты крэдыт. Таму я думаю, што нас зараз проста паспрабуюць купіць”.

Цыганкоў: “Паўлюк, як вы ставіцеся да гэтай вэрсіі Сьвятланы? Ці гэта тое абвастрэньне рыторыкі, якое здараецца з пэрыядычнасьцю раз у год альбо нават часьцей?”

“Ніякіх зьменаў у беларуска-расейкіх адносінаў я ня бачу”

Быкоўскі: “Па шчырасьці, я ня бачу сымптомаў таго, што нешта мяняецца ў беларуска-расейскіх адносінах і менавіта ў гэтым накірунку. Па-першае, што тычыцца Канстытуцыйнага акту, дык ён сапраўды ўжо некалькі гадоў як узгоднены. Але ён ня вынесены на найвышэйшы Дзяржсавет “Саюзнай дзяржавы”. Тэхнічна гэта не адбылося. А тое, што ён надрукаваны, дык ён даўно надрукаваны. Іншае пытаньне, што пасьля таго, як ён быў “узгоднены”, узьніклі новыя папраўкі. Тэхнічная рутына схавала гэты дакумэнт ад пільнай увагі журналістаў, бо ў іх проста няма магчымасьці сачыць за ўсімі тымі папраўкамі, што зьяўляюцца там.

Што да рублёвай прасторы, то якраз сёлета Беларусь афіцыйна абвясьціла, што яна “адвязваецца” ад расейскага рубля, да якога яна і не была прывязаная. Але гэта было нейкім палітычным крокам, калі кіраўнік Нацыянальнага Банку Пётар Пракаповіч сказаў, што мы “адвязваемся”. Таму ў ніякую рэальнай пагрозы таго, што труп “саюзнай дзяржавы” раптам стане жывым, я ня веру”.

Цыганкоў: “Сьвятлана, напрыклад Павал Барадзін, дзяржаўны сакратар “Саюзнай дзяржавы”, амаль кожныя некалькі месяцаў выдае “сэнсацыйныя” заявы пра чаканы прарыў у інтэграцыі. Можа, трэба больш спакойна ставіцца да некаторых заяваў і фактаў?”

“Саюзная дзяржава” пераўтвараецца ў эканамічную структуру”

Калінкіна: “Мы проста аналізуем саюзную дзяржаву ў традыцыйнай матрыцы як палітычнае ўтварэньне. А на самой справе яно паступова пераўтвараецца ў эканамічную структуру, якая, магчыма, вядзе да большай залежнасьці Беларусі ад Расеі, чым гэта было раней.

Менавіта зараз гэтыя працэсы актывізаваліся, і я хачу нагадаць Паўлюку, што на мінулым тыдні старшыня Нацбанку Беларусі Пётар Пракаповіч зноў пацьвердзіў, што тэма расейскага рубля ня зьнятая, і што, маўляў, мы да яго ідзем. Беларускія чыноўнікі свой пункт гледжаньня на саюз з Расеяй мяняюць у залежнасьці ад таго, якія ў іх сёньня патрэбы ўнутры краіны. Актыўна ідзе продаж беларускай маёмасьці менавіта расейскаму бізнэсу, хаця шмат гаворыцца пра заходні бізнэс, пра заходнія тэхналёгіі.

Мне здаецца, эканамічная экспансія ня менш небясьпечная, чым экспансія палітычная. Не зьвяртаць не гэта ўвагу проста нельга”.

Цыганкоў: “Апошні гады беларускаму кіраўніцтву, здаецца, удавалася стратэгічна ўтрымліваць сытуацыю, каб не аддаць Расеі надта шмат. Ці ёсьць зараз прыкметы таго, што гэтая стратэгічная лінія пад пагрозай?”

Быкоўскі: “Я ўзгадваю такі літаратурны пэрсанаж, як Каробачка, якая не хацела прадаваць Чычыкаву нават мёртвыя душы – але ўрэшце прадала. Напэўна, беларуская дзяржава зараз у ролі Каробачкі і знаходзіцца. З аднаго боку, даходу вялікага многія прадпрыемствы не даюць, а існаваць па-за межамі эканамічных сувязяў з Расеяй шмат якія прадпрыемствы рэальна ня могуць. Зь іншага боку, тое, што яны прывязаныя менавіта ў прамысловую лінію расейскай прамысловасьці – робіць іх цікавымі менавіта для расейскіх інвэстараў.

Тое, што кажа Сьвятлана – важна, калі гэтага сапраўды вельмі шмат. Слова “экспансія” мае права на існаваньне, калі яно пацьверджанае нейкімі рэальнымі крокамі. Напрыклад, калі Расея перавядзе сюды свой гульнявы бізнэс, пра што шмат пляткараць, ці скупіць прадпрыемствы нейкай адной галіны. Гэта будзе важна, тады Беларусь трапіць у пэўную залежнасьць.

Але зараз яе пакуль што я ня бачу. Ёсьць залежнасьць палітычная, залежнасьць рынку продажу нашых тавараў, куплі сыравіны ў Расеі. Але нават пры гэтым кіраўніцтве Беларусі апошнія гады адбываецца дывэрсыфікацыя зьнешняга гандлю”.

• “Саюзнага тэлевізара” чакаюць ужо 10 гадоў, 14.11.2007
XS
SM
MD
LG