Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкцыі: ЗША – “злы паліцэйскі”, Эўразьвяз -- "добры"?


Віталь Цыганкоў, Менск 13 лістапада Злучаныя Штаты ўвялі фінансавыя санкцыі супраць канцэрну “Белнафтахім”. Усе актывы гэтай кампаніі, якія будуць знойдзеныя ў Злучаных Штатах, павінны быць замарожаныя. Ці паўплывае гэты крок на паводзіны беларускіх уладаў? Наколькі ўзгодненая палітыка ЗША і Эўразьвязу ў дачыненьні Беларусі? На гэтыя пытаньні Віталя Цыганкова адказвае экспэрт у міжнародных дачыненьнях Андрэй Фёдараў

Цыганкоў: “Наколькі можа быць выніковым гэты крок амэрыканскага кіраўніцтва? Ці можа гэта зьмяніць палітычныя паводзіны афіцыйнага Менску?”

Фёдараў: “Пакуль цяжка сказаць, наколькі эканамічна істотна гэта да Беларусі. Падаецца, што ня вельмі, бо ў нас увогуле зь імі эканамічныя адносіны ня надта вялікія. Сыходзячы з гэтага боку, можна меркаваць, што непасрэдныя эканамічныя наступствы будуць ня надта істотныя.

У палітычнай сфэры, безумоўна, будзе вялікае раздражненьне з беларускага боку, крытыка і гэтак далей. Я не выключаю, што гэта толькі папярэднія крокі з боку ЗША, і Вашынгтон тым самым паказвае, што можа зрабіць нешта больш уплывовае і непрыемнае для беларускага боку”

Цыганкоў: “Прадстаўнікі эўрапейскіх структураў усё часьцей прыяжджаюць у Беларусь, усё гучней ідуць размовы пра нейкія перамовы паміж беларускім кіраўніцтвам і эўрапейцамі, а ЗША даволі пасьлядоўна ідзе ў больш канфрантацыйным рэчышчы, прымяняючы санкцыі. Ці можна гаварыць, што палітыка ЗША і Эўразьвязу да афіцыйнага Менску адрозьніваецца, і не зьяўляецца ўзгодненай?”

Фёдараў: “Я б не сказаў, што гэтая палітыка настолькі адрозьніваецца. Можам нагадаць, што Эўразьвяз улетку таксама ўвёў санкцыі ў сувязі з парушэньнем Менскам правоў прафсаюзаў. Аб вялікім разыходжаньні не выпадае казаць, тым не менш пэўная розьніца назіраецца.

Я не выключаю, што паміж ЗША і Эўразьвязам ідзе нейкі падзел функцыях – “добры паліцэйскі” і “злы паліцэйскі”. Магчыма, Менску жадаюць паказаць, што калі ён будзе паводзіць сабе такім-та чынам -- яму будзе добра, калі не – то і другі бок можа пераключыцца на канфрантацыйны тып паводзінаў. Такое зусім магчыма”.

• Эканаміст В.Мацкевіч: “Санкцыі ЗША будуць вельмі балючыя”, 13.11.2007

• Злучаныя Штаты ўвялі фінансавыя санкцыі супраць “Белнафтахіму”, 13.11.2007
XS
SM
MD
LG