Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Саюзнага тэлевізара” чакаюць ужо 10 гадоў


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Маскве працягнецца паседжаньне Парлямэнцкага сходу Саюзу Беларусі і Расеі. На сходзе плянуецца разгледзець і зацьвердзіць праект саюзнага бюджэту на 2008-ы год. Яго меркаваны аб’ём складзе 4 мільярды расейскіх рублёў.

Новая “фішка” саюзных задумак, пра што ўчора шмат казалі ў Маскве, – стварэньне сумеснага сучаснага супэркампутара. Абяцаюць, што ён будзе здольны за адну сэкунду праводзіць аж некалькі трыльёнаў апэрацыяў. Парлямэнтары салідна называюць гэтую ідэю “адным з прыярытэтных кірункаў навукова-тэхнічнага разьвіцьця саюзу”.

“Саюзны кампутар” – далёка ня першы праект, на які ўскладаецца столькі спадзяваньняў. Раней зь вялікай помпаю рэклямавалі “саюзны тэлевізар”, “саюзны рухавік”. Але на паліцах крамаў тэлевізараў сумеснай вытворчасьці няма дагэтуль, хаця размовы вядуцца ўжо больш за 10 гадоў.

Беларускі журналіст Аляксандар Алесін нядаўна быў у Яраслаўлі, дзе спрабавалі вырабляць “саюзныя рухавікі” для беларускіх МАЗаў.

“Цяпер на Яраслаўскім маторным заводзе наладжваюць ліцэнзійную вытворчасьць францускіх рухавікоў, – расказвае Аляксандар Алесін. – Гэты завод купіў вядомы бізнэсовец Алег Дзерыпаска. Ягоны праект выглядае як альтэрнатыўны “Саюзнаму рухавіку”. Там такая парадаксальная сытуацыя. Саюзная праграма прадугледжвала на базе традыцыйных матораў выраб шляхам эвалюцыі рухавікоў “Эўра-3” і “Эўра-4”. Але Дзерыпаска сказаў, што гэты шлях тупіковы. І таму, маўляў, мы будзем купляць рухавік у Эўропе. І яны такі рухавік купілі. Разам са зборачным заводам. Я быў у Яраслаўлі 16-га кастрычніка і бачыў: ужо запусьцілі гэтую вытворчасьць”.

Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў лічыць, што эканамічныя працэсы ня могуць быць эфэктыўнымі без палітычных рашэньняў:

“Чым глыбейшыя і мацнейшыя інтэграцыйныя эканамічныя працэсы, тым больш зразумелым робіцца тое, што трэба ўключаць у парадак дня і палітычныя пытаньні. У нас усё нібыта ёсьць. Нават саюзны ўрад. Але правоў у гэтага ўраду, я прашу прабачэньня, столькі ж, колькі ў звычайнага ўраду Беларусі ці Расеі. І нават менш. Таму зразумела, што палітычныя справы трэба афармляць канстытуцыйным дакумэнтам”.

Аляксандар Дабравольскі – дэпутат Вярхоўнага Савету XIII скліканьня –згадвае: яшчэ падчас ягонага дэпутацтва шмат гаварылі пра розныя саюзныя праграмы:

“Але мне здаецца, што гэта ўсё, як калісьці казалі інжынэры (а я – радыёінжынэр), “шуміха і неразьбярыха”, у якой больш знаходзіць чынавенства, чым простыя людзі. Для таго, каб будаваць супэркампутар, трэба мець моцную эканоміку, якая б стымулявала навуку ў вытворчасьць.

А калі гэта дзяржаўная эканоміка, дык я заўсёды згадваю словы свайго былога генэральнага дырэктара, які казаў: “Вось жа сур’ёзная праблема: як зьвязаць навуку з вытворчасьцю?" Калі ты маеш дачыненьне зь бюракратычнай сыстэмаю, дык ніяк”.

• Леанід Заіка: “Будзе ўсё, як у савецкі час”, 23.10.2007
XS
SM
MD
LG