Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дар’я Ліс: “Беларускія школы стануць беларускамоўнымі”


Аляксандар Уліцёнак, Менск Чарговы тыдзень у пятніцу галоўную тэму нашай праграмы будзе вызначаць грамадзкі рэдактар “Свабоды”. Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – 26-гадовая Дар’я Ліс – жыве ў мястэчку Залесьсе Смаргонскага раёну. Кожны дзень – да пятніцы – у нашым эфіры гучаць інтэрвію з грамадзкай рэдактаркаю тыдня. Гэтым разам размова з выпускніцаю сталічнага пэдунівэрсытэту ідзе пра магчымасьці школьнікаў з правінцыі падрыхтавацца да паступленьня ў ВНУ.

Уліцёнак: “Праблема нумар адзін менавіта для дзяцей з Залескай школы…”

Ліс: “Яна ў нас беларускамоўная. А пры паступленьні ва ўнівэрсытэт патрабуецца збольшага здаваць іспыты па-расейску. Я лічу гэта дыскрымінацыяй. Так, фармальна ты можаш выбраць і беларускую, але часьцей за ўсё даводзіцца рыхтаваць тэсты па хіміі, напрыклад, ці матэматыцы на расейскай, зь якой у нашых дзяцей ёсьць пэўныя праблемы. І тут ужо нараджаюцца нейкія комплексы”.

Уліцёнак: “Як вашыя выхаванцы рыхтуюцца да штурму ВНУ?”

Ліс: “Некаторыя бацькі могуць пацягнуць рэпэтытарства. Іншыя – не. Кожны вырашае сам. Многія дзеці езьдзяць да рэпэтытараў у Смаргонь. А шмат якія залескія настаўнікі займаюцца зь дзеткамі бясплатна – такія вось альтруісты!”

Уліцёнак: “Вясковае ўяўленьне пра этыку не дазваляе браць грошы?”

Ліс: “Так, і этычная матывацыя прысутнічае, і зноў жа нейкія комплексы… Таму рэпэтытараў дзеці знаходзяць у большасьці выпадкаў па-за межамі школы”.

Уліцёнак: “Тваё стаўленьне да выдзяленьня пэўнай колькасьці месцаў у ВНУ для вясковых выпускнікоў…”

Ліс: “Самае галоўнае – зрабіць вясковую школу сучаснай, кампутарызаванай і даць дзецям магчымасьць атрымаць якасную адукацыю. Калі наша вясковая школа зможа параўнацца па сваіх матэрыяльных магчымасьцях з гарадзкой, тады, напэўна, можна гэтыя льготы адмяняць. Пакуль жа яны патрэбныя”.

Уліцёнак: “Чаго, на твой погляд, найперш бракуе ў школьнай рэформе?”

Ліс: “Школе не хапае фінансаў. Ну вось цяпер, скажам, шырока ідзе праграма кампутарызацыі. Правільна робяць? Безумоўна! Чыноўнікі пахваляюцца: школы падлучаныя да інтэрнэту! Тое праўда. Але! Хто штомесяц будзе плаціць за яго? Школе ж на гэта сродкі не выдаткоўваюць… Сама, атрымліваецца, мусіць іх недзе знаходзіць. А дзе?”

Уліцёнак: “Як адносяцца залесцы да камэрцыялізацыі вышэйшай адукацыі?”

Ліс: “Хто мае магчымасьць добра зарабляць, ставяцца больш паблажліва. А ў каго ёсьць праблемы фінансавыя, то зусім ужо іншае. Балючае пытаньне…”

Уліцёнак: “Якой павінна быць заўтрашняя беларуская школа?”

Ліс: “Веру ў тое, што беларускія школы стануць беларускамоўнымі, гэта будзе прэстыжна. А дзеці атрымаюць магчымасьць вучыцца па-беларуску ва ўнівэрсытэтах”.

• Дар’я Ліс: “Адсутнасьць выбару – апрыёры нэгатыў”, 13.10.2007 • Дар’я Ліс: “Агінскі парадаваўся б за дзяцей…”, 12.10.2007 • Грамадзкі рэдактар тыдня – Дар’я Ліс, 11.10.2007

Найцікавейшыя матэрыялы аўторка на сайце svaboda.org паводле Дар’і Ліс:

Расейская кампанія першая заявіла пра гатовасьць будаваць у Беларусі АЭС У Менску адбудзецца вечарына памяці Сяргея Грахоўскага Кампанія салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным У калёніі Андрэю Клімаву вярнулі адабраныя месяц назад харчы У беларускай вёсцы Парыж – свая Эйфэлева вежа
XS
SM
MD
LG