Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гэбіст” “Вова” зьбіраецца на шашлыкі з магілёўскай апазыцыяй


Ігар Карней, Менск У Магілёве пачасьціліся выпадкі візытаў супрацоўнікаў спэцслужбаў да актывістаў дэмакратычнага руху і чальцоў незалежных прафсаюзаў. Пакуль што гутаркі носяць прафіляктычны характар і абмяжоўваюцца тлумачэньнем: што, з гледзішча КДБ, для апанэнтаў улады “добра”, а што – “дрэнна”. Але ў шэрагу выпадкаў дэмакратычным актывістам абяцаюць спрыяньне ў вучобе і працы – за “супрацоўніцтва” з органамі.

Маладыя чэкісты “трэнуюцца” на студэнтах

Як апавядае магілёўскі актывіст Ігар Барысаў, апошнім часам імпэт супрацоўнікаў КДБ сканцэнтраваны на сяброх прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП). Паводле майго суразмоўцы, менавіта незалежны прафсаюз стаў сапраўдным раздражняльнікам для спэцслужбаў:

“За апошняга паўгоду мінімум пяцёх маіх сяброў выклікалі на сустрэчы з прадстаўнікамі спэцслужбаў. Адзін з апошніх выпадкаў – гэта прыход да кіраўнічкі прафсаюзу РЭП Галіны Лісіцынай перад “Сацыяльным маршам”. Дый я сам таксама знаёмы з гэтым, неаднойчы сутыкаўся, калі яшчэ працаваў на дзяржаўным прадпрыемстве”.

Карэспандэнт: “То бок пад прыцэлам людзі пераважна палітычна актыўныя?”

“Альбо палітычна актыўныя, альбо чальцы прафсаюзу. А так, калі ты не займаесься палітыкаю, калі ты ня сябра незалежных прафсаюзаў, то ніхто й чапаць ня будзе”.

Карэспандэнт: “Наколькі сур’ёзна настроеныя людзі, якія прадстаўляюць спэцслужбы?”

“Яны ўвогуле задаюць вельмі дзіўныя пытаньні. Напрыклад, якія кніжкі вы чытаеце, якія сайты наведваеце, якія сайты апазыцыйныя ведаеце… А ведаеце, маўляў, што вось гэты чалавек апазыцыянэр, а апазыцыя – гэта дрэнна... Гэта ўсё так сьмешна адбываецца, што казаць пра нейкую сур’ёзнасьць?.. І яшчэ адно назіраньне: чым маладзейшы чалавек, якога апрацоўваюць, тым маладзейшы сам супрацоўнік КДБ. Такое ўражаньне, што яны трэнуюцца на гэтай моладзі”.

“Вова” з Магілёва хоча бліжэй пазнаёміцца з апанэнтамі

Актывістку прафсаюзу РЭП Марыю Дзюбу на “прафіляктычную гутарку” выклікалі наўпрост у кабінэт рэктара Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту харчаваньня. Для дзяўчыны гэта было сапраўднай нечаканасьцю, паколькі яна толькі нядаўна стала сябрам прафсаюзу і нічым выявіць сябе папросту не пасьпела. Але супрацоўнік КДБ, як кажа Марыя, відавочна меў заданьне на прафіляктычную гутарку:

“Калі я прыйшла зь ім размаўляць, спыталася: “А што, нельга ўступаць у такія прафсаюзы?” Ён адказаў: “Не”. І, маўляў, нічога добрага у такіх прафсаюзах няма. Ён дэманстратыўна паказаў, што ў яго ёсьць інфармацыя на мяне, на маіх бацькоў, дзе яны працуюць. Я лічу, што гэта ён зрабіў адмыслова, каб крыху запалохаць”.

Карэспандэнт: “На ваш погляд, хто “наводзіць” на такіх людзей, як вы?”

“Мяне таксама цікавіць гэтае пытаньне. Таму што атрымліваецца, як я ўступіла ў прафсаюз, прайшло толькі паўтара месяца. Я нідзе і ні ў чым па сутнасьці ня ўдзельнічала. А тут рэзка прыехалі ў інстытут, дзе я вучуся, і выклікалі на дыван. Вельмі шмат пытаньняў, і мне гэтаксама цікава: якім чынам яны даведваюцца, хто ўступае ў гэты прафсаюз? А ўрэшце гэты чалавек прапанаваў “супрацоўніцтва”: маўляў, надалей мы вам дапаможам у інстытуце, на працы і г.д.”.

Некаторыя “гэбісцка-прафсаюзныя” гісторыі нагадваюць дрэнна пастаўлены спэктакль. Як расказаў Ігар Барысаў, старшыню моладзевай арганізацыі прафсаюзу РЭП Станіслава Кавалеўскага запрасілі ў кавярню, што ў цэнтры Магілёва. Там чалавек у цывільным, якія назваўся “Вовам”, цікавіўся плянамі што да службы ў войску і ненавязьліва прапаноўваў “працу”. У сваю чаргу Станіслаў, каб не падацца няветлівым, запрасіў чэкіста ў паход на шашлыкі з прафсаюзнай групаю, дзе той у нефармальных абставінах мог бы пераканацца ў канструктыўнай сутнасьці арганізацыі. “Вова” пагадзіўся і нават паабяцаў прывесьці сяброў. Цяпер на паседжаньні прафсаюзнай ячэйкі будзе абмеркаванае пытаньне “ўік-энду з афіцэрамі КДБ”.

• Дачку асуджанай актывісткі Партыі БНФ спрабаваў завэрбаваць КДБ, 12.11.2007 • Магілёў: моладзевую актывістку даймае супрацоўнік КДБ, 31.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG