Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вітаміны: неабходнасьць альбо рызыка?


Іна Студзінская, Менск Паводле дасьледаваньняў амэрыканскіх навукоўцаў, празьмернае ўжываньне вітамінаў можа быць сур’ёзнай рызыкай для здароўя.

На паліцах беларускіх аптэк – вітаміны самых розных фармацэўтычных фірмаў: і дарагія імпартнымі, і больш танныя беларускія. Правізар сталічнай аптэкі Ганна Мельнікава раіць:

“Вельмі добрыя распушчальныя вітаміны “Малкут” – тут сутачная патрэба і вітамінаў, і мікраэлемэнтаў. Не перадазуеш, па адной таблетцы ў суткі можна на працягу ўсяго жыцьця ўжываць. Ёсьць недарагія вітаміны ўкраінскай вытворчасьці – рэвіт, гэксавіт, ундэвіт. Шырокі спэктар “Вітрума”, цэнторый, тэравіт. Ёсьць антыаксікапсы беларускай вытворчасьці ў капсулах”.

Але дасьледаваньні, якія правялі навукоўцы Ўнівэрсытэту штату Вашынгтон, паказалі, што рэгулярны прыём вітаміну Е цягам 10 гадоў нязначна падвышаў рызыку раку лёгкіх у людзей, якія паляць; прыём антыаксыдантаў падвышаў рызыку сьмяротнасьці на 16 працэнтаў. Мужчынам небясьпечна ўжываць шмат полівітамінаў – лішак іх павялічвае верагоднасьць раку прастаты. Беларускі навукоўца і практыкуючы лекар-гематоляг Аляксандар Скрагін перакананы:

“Вітаміны – гэта чыстая камэрцыя: іх вырабляюць – іх трэба збываць. Але раней ніякіх сур’ёзных дасьледаваньняў, “сьляпых”, параўнальных -- іх ніколі ніхто не рабіў. Дайшла справа да доказнай мэдыцыны – і нарэшце даказалі, якая гэта шкода, як гэта дрэнна”.

У той жа час многія мэдыкі, фармаколягі перакананыя, што недахоп пэўных вітамінаў вядзе да захворваньняў і парушэньняў. Самы клясычны прыклад -- цынга, недахоп вітаміну С. Пры недахопе вітаміну А пакутуе імунная сыстэма, зрок. Правізар Ганна Мельнікава кажа:

“Арганізм абавязкова павінен атрымліваць неабходную сутачную дозу ўсіх вітамінаў, інакш будзе збой. Да прыкладу, каб задаволіць сутачную неабходнасьць вітаміну С, трэба зьесьці кіляграм яблык. Хіба ж чалавек зьядае кіляграм яблык за дзень?”

Вітаміны прыроднага, расьліннага паходжаньня – гэта адно, а сынтэтычныя вітаміны – гэта зусім іншае, сьцвярджае народны лекар Валер Лістратаў. Да прыкладу, калі сынтэтычны аспірын (ацэтылсаліцылавая кіслата) зьмяншае зьвёртваемасьць крыві, то аспірын, які утрымлівае расьліна тавалга, аказвае супрацьлеглае дзеяньне, хаця і той, і той зьніжаюць тэмпэратуру. Тое самае і зь вітамінам С. Яго раяць ужываць ў вялікай колькасьці пры прастудзе. Валер Лістратаў кажа:

“Але пры празьмернай колькасьці сынтэтычнага вітаміну С можа разьвіцца гастрыт. Калі мы будзем ужываць вітамін С натуральны, які атрымоўваецца не сынтэтычным шляхам, а ўтрымліваецца ў прадуктах, колькасьць вітаміну С можна павялічыць, ніякай шкоды ня будзе”.

Навукоўца, лекар-гематоляг Аляксандар Скрагін перакананы:

“Калі чалавек прымае вітаміны не натуральныя, а таблетаваныя – ён перастае засвойваць натуральныя. Наконт павышэньня рызыкі ракавых захворваньняў – гэта зразумела было з той жа біяхіміі і патафізыялёгіі. То бок чалавеку трэба вельмі мала вітамінаў. Любы арганізм нармальна функцыянуе ва ўмовах дэфіцыту”.

Аляксандар Скрагін сьцьвярджае, што ўсе небходныя для арганізму рэчывы, вітаміны, мінэралы чалавек павінен атрымоўваць са сьвежымі, карыснымі, чыстымі прадуктамі. Сэзоннаму разбурэньню падвяргаецца ў асноўным толькі вітамін С, які ўтрымліваецца ў яблыках, апэльсінах, лімонах, што прадаюцца круглы год. Што да вітамінаў А, В -- яны наагул не разбураюцца.

У часе хваробы лекары рэкамэндуюць есьць як мага больш садавіны і гародніны. Але, да прыкладу, сьвежая морква ахаложвае арганізм, і пры прастудзе Валер Лістратаў ўжываць яе не рэкамэндуе:

“Калі чалавек проста зьмёрз, рэкамэндуецца проста цёплыя напоі, гарбату, адвары, настоі ўжываць. Калі высокая тэмпэратура – трэба ўжываць больш кіслыя рэчы: лімон, журавіны. Я раю капусту, якая валодае агульнаўмацоўваючымі ўласьцівасьцямі і служыць добрай прафіляктыкай анкалягічных захворваньняў”.

Правізар Ганна Мельнікава раіць ужываць некаторыя бясшкодныя вітамінныя прэпараты для павышэньня імунітэту:

“Эхінацэя, эстыфан беларускай вытворчасьці, імунал – для павышэньня імунітэту ў дзіцячым узросьце”.

Карэспандэнтка: “А кошты даступныя?”

“Імунал – 9250 рублёў каштуе. Беларускія вітаміны ў якасьці біялягічна актыўных дадаткаў таксама каля 10 тысяч”.

Але ўсё добра ў разумных межах, пры празьмерным ужываньні вітаміны небясьпечныя, кажа лекар-гематоляг Аляксандар Скрагін:

“Іх шмат ня трэба – а прымаюць шмат. Арганізм іх не назапашвае, ад лішкаў трэба пазбавіцца. Арганізму трэба зрабіць такую настройку, так бы мовіць, пераўтварыць у такую форму, якую можна вывесьці. Фарміруецца такі ланцужок, які патрабуе іншых вітамінаў, фэрмэнтаў, якія накіраваныя на тое, каб выводзіць гэтыя непатрэбныя вітаміны”.
XS
SM
MD
LG