Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа 13 лістапада


Зьміцер Падбярэскі, Менск Агляд беларускага Інтэрнэту

Сайт нагадвае, што паводле беларуска-расейскай дамовы пра пастаўкі газу, Беларусь налета будзе плаціць “Газпраму” 67% ад сярэднеэўрапейскага кошту. Калі лічба, названая намесьнікам старшыні праўленьня кампаніі Мядзьведзевым, застанецца без зьменаў, Беларусь будзе плаціць 201 долар за тысячу кубамэтраў. Аляксей пракамэнтаваў навіну гэтак: «Ну жылі ж неяк вялікія цывілізацыі без газу: егіпцяне, грэкі, эпоха Адраджэньня неяк адбылася без «Газпраму»... Можа стварыць беларусам нізкатэхналягічную і высокаэкалягічную цывілізацыю? І пускаць да сябе паветрам дыхаць і чыстых прадуктаў паесьці. За добрыя грошы».

У Мінску на плошчы Незалежнасьці, каля будынку Мінгарвыканкаму, Ратушы і на плошчы Перамогі брук на ходніках мае павышаны радыяцыйны фон. Аднак ў Цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі не бачаць у гэтым праблемы і мяняць радыяцыйную плітку на плошчы Незалежнасьці не лічаць патрэбным.

sendej у суполцы піша: “Менчукі! Чаму нам усё роўна? Мы і нашыя дзеці ходзім па радыяцыі. (...) На выхадных шукаў, дзе купіць дазімэтар — іх не прадаюць! Чыноўнікі не зьбіраюцца плітку на плошчах перакладаць! Прапаную напісаць ліст, сабраць подпісы і накіраваць ім. Хто са мной?”

У інтэрнэце працягваюць абмяркоўваць адкрыцьцё новых станцыяў мэтро “Барысаўскі тракт” і “Ўручча”. На сайце Алена скардзіцца на працу грамадзкага транспарту, які падвозіць жыхароў аддалены мікрараёнаў да мэтро: “На прыпынку зьбіраецца вялікая колькасьць людзей (такога раней не было), якія ня могуць увайсьці ў аўтобус, пачынаецца штурханіна, кіроўца ня можа зачыніць дзьверы, даводзіцца прапускаць па некалькі аўтобусаў, траціцца час. У выніку на працу я дабіраюся цяпер на 10-15 хв. больш. Я чакала моманту, калі адкрыюцца новыя станцыі мэтро ў спадзяваньні, што час на дарогу да працы скароціцца. Думаю, што са мной пагодзіцца вельмі шмат людзей».

Аляксей Валабуеў даслаў нам спасылку на суполку . Вось як тлумачаць яе заснавальнікі галоўныя мэты суполкі: “Мы маем усе падставы сьцьвярджаць, што п''янства і тытунепаленьне трымаецца на хлусьні, якую пад усякай падставай падносяць народу. Варта толькі пітушчаму чалавеку сказаць праўду аб алькаголі і тытуню, але сказаць так, каб ён гэтай праўдзе паверыў, і чалавек назаўжды кідае піць. Але, на жаль, праўду аб гэтым мы ня чуем. Усе сродкі масавай інфармацыі, у тым ліку кіно, тэатар і нават літаратура, дружна прапагандуюць ману, падтрымліваючы гэтыя шкодныя звычкі на самым высокім узроўні. Нашая мэта — сказаць людзям праўду аб алькаголі, а таксама паказаць на асобныя прыклады хлусьлівых аргумэнтаў, якімі часьцей за ўсё алькагольныя прапагандысты стараюцца атлуміць слабых людзей і не выпусьціць іх з алькагольных сетак».

Валерыя Рубіна на Сайце апавядае пра тое, як робіцца беларуская гісторыя: “У Новым годзе намячаўся 65-гадовы юбілей Жодзіна. Аднак некаму падалося ня вельмі салідным правіць такім маладым гарадзішкам. Тады і паслалі запыт у Інстытут гісторыі АН Беларусі. У архівах знойдены запіс: яшчэ ў 1643 годзе недзе ў цяперашніх жодзінскіх мясьцінах была распачата будаўніцтва паселішча Багуслаў Поле, якое належала Радзівілам. На лістападаўскай сэсіі Жодзінскага гарадзкога Савету перад народнымі выбраннікамі стаяла "гістарычная" задача: вырашыць, які ж юбілей адзначаць у 2008 годзе. Адзінагалосна дэпутаты "састарылі" Жодзіна ажно на трыста гадоў, прыпісаўшы год нараджэньня 1643-й».

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG