Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэдзкія фільмы па-беларуску на экранах Менску


Любоў Лунёва, Менск У Менску ў кінатэатры “Цэнтральны” пачаўся трохдзённы паказ швэдзкіх дзіцячых фільмаў. Фэстываль прысьвечаны 100-гадоваму юбілею знакамітай дзіцячай пісьменьніцы Астрыд Ліндрэн, якая напісала кнігі пра Карлсана-з-даху і Піпі Доўгуюпанчоху. На беларускую мову перкаладзены “Карлсан-з-даху”, хутка выйдзе "Піпі Доўгаяпанчоха".

Амбасадар Стэфан Эрыксан па-беларуску зьвярнуўся да школьнікаў, якія прыйшлі на паказ з розных менскіх школаў. Большасьць зь іх – навучэнцы расейскамоўных школаў.

Стэфан Эрыксан апавёў Радыё Свабода:

“Прыйшлі розныя дзеці. Запрасілі зь беларускамоўных школ. З расейскамоўных прыйшлі таксама. Нам было цікава ўпершыню паказваць фільмы на беларускай мове. Такая пазыцыя. Прынцыпова, не прынцыпова... Але, калі ёсьць такая магчымасьць, то мы, вядома, аддамо перавагу фільмам на беларускай мове”.

Перад паказам фільму “Крошка Нільс Карлсан” адбылася невялікая віктарына, прысьвечаная творчасьці Астрыд Ліндгрэн, пісьменьніцы, якая натхніла шматлікія пакаленьні маленькіх чытачоў і назаўсёды зьмяніла швэдзкую дзіцячую літаратуру.

Стужкі дэманструюцца на швэдзкай мове з ангельскімі субтытрамі і сынхронным перакладам на беларускую.

Гледачы, апроч “Крошкі Нільса Карлсана”, убачаць два фільмы – “Усе нашы дзеці зь Бюлербю” і “Браты Львінае Сэрца”.

У кастрычніку і пачатку лістапада стужкі ўжо дэманстраваліся ў Віцебску і Магілёве. Цяпер іх прапануюць увазе менскіх гледачоў.

Фэстываль з выпадку 100-гадовага юбілею Астрыд Ліндрэн ладзіць аддзяленьне амбасады Швэцыі ў Менску пры падтрымцы Швэдзкага інстытуту, а таксама беларускія партнэры.

Юбілей Астрыд Ліндрэн, якой 14 лістапада споўнілася б 100 гадоў, адзначаюць ува ўсім сьвеце. Сэмінары, выставы, кінафэстывалі адбываюцца ў Бэрліне, Лёндане, Токіё, Пэкіне, Будапэшце.

Да стагодзьдзя з дня нараджэньня Астрыд Ліндрэн накладам 2 тысячы асобнікаў у Менску выйшла па-беларуску кніга “Малы і Карлсан-з-даху”. Падрыхтавана да друку яшчэ адна кніжка знакамітай пісьменьніцы – “Піпі Доўгаяпанчоха” – яна таксама выйдзе па-беларуску.

“Карлсана-з-даху” пераклаў на беларускую Юрась Жалезка, літаратурным рэдактарам быў мовазнаўца Лявон Баршчэўскі. "Піпі Доўгаяпанчоха" па-беларуску выйдзе на пачатку 2008 году. Перакладам займаецца прадусар беларускай службы "Радыё Швэцыя" Зьміцер Плакс. Беларуская "Піпі Доўгаяпанчоха" будзе надрукаваная з малюнкамі Інгрыд ван Нюман.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG