Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ад рэпартажаў расейскага ТВ уражаньне, што ў Грузіі грамадзянская вайна”


Радыё Свабода Надзвычайнае становішча ў Грузіі будзе адмененае праз-два тры дні. Пра гэта паведаміў намесьнік дзяржсакратара ЗША Мэцью Брайза пасьля сустрэчы са сьпікерам грузінскага парлямэнту Ніно Бурджанадзэ. Тым часам грузінскія падзеі па-ранейшаму застаюцца адной з галоўных тэмаў многіх усясьветных каналаў.

Пра тое, як асьвятляе падзеі расейскае тэлебачаньне, сваім меркаваньнем у размове са Свабодай падзяліўся расейскі аналітык, дырэктар маскоўскага бюро Heritage Foundation Яўгені Волк.

Амаль кожны выпуск навінаў на расейскіх тэлеканалах за апошнія два тыдні пачынаецца з паведамленьняў пра Грузію. У якасьці галоўных карцінак – зьбітая апазыцыя або супраціўнікі Саакашвілі, якіх перасьледуюць паліцыянты, а таксама кадры, зьнятыя 8 лістапада, калі супраць дэманстрантаў выкарыстоўваліся гумовыя кулі, сьлезацечны газ.

Як лічыць дырэктар маскоўскага бюро Heritage Foundation Яўген Волк, з рэпартажаў расейскага тэлебачаньня ствараецца ўражаньне, што ў Грузіі пачалася грамадзянская вайна. Паводле ягоных словаў, такое асьвятленьне грузінскіх падзеяў ёсьць нічым іншым як адлюстраваньнем пазыцый Крамля:

“Лічу, што перабольшаньне ролі апазыцыі і перабольшаньне захадаў у справе навядзеньня парадку – гэта два галоўныя аспэкты падачы грузінскіх падзеяў на расейскім тэлебачаньні”.

Паводле Яўгена Волка, ва ўсіх тэлерэпартажах журналісты нібыта маюць на мэце дыскрэдытаваць рэжым Саакашвілі і стварыць уражаньне, што цяперашнія пазыцыі ягонай каманды вельмі няпэўныя:

“Матэрыялы носяць такі праапазыцыйны характар і хочуць дыскрэдытаваць ягоны рэжым, стварыць уражаньне, што ягоны ўрад вельмі хісткі і што большасьць насельніцтва Грузіі знаходзіцца ў апазыцыі”.

Як кажа Яўген Волк, для значнай большасьці расейскіх грамадзянаў тэлебачаньне – адзіная крыніца інфармацыі. Гэта і ёсьць прычынай, чаму Пуцін і Крэмль хочуць усталяваць жорсткі кантроль над электроннымі СМІ. У сытуацыі з асьвятленьнем падзеяў у Грузіі, Крамлю, праўдападобна, удаецца дасягнуць сваёй мэты. Вось тыповыя меркаваньні мінакоў на маскоўскіх вуліцах:

“Мне не падабаецца Саакашвілі. Ягоная палітыка не адпавядае таму, што патрэбна Грузіі. Трэба з намі сябраваць, а не з Амэрыкай”

“Лічу, што маё меркаваньне не адрознае ад іншых. Тым, што адбываецца ў Грузіі, мы не задаволеныя. Калі людзей зьбіваюць і ледзь не забіваюць, пра якую дэмакратыю можна ўвогуле гаварыць?”
XS
SM
MD
LG