Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як жывуць у Магілёве інваліды зроку?


Радыё Свабода, Магілёў У Міжнародны дзень сьляпых, які адзначаецца сёньня, магілёўскае ўнітарнае прадпрыемства Таварыства інвалідаў па зроку “Ціфлос” хвалюе продаж вырабленай прадукцыі, а людзей, якія жывуць у раёне кампактнага пражываньня сьляпых, — неўпарадкаванасьць дваровых тэрыторыяў.

У Магілёве раён, дзе жывуць інваліды, якія кепска бачаць, пачаў фармавацца ў пяцідзясятыя гады мінулага стагодзьдзя вакол спэцыялізаванага прадпрыемства для невідушчых.

Цяпер гэта прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Ціфлос”. На ім працуе 500 чалавек, больш як палова — інваліды зроку.

Намесьнік дырэктара прадпрыемства Валер Карпенка лічыць, што інвалідам зроку найперш патрэбная работа — і тады яны будуць задаволеныя жыцьцём.

А каб прадпрыемства працавала, кажа спадар Карпенка, галоўнае — збыт прадукцыі:

“Ва ўмовах рынку бывае цяжкавата. Калі раней у савецкі час мы павінны былі згодна з плянам Савету міністраў працаваць, то цяпер рынак — самі павінны і вырабы знайсьці, якія выпускаць, і самі знайсьці рынкі збыту”.

Прадпрыемства выпускае плястмасавую электрычную апаратуру, мэталёвыя вырабы ды мэблевую фурнітуру.

Раён, дзе жывуць сьляпыя людзі й іхныя сем’і, у асноўным забудаваны старымі маласямейнымі дамамі. У некаторых дамах няма прыбіральняў — яны ў двары, і ўлетку ў дварах невыносны смурод.

Мясцовыя невідушчыя людзі на сваё жыцьцё не наракаюць. Пэнсіі на пражыцьцё хапае. Пра заробак ня кажуць. Непакоіць, аднак, іх неўпарадкаванасьць дваровых тэрыторыяў. Кажуць, што яны забытыя богам і домакіраваньнем.

Вось некаторыя меркаваньні:

Спадар: “Я ня ведаю, усе дамы ўпарадкаваныя. Во паглядзіце, якія ў нас лаўкі. Самі гародзяць, каб пасядзець. Было тут няблага. Мы ў гэтым доме жывем з 1966 году. З часам усё паламалі. Было тут добра пабудавана — і столік і лавачкі. Усё алькаголікі пазьнішчалі, усё паламалі, парвалі. Проста барбары. Усе ўляглі ў віно, хто ў гарэлку. Страх падумаць”.

У жыльлёвым рамонтна-эксплюатацыйным участку паведамілі, што зьбіраюцца ўпарадкаваць тэрыторыю кампактнага пражываньня сьляпых да 2010 году:

“Ёсьць плян, ёсьць плян фінансаваньня. Ёсьць такая праграма. Сёлета крыху асфальтавалі. Другое — там рамонт усіх агароджаў ды парэнчаў. Я так скажу, што ўсё ўпіраецца ў фінансы, якія расьпісаныя да 2010 году”, — зазначыў “Свабодзе” загадчык аддзелу ўпарадкаваньня участку Анатоль Патупчык.

На Магілёўшчыне каля двух тысяч інвалідаў зроку. У аблвыканкаме кажуць, што сытуацыя зь невідушчымі людзямі на Магілёўшчыне неблагая. Адмена льготаў інвалідаў асабліва не закране. Ім пакінулі жыльлёва-камунальныя льготы ды бясплатнае санаторнае лекаваньне.

Месяц таму жыхары раёну сабралі 2000 подпісаў, каб ня зносілі мясцовага рынку “Дубравенкаўскі”. Кіраўніцтву магілёўскай абласной арганізацыі Таварыства інвалідаў зроку давялося ісьці да старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Віктара Шорыкава і тлумачыць яму важнасьць рынку для невідушчых людзей. Пасьля гэтага візыту пастанову пра знос рынку адмянілі.

Магілёў, 13.11.2007. Як жывуць у Магілёве інваліды зроку? Дарога сьляпых людзей. Ходнік агароджаны паручнямі Дарога сьляпых людзей. Ходнік агароджаны паручнямі

Магілёў, 13.11.2007. Як жывуць у Магілёве інваліды зроку? Двор, дзе жывуць сьляпыя людзі Двор, дзе жывуць сьляпыя людзі. У сярэдзіне прыбіральня і напаўразбураныя гаспадарчыя пабудовы сьляпых людзей

• Магілёў: “падарунак” улады да Міжнароднага дня сьляпых, 24.10.2007
XS
SM
MD
LG