Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Злотнікаў: прэзыдэнт разумее, што сытуацыя залежыць не ад ураду


Алесь Дашчынскі, Менск Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падчас сёньняшняй нарады ў пытаньнях сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны скрытыкаваў дзейнасьць ураду. Ён заявіў, што за мінулыя дзевяць месяцаў ня выканалі шасьці зь дзевятнаццаці важных парамэтраў прагнозу.

Сёлета, сярод іншага, не выконваецца прагноз тэмпаў росту вытворчасьці харчоў, абмежаваньня тэмпаў росту імпарту і станоўчага сальда замежнага гандлю.

“Мне здаецца, што ўрад у цэлым — фінансавы і сілавы блёкі — пачынаюць абрастаць тваньню”, — сказаў кіраўнік Беларусі.

Паводле А.Лукашэнкі, паўтарэньне аднаго і таго ж з году ў год “робіць уладу пасьмешышчам”.

Аднак кіраўнік Беларусі не хацеў бы “прыбягаць да прынцыпу ратацыі кадраў”.

Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, кіраўнік краіны разумее, што сытуацыя залежыць не ад ураду:

“Не ад ураду залежаць расейскія цэны, не ад ураду залежыць падвышэньне цэнаў на харчы на ўсясьветным рынку. Наагул, ён ведае, што ад яго залежаць тыя меры, якія прымае наш урад. А не ад Сідорскага. Каго б ні паставілі, усё роўна ён будзе праводзіць тую палітыку, якую будзе задаваць прэзыдэнт”.

Паводле эканаміста Аляксандра Патупы, згаданыя А.Лукашэнкам паказчыкі прымаліся ў крыху іншых умовах, бо на пачатку году адбыліся істотныя рэсурсныя зьмены.

Чаго ж чакаць звычайным грамадзянам ад эканамічнай палітыкі?

“Мы бачым рост кошту рэальнага кошыку для спажыўца. Відаць рост цэнаў у харчовай сфэры, нягледзячы на рэгулятыўныя меры. Безумоўна, будзе рост камуналкі. Калі людзі атрымаюць сьнежаньскія жыроўкі, яны ўжо зразумеюць, што робіцца.

Мяркую, што ў наступным годзе камуналка будзе выводзіцца на стопрацэнтную аплату, бо дзяржава ня зможа падтрымліваць гэтай сфэры. Жыцьцё даражэе, і грашовыя стасункі робяцца больш жорсткімі. Нам, здаецца, патрэбныя больш радыкальныя зьмены эканамічнай палітыкі”, — мяркуе эканаміст Аляксандар Патупа.
XS
SM
MD
LG