Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У калёніі Андрэю Клімаву вярнулі адабраныя месяц назад харчы


Алег Грузьдзіловіч, Менск Ад палітвязьня Андрэя Клімава ужо болей за тры тыдні няма зьвестак з Мазырскай калёніі. Між тым міліцыянты заяўляюць, што “сытуацыя з Клімавым цалкам нармальная”.

Жонка Андрэя Клімава Тацяна непакоіцца: апошні ліст ад мужа атрымала яшчэ ў сярэдзіне кастрычніка.

Пры канцы мінулага тыдня Тацяна даслала Андрэю тэлеграму з просьбай тэрмінова паведаміць пра сваё здароўе. Такую ж тэлеграму ў Мазырскую калёнію накіравала сыну Ала Клімава, маці палітвязьня. Адказу таксама не атрымала.

13 лістапада апошнімі зьвесткамі пра Андрэя Клімава падзяліўся выканаўца абавязкаў начальніка Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Юры Баранкоў. Паводле міліцыянта, “сытуацыя з Клімавым цалкам нармальная”:

“Нічога надзвычайнага там няма. Учора я размаўляў з начальнікам калёніі. На яго імя Клімаў напісаў заяву, у якой сам ўсё абвяргае. Сапраўды, спачатку, як ён прыбыў у мазырскую калёнію, у яго забралі харчы для праверкі, бо яны не былі ўнесеныя ў вопіс. Але цяпер праверку завяршылі, харчы вярнулі. Ад яго няма прэтэнзіяў з той нагоды, што яму не аказвалі мэдычнай дапамогі”.

Юры Баранкоў ня ведае прычын, чаму сваякі Андрэя Клімава не атрымліваюць ад яго лістоў. “Ніякіх абмежаваньняў ліставаньня для яго няма”, — сказаў прадстаўнік Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў.

Жонка палітвязьня Тацяна Клімава сумняваецца, што гэтая інфармацыя праўдзівая:

“Калі ўсё так добра і прэтэнзіяў няма, то чаму Андрэй не адказвае на тэлеграмы? Зразумела ж, што мы дасылаем тэлеграмы не ад добрага жыцьця, што чакаем тэрміновага адказу, а яго ўсё няма”.

Тацяна Клімава нагадала, што ў яе мужа хворае сэрца, а таксама парушэньні ў складзе крыві – блізкі да цукровага дыябэту стан. З-за гэтага Андрэю Клімаву патрэбна адмысловае харчаваньне, але жонка палітыка ня пэўная, што яго могуць забясьпечыць у калёніі.

Днямі Тацяна Клімава даслала мужу бандэроль з харчамі доўгага захоўваньня, якія неабходныя пры ягонай хваробе.

Андрэя Клімава асудзілі на два гады зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму — за антыўрадавы артыкул у інтэрнэце. Паседжаньне суду было закрытае, таму падрабязнасьці справы невядомыя.

Адрас Клімава ў калёніі: 247760 Гомельская вобласьць, г. Мазыр. ІК-20 Клімаву Андрэю Яўгенавічу

Ад канца 1990-х гадоў гэта ўжо трэцяе пакараньне Андрэя Клімава — міжнародныя арганізацыі прызналі яго вязьнем сумленьня.

• Апошні ліст ад сына Ала Клімава атрымала два тыдні таму, 12.11.2007 • У Андрэя Клімава ў калёніі адабралі ежу, якую ён прывёз з сабой, 2.11.2007
XS
SM
MD
LG