Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская кампанія першая заявіла пра гатовасьць будаваць у Беларусі АЭС


Расейская кампанія першая заявіла пра гатовасьць будаваць у Беларусі АЭС Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб будаўніцтве атамнай электрастанцыі. Дзеля гэтага ў Міністэрстве энэргетыкі ствараецца дырэкцыя будаўніцтва АЭС. Навуковае суправаджэньне ў працэсе будаўніцтва даручылі Аб’яднанаму інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў у Соснах пад Менскам. Неўзабаве беларускі бок мае заявіць пра адкрыты тэндэр на будаўніцтва станцыі.

Увесьці ў эксплюатацыю першы блёк АЭС плянуецца ў 2016 годзе, другі — у 2020-м. Прыблізны кошт станцыі — 4 мільярды даляраў.

У Міністэрстве энэргетыкі спадзяюцца, што з выхадам на поўную магутнасьць другога блёку АЭС Беларусь зможа зьнізіць спажываньне прыроднага газу на 5 мільярдаў кубамэтраў — на чвэрць штогадовай патрэбы ў гэтым паліве.

Ці могуць АЭС пабудаваць не расейцы?

Сёньня намесьнік старшыні прэзыдыюму Нацыянальнай Акадэміі навук Пётар Віцязь заявіў, што неўзабаве абвесьцяць адкрыты тэндэр на праектныя і будаўнічыя працы.

Ён жа падкрэсьліў, што без Расеі ў будаўніцтве не абысьціся. Сярод іншых кандыдатаў найчасьцей называюцца фірмы з Францыі й ЗША.

Загадчык лябараторыі Аб’яднанага інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў Уладзімер Скурат кажа, што пакуль складана прагназаваць, якому праекту ўрэшце аддадуць перавагу:

“Пакуль не магу нічога сказаць пра перавагі, гэта пытаньне досыць складанае. Натуральна, што нейкая і ад Расеі дапамога запатрабуецца, хоць не абавязкова, што будзе менавіта расейскі праект.

Да прыкладу, падрыхтоўка кадраў. Безумоўна, удзел Расеі тут проста неабходны. Ужо цяпер ёсьць цэлая праграма падрыхтоўкі кадраў, найбольш у ёй задзейнічаны БДУ, Нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт і Сахараўскі ўнівэрсытэт. Праграма, паводле якой вядзецца праца ў справе падрыхтоўкі будаўніцтва АЭС, існуе, і яна выконваецца”.

Вышукальныя працы ідуць на дзьвюх пляцоўках, абедзьве ў Магілёўскай вобласьці — Краснапалянская ў Чавускім раёне і Кукшынаўская ў Шклоўскім.

У Міністэрстве энэргетыкі заяўляюць, што канчаткова выбар агучаць да канца 2008 году.

Ці ажывіць АЭС забруджаны рэгіён?

Начальнік аддзелу Чавускага райвыканкаму Ўладзімер Зелянкоў спадзяецца, што АЭС пабудуюць менавіта ў іх раёне, і гэта ажывіць пацярпелы ад чарнобыльскай аварыі рэгіён:

“Разьлічваем, канечне. Бо з гледзішча разьвіцьця эканомікі рэгіёну гэта вельмі важна. Але нічога новага ў гэтым пытаньні для нас пакуль няма, усё на старым узроўні, ідуць вышукальныя працы, а пра вынікі нам нічога не паведамляюць. Канкрэтнасьці, на жаль, ніякай”.

Кіраўнік Беларускага сацыяльна-экалягічнага саюзу “Чарнобыль” Васіль Якавенка выступае пасьлядоўным праціўнікам будаўніцтва АЭС у Беларусі.

Ён мяркуе, што далучаныя да справы структуры кіруюцца ня толькі дзяржаўнымі інтарэсамі:

“Я сустракаўся з тымі спэцыялістамі неаднойчы. Гэтаму інстытуту яшчэ за савецкай уладай давалі вялікія грошы, каб толькі яны ўзялі рэактар за мяжой, пачалі будаваць. Канкрэтная сума называлася на нашых нарадах, калі размова ішла пра тое.

То бок, гэтаму інстытуту давалі наперад вялікую суму — толькі давайце, будуйце. Ну, вось яны і дзейнічаюць, актыўнічаюць”.

Сёньня кіраўніцтва расейскага “Атомстройэкспорта” першым заявіла пра гатовасьць удзельнічаць у тэндэры на будаўніцтва АЭС у Беларусі. Расейскі бок прапануе арганізаваць увесь працэс будаўніцтва станцыі.

• У Горацкім раёне зьбіраюцца правесьці мясцовы рэфэрэндум, 29.10.2007 • Беларускую АЭС могуць наблізіць да Эўразьвязу?, 6.09.2007
XS
SM
MD
LG