Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага: “Каля дзевяці гадзін вечара раптоўна было адключана вяшчаньне тэлеканалу НТВ”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 13 лістапада ў розныя гады мінулага.

“Оршанский вестник”, год 1917. Аршанская павятовая харчовая ўправа інфармуе: “Даводзіцца да ведама ўладальнікаў пірожняў, цукерняў, чыгуначных буфэтаў і інш. установаў, што калі ад 11 лістапада гэтага году ў іх установах будзе выяўлены продаж булак, печыва і наагул вырабаў з пшанічнай мукі, дык такія вырабы будуць бясплатна рэквізаваныя, а ўладальнікаў установаў прыцягнуць да судовай адказнасьці паводле 29 арт. у рэдакцыі часовага ўраду”.

“Беларуская крыніца” на гэтым тыдні 1927 году апавядае: “У нядзелю 6 лістапада, з прычыны сьвяткаваньня ў Саветах 10-х угодкаў бальшавіцкай рэвалюцыі, былі спробы выкліканьня ў Вільні камуністычных дэманстрантаў. Зраньня на рагу вуліцаў: В.Пагулянка і Пілсудскага пачала зьбірацца купка людзей і фармавацца ў паход. Паліцыя дэманстрантаў разагнала. Пасьля вечарам у розных куткох места, пераважна на прадмесьці, таксама былі спробы зладжаньня паходу. Аднак паліцыя ўсюды гэтыя паходы разагнала, не даючы ім сфармавацца”.

“Белорусская деловая газета” ў 1997 годзе адзначае: “Позьнім вечарам 9 лістапада ў Беларусі адбылася дзіўная падзея. Каля дзевяці гадзін вечара раптоўна адключылі вяшчаньне тэлеканалу НТВ — якраз за 30 хвілін да заплянаванай трансьляцыі фільму Марціна Скарсэзэ “Апошняе спакуса Хрыста”... Напярэдадні трансьляцыі супраць паказу фільму ў Расеі пратэставалі прадстаўнікі праваслаўнай царквы і разам зь імі — прадстаўнікі апазыцыі... Праваслаўная царква Беларусі за адмену трансьляцыі не выступала, але не хавае свайго задавальненьня з нагоды таго, што адбылося”.
XS
SM
MD
LG