Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Кватэр цяпер будуецца ў два разы меней, чым у 70-я гады”


Радыё Свабода Аляксандр Лукашэнка чарговы раз запатрабаваў зьнізіць кошт жыльля праз павелічэньне аб’ёму будаўніцтва. Даручэньне павялічыць будаўніцтва жыльля звыш закладзеных паказчыкаў кіраўнік дзяржавы даў у панядзелак у часе дакладу старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Пятра Пракаповіча. Ці рэальна павялічыць будаўніцтва? Ці могуць зьменшыцца цэны на жытло? Гэтыя пытаньні Віталь Цыганкоў абмяркоўвае з эканамістам Міхалам Залескім.

Цыганкоў: “За кошт чаго могуць быць павялічаныя магутнасьці будаўніцтва? Ці ёсьць фінансавыя ды іншыя магчымасьці будаваць нашмат больш, чым дагэтуль?”

Залескі: “Патрэба грамадзтва рухае ўсё наперад. У нас 31 працэнт насельніцтва жыве ў хатах, як у XVII – XIX стагодзьдзях. 55 працэнтаў жыве ў кватэрах. А астатнія хацелі б жыць у хатах і кватэрах. І гэта самы галоўная рэзэрва”.

Цыганкоў: “Такім чынам, попыт ёсьць. А што будзе ў якасьці прапанаваньня?”

Залескі: “Прапанаваньне ў нас цяпер на ўзроўні 1975 году. У 1970-я гады рабілі 10 кватэр у год на тысячу жыхароў. У 1980-я – 8 кватэр. У 2000-я – 4, сёлета зробім 5. Але гэта толькі палова ад таго, што будавалі ў 1970-я гады”.

Цыганкоў: “Але памеры катэр сталі большыя…”

Залескі: “Не, яны ня надта павялічыліся. Мэтраж вырас у сярэднім на кватэру мэтраў на 5-6 у параўнаньні з 1970-і. Бо цяпер попыт ідзе найперш на 1-2-пакаёвыя кватэры – у нас зьменшыліся памеры сем''яў, а элітнае жытло будуе невялікая частка людзей”.

Цыганкоў: “Дапусьцім, што дзяржава ўсё ж пачне будаваць больш жытла, а хто будзе гэтыя кватэры купляць?”

Залескі: “Тут мы ўсе трапляем на досыць небясьпечную каляіну. Будаўнічыя трэсты і прыватныя забудоўшчыкі бяруць пазыкі пад тое, каб пабудаваць новыя дамы. Пасьля гэтага яны пачынаюць прадаваць кватэры. Але грошай, каб купіць іх адразу, у людзей няма. Банкі ахвотна прапануюць браць пазыкі, бо гэта ім выгадна. Але, каб выплачваць банкам гэтыя працэнты, грамадзяне павінны ўвесь час павялічваць сваю прадукцыйнасьць працы. Ці будуць у нас такія тэмпы падвышэньня прадукцыйнасьці, каб мы маглі плаціць усе гэтае кола крэдытаў?..”

Цыганкоў: “Ці могуць зьменшыцца цэны на жытло пасьля павелічэньня аб’ёмаў будаўніцтва жытла, нават калі яно сапраўды адбудзецца?”

Залескі: “Мяркуючы з усяго, вялікіх зьніжак не чакаецца. У чарзе па жыльлё стаіць кожны 50-ы вясковец і кожны чацьверты гараджанін. Попыт не зьмяншаецца, прапанаваньне расьце нязначна. Таму ніхто на другасным рынку не імкнецца танна збываць гэтыя кватэры”.
XS
SM
MD
LG