Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дар’я Ліс: “Адсутнасьць выбару – апрыёры нэгатыў”


Аляксандар Уліцёнак, Менск Чарговы тыдзень у пятніцу галоўную тэму нашай праграмы будзе вызначаць грамадзкі рэдактар “Свабоды”. Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – 26-гадовая Дар’я Ліс – жыве ў мястэчку Залесьсе Смаргонскага раёну. Кожны дзень – да пятніцы – у нашым эфіры гучаць інтэрвію з грамадзкай рэдактаркаю тыдня.

Уліцёнак: “Што ў мястэчку Залесьсе самае папулярнае?”

Ліс: “У прыватнасьці, у нас нядрэнная бібліятэка”.

Уліцёнак: “Там усё так добра?”

Ліс: “Ёсьць дэфіцыт фінансавых сродкаў, каб выпісаць добрую прэсу, якасныя часопісы і нейкія сучасныя кнігі. Асабліва зь дзіцячай літаратуры. У нашай бібліятэцы няма “Гары Потэра”, але можна знайсьці шмат цікавага зь беларускай літаратуры”.

Уліцёнак: “Ну а якія газэты выпісвае бібліятэка?”

Ліс: “Самі бібліятэкары нічога не выпісваюць, гэта цэнтралізаваны працэс, і ў выніку многае з таго, што было раней, цяпер немагчыма пачытаць. Прысутнічае выключна дзяржаўная пэрыёдыка. Не хапае літаратурных выданьняў”.

Уліцёнак: “Як арганізавана ў Залесьсі падпіска на пэрыёдыку?”

Ліс: “Наколькі я ведаю, кожны паштальён павінен падпісаць энную колькасьць экзэмпляраў “Советской Белоруссии”, “Рэспублікі” і гэтак далей. Бясспрэчна, ёсьць у нас людзі, якім “Советская” падабаецца. А ёсьць тыя, хто аддае перавагу “Народнай волі”, якую яны і выпісваюць па сваёй ініцыятыве па-за межамі пошты”.

Уліцёнак: “А ты?”

Ліс: “Народную волю” чытаю ў інтэрнэце. Вельмі люблю часопіс “Дзеяслоў”.

Уліцёнак: “Якія сайты ты наведваеш часьцей за іншыя?”

Ліс: “Шмат блукаю ў інтэрнэце. Мне падабаецца сайт “Нашай Нівы”, заходжу на “Народную волю”, на сайты “Свабоды” і “Беларускага партызана”.

Уліцёнак: “У якія выданьні пішаш сама?”

Ліс: “Свободные новости-плюс” і ў “Нашу Ніву”.

Уліцёнак: “Наколькі папулярны ў Залесьсі інтэрнэт?”

Ліс: “У нас нядаўна паставілі хуткасны інтэрнэт. І ведаеце, гэтая паслуга карыстаецца вялікім посьпехам”.

Уліцёнак: “Твой журналісцкі досьвед, здаецца, пачынаўся ў смаргонскім друку?”

Ліс: “Я супрацоўнічала з “Новой газетой Сморгони”. Але яе задушылі, што вельмі дрэнна. Бо менавіта вакол такога выданьня ўтвараецца незалежніцкі, вольны культурніцкі асяродак. Дзяржаўная раёнка “Светлы шлях” ня можа запоўніць усіх прагалаў. А альтэрнатыва мусіць быць. Інакш вельмі дрэнна. Адсутнасьць выбару – апрыёры нэгатыў”.

• Дар’я Ліс: “Агінскі парадаваўся б за дзяцей…”, 12.10.2007 • Грамадзкі рэдактар тыдня – Дар’я Ліс, 11.10.2007

Найцікавейшыя матэрыялы панядзелка на сайце svaboda.org паводле Дар’і Ліс:

На Гомельшчыне моцны сьнегапад пакінуў без электрычнасьці больш за 350 паселішчаў Дачку асуджанай актывісткі Партыі БНФ спрабаваў завэрбаваць КДБ “Сама дзяржава вядзе да таго, каб беларусы нікуды не выяжджалі” Б.Фэрэра-Вальднэр: прысуд З.Дашкевічу супярэчыць каштоўнасьцям ЭЗ “Ракаўскі кірмаш” ад 1 студзеня не працуе з часткай прыватных прадпрымальнікаў
XS
SM
MD
LG