Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія экспэрты адзначаюць імклівы рост зьнешняй запазычанасьці Беларусі


Юры Дракахруст, Прага Днямі была абнародаваная справаздача Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, у якой аналізуюцца эканомікі транзытных краінаў – краінаў Усходняй і Цэнтральнай Эўропы, СНД і Манголіі. У разьдзеле справаздачы, прысьвечаным Беларусі, адзначаецца адносна нізкі ўзровень інфляцыі, запавольваньне эканамічнага росту і імклівае павелічэньне зьнешняй запазычанасьці.

Летась валавы ўнутраны прадукт Беларусі павялічыўся амаль на 10%. У першым паўгодзьдзі сёлета тэмп росту зьнізіўся прыкладна на 1 адсотак - да 8.6%, такі ж паказчык прагназуецца і па выніках году. Гэтае запавольваньне росту экспэрты тлумачаць пагаршэньнем умоваў гандлю з Расеяй, і як вынік – скарачэньнем вытворчасьці і экспарту нафтапрадуктаў.

У параўнаньні зь іншымі краінамі рэгіёну беларуская эканоміка дэманструе някепскія тэмпы росту, прагназаваны сярэдні паказчык росту ВУП у гэтым годзе складае каля 8% па краінах СНД, і каля 7% – па ўсіх транзытных краінах. Ва Ўкраіне і Расеі прырост ВУП чакаецца на ўзроўні 7%, у Беларусі – амаль на 2% болей.

Што да інфляцыі , то яна ў Беларусі сёлета складзе, паводле экспэртаў банку, 7.5%. Гэта на паўадсотка болей, чым летась. Сярод краінаў СНД гэта адзін з самых нізкіх паказчыкаў. У Расеі і Казахстане гадавая інфляцыя складзе 8.5%, ва Ўкраіне – 11.5%.

Разам з тым Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця зьвяртае ўвагу на вельмі трывожную тэндэнцыю – імклівы рост зьнешняй запазычанасьці Беларусі. За першае паўгодзьдзе зьнешні доўг краіны павялічыўся на 38%, дэфіцыт гандлёвага балянсу складзе па выніках году 6.5% ад валавога ўнутранага прадукту.

Прычына гэтага – рост цэнаў на расейскія энэрганосьбіты. Нізкія цэны на гэтыя рэсурсы падтрымлівалі хуткі эканамічны рост у Беларусі ў апошнія гады. Пакуль зьнешняя запазычанасьць Беларусі невялікая, яна можа знаходзіць зьнешнія крыніцы пазыкаў, але калі тэндэнцыя будзе працягвацца, макраэканамічная стабільнасьць можа пахіснуцца.

На думку экспэртаў банку, пры далейшым росьце цэнаў на энэрганосьбіты да сярэднеэўрапейскага ўзроўню ўрад Беларусі будзе вымушаны мяняць унутраную палітыку – перакладаць гэты рост цэн на хатнія гаспадаркі, скарачаць субсыдыі і мадэрнізаваць прамысловыя прадпрыемствы. Калі гэтага не адбудзецца, пэрспэктывы далейшага росту робяцца надзвычай няпэўнымі.

М.Залескі: Раней ці пазьней Беларусі давядзецца плаціць поўны кошт газу, 9.11.2007 Якія тэндэнцыі пераважаюць у беларускай эканоміцы?, 25.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG