Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як доўга Грузія будзе заставацца ў “дэмакратычным вакуўме”?


Алена Струвэ, Прага Прадстаўнікі ЗША, Эўразьвязу і АБСЭ, якія цяпер знаходзяцца ў Тбілісі, заклікалі грузінскія ўлады аднавіць дэмакратыю і неадкладна адмяніць рэжым надзвычайнага становішча. У сваю чаргу грузінскае кіраўніцтва паабяцала, што надзвычайнае становішча будзе хутка адменена хутка і што абвешчаныя прэзыдэнтам Саакашвілі прэзыдэнцкія выбары 5 студзеня адбудуцца ў адпаведнасьці з прынцыпамі дэмакратыі.

Наколькі хутка могуць быць выкананыя гэтыя абяцаньні? Адказаць на гэтае ды іншыя пытаньні, якія тычацца цяперашняй сытуацыі ў Грузіі мы папрасілі кіраўніка аддзелу дасьледаваньняў Грузінскага інстытуту грамадзкіх спраў Гіоргі Маргулешвілі.

Карэспандэнтка: Спадар Маргулешвілі, калі гаварыць пра абвешчаныя прэзыдэнтам Саакашвілі датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары – ці выбарчая кампанія ўжо пачалася?

Маргулешвілі: “Кампанія яшчэ афіцыйна не пачалася. Кампанія пачнецца толькі пасьля таго, як прэзыдэнт пакіне сваю пасаду. Парлямэнт, на жаль, падтрымаў працяг надзвычайнага становішча. І таму афіцыйны старт выбарчай кампаніі яшчэ ня дадзены. Дэ-факта ж, сама прэзыдэнцкая кампанія ўжо ідзе, але на тле надзвычайнага становішча, што самой сабой, не зьяўляецца ідэальным і дэмакратычным. Фактычна мы існуем цяпер у сытуацыі дэмакратычнага вакуўму, і ў гэтай рэальнасьці, у гэтай сытуацыі ўрад мае значна больш магчымасьцяў уплываць на электарат. Гэта недэмакратычна”.

Карэспандэнтка: “Але ж прэзыдэнт Саакашвілі ўчора паабяцаў, што хутка адменіць надзвычайнае становішча...”

Маргулешвілі: “Так, прэзыдэнт паабяцаў, што зробіць гэта хутка. Але ж мы чулі і да гэтага, што надзвычайнае становішча ня будзе працягнутае. Прэзыдэнт паступіў вельмі разумна, калі абвясьціў, што выйдзе на выбары, што надзвычайнае становішча будзе часовае і што ён хоча новы мандат. Гэта быў стратэгічна разумны крок.

Уся гэтая рыторыка прэзыдэнта, што гэта ён вырашае, а не міністры замежных справаў іншых краін, як ён заявіў – усё гэта паказваецца гадзінамі па нашым афіцыйным тэлебачаньні, фактычна яшчэ больш паглыбляе тыя праблемы, якія стаялі раней перад Грузіяй. Гэта вельмі кепскі фон для Саакашвілі. І наколькі доўга будуць зачыненыя гэтыя каналы “Імэды” ды “Каўкасія”, гэта будзе вельмі кепска для самога ж Саакашвілі”.

Карэспандэнтка: “У якасьці знаку рэальнай адмены надзвычайнага становішча незалежныя грузінскія аглядальнікі называюць аднаўленьне працы менавіта гэтых двух каналаў –“Імэды” і “Каўкасія”, якія ніяк – ні наўпрост, ні ўскосна – не кантралююцца грузінскім урадам. Паводле незалежных ацэнак, менавіта на такім тле грузінскія грамадзяне змогуць выказваць сваю дэмакратычную пазыцыю. Крыху іншае пытаньне ў гэтай сувязі. Наколькі грузінскі электарат увогуле гатовы да датэрміновых выбараў. Ці няма ў яго гэтак званай палітычнай стомленасьці?”

Маргулешвілі: “Я магу адказаць і з гонарам, і з радасьцю: ніякім чынам грузінскі выбаршчык палітычна ня стомлены. Грузінскае грамадзтва заўсёды актыўна ўдзельнічае ў палітычным жыцьці краіны, і гэтыя дні гэта прадэманстравалі. Грузіны лічаць, што яны зьяўляюцца стваральнікамі палітычных рэаліяў краіны. Фактычна гэта мы бачылі і ў кастрычніку, і ў лістападзе, калі грузінскае грамадзтва сьмела заявіла пра свой рашучы пратэст гэтаму канкрэтнаму ўраду.

Я думаю, што як толькі адкрыецца інфармацыйнае поле, мы ўбачым, наколькі актыўныя ня толькі радыкальныя сілы грузінскага грамадзтва, але і гэтак званыя кансэрватары, і нават самыя апалітычныя прадстаўнікі грамадзтва. Усе яны будуць выказваць сваю пазыцыю. Зразумела, гэта будзе сумбур, аднак я ня бачу ніякай стомленасьці. Падкрэсьліваю, што я выказваю сваё меркаваньне на падставе сваіх асабістых ведаў ды ўражаньняў, бо мы існуём ў сытуацыі інфармацыйнага вакуўму. Я магу сьмела сказаць, што цяпер значна больш грузінаў цікавяцца палітыкай у параўнаньні з тым, як гэта было, напрыклад шэсьць месяцаў таму”.

Карэспандэнтка: “Тэма сытуацыі ў Грузіі актыўна абмяркоўваецца слухачамі беларускай Свабоды. Вось так тэлефонны званок мы атрымалі сёньня:

“Грузіны ў Грузіі знаходзяцца ў сытуацыі выжываньня. Расейскія грузіны кормяць грузінаў грузінскіх. У Расеі цяпер грузінаў болей чым у Грузіі. Бо што трэба большасьці людзей? Мець працу, таксама мець хаця б мінімальна разумны заробак, каб было больш-менш бясьпечна там, дзе ён жыве, каб дзеці маглі вучыцца і гэтак далей. Дык вось у Грузіі гэтага няма”

Ці не маглі б вы пракамэнтаваць гэтыя словы? “

Маргулешвілі: “Ну, я магу сказаць, што ў цэлым я згодны з гэтай пазыцыяй. Я б толькі адзначыў, што мы існуем у рэжыме выжываньня як найменей 15 апошніх стагодзьдзяў, так што гэта для нас ня ёсьць нейкім адкрыцьцём. Таксама карэктна і тое, што большасьць грузінаў, асабліва маладых –і гэта трагічная інфармацыя для Грузіі – ня маюць магчымасьці працаваць у Грузіі. Прыкладна ад 700 тысяч да мільёна грузінаў зарабляюць да 2 мільярдаў даляраў у год – гэта паводле маёй уласнай неафіцыйнай інфармацыі – і за кошт гэтага могуць больш-менш жыць многія грузінскія сем’і. Нельга не пагадзіцца, што беспрацоўе зьяўляецца і эканамічнай, і сацыяльнай праблемай для грамадзтва. Гэта вельмі актуальна. Іншая справа, як яе вырашыць... Ні я, а таксама думаю, ні ваш актыўны слухач ня ведаем, як усё гэта вырашыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG